Выбрать главу

— Кацярына, замуж усё роўна трэба выходзіць — рана ці позна. Незнаёмы рыцар не каго небудзь, а менавіта цябе выбраў з многіх за жонку, не зважаючы нават на тое, што галавой можа паплаціцца за дзёрзкія ўчынкі. У Путрышках зараз пра цябе толькі і гавораць — старыя і малыя, а равесніцы зайздросцяць — яшчэ як. Дый муж — добра прыглядзіся — трапіў удалы! Чаго табе, дзеўка, трэба яшчэ? Мама падабралі б за зяця якога небудзь здэхлю з тытулам, вялікім статкам быдла, коней ды свіней, хіба ж было б табе лепш?

Шлюб прыняла, стоячы перад алтаром босая ўсё ў той жа, прывезенай братам з Кракова, мадзярскай бікешы ды ў начной кужэльнай кашульцы.

Праз два дні па слядах нашыя мяне знайшлі. Але — позна, ужо была прыпячатана да мужа боскім сакрамантам і разлу-чыць цяпер магло нас толькі неба альбо святы апостал у Рыме. Няважна, што з Янам Рудніцкім у сэрцах насілі розныя веры — Госпада Бога мелі таго самага, як і Божую Мацер ды яе Сына.

Тата з братам узялі натарыуса, вырабілі паперу на пасаг, прыклалі да яе рукі. Рудніцкі добра яшчэ іх напаіў, таксама выставіўшы за Путрышкі музыкантаў — цымбалістаў, кабзара, скрыпача, басэтлю, і гэта палічылі маім вяселлем, пасля чаго ў тым самым Жалудку я і надзела чапец замужняй.

Праз пару дзён прыехалі мама. Прывезлі чатыры металё-вых кубачкі, дзве плыткія талеркі, з паўкапы гліняных місак, збанкоў ды верцях, два мядзяныя падсвечнікі. Прывезлі заадно шэсць абрусаў, пасцель, дзве коўдры з тафты і пакрывала, вы-гафтаванае ў грэчаскія ўзоры. Жыві сабе, дачка!

З той пары мамы я ўжо больш і не ўбачыла, бо муж неўзабаве адправіўся на Падоле да Ярэмы Вішнявецкага атрымліваць абяцаны князем жолд — «пяць грывен ад пікі» ды ваяваць з туркамі і казакамі, а мяне, цяжарную, павалок з сабой.

Лічу, гэта і была мая фатальная памылка.

Жыццё там мелі мы зусім таннае, бо надта ж ура-джайныя землі. Найлепшы бычок каштаваў 40 грошаў, баран — 16, кабан — 14, гарнец піва — 6 грошаў, мёд па 15, кварта гарэлкі — 20, і Янавага жолду хапала аж занадта, бо ў грыўне, як Табе вядома, 48 грошаў, але ж не хлебам адным жыве чалавек, як гаворыцца ў Бібліі.

Мне трэба было ўпарціцца ды застацца ў Жалудку, тады ў нас з Табой, сынок, жыццё зусім іначай пацякло б, і я зараз галубіла б, напэўна, унукаў, а не кісла б у кляштары, а ты, дарагі сыне, не прападаў бы невядома дзе.

Нічога ўжо не адменіш».

Матчыны старанні і надзея

«Нарадзіла Цябе, сыночак, у Львове. Калі аднойчы прый-шоў на свет, не білі ў Цябе з галоўкі два праменьчыкі, як у прарока Майсея. і не гарэлі на лобіку свечачкі. Але ў гэты дзень Аксана — Твая нянька — бачыла над нашым домам белую галубку.

Нарадзіўся Ты ў мяне ружовенькім, крыклівым ды жвавым. Адразу прыдумала для Цябе слаўнае імя — Аляксандр, што на грэчаснай мове азначае абаронца людзей. Яно здалося найлепшым з мужчынскіх імён, бо такім хацела Цябе бачыць. У час хрышчэння кум — слаўны рыцар са сваёй жонкай, кумой, Тваёй ножкай дакрануліся да алтара, прыклалі да роціка шнур ад галоўнага звана ды правялі па Святой Кнізе.

Як толькі змагла падняцца, абышла ўсе храмы і перад алтарамі паклала столькі манет, колькі набраць магла ў жменю. У саборы Святой Ганны знайшла мудрага грэка-астролага і дала яму падарунак свякрушын, пачцівай і працавітай кабе-ты,— пярсцёнак з бурштынам, у якім Гасподзь Бог, відаць, за страшную кару ці па другой, невядомай нам прычыне навекі замураваў мушку.

Грэк адразу закрыўся на цэлую ноч пад купалам, паназіраў за ходам нябесных свяціл ды прыкінуў які ўплыў яны маюць і мець могуць на лёс майго сына. Затым заглянуў у гараскопы, складзеныя яшчэ калісьці князю Льву ды Аляксандру Македонскаму. Мудрэц таксама зірнуў у дом жыцця і смерці, у скапленне рухаў — праз чорнае, ружовае і белае шкло. Усё-ўсё паказвала, што не ў прыклад іншым, Цябе, мой сыне, чакала вялікая будучыня.

Ведай, надзея гэтая не згасла ў маім сэрцы да сённяшняга дня. Яе і зараз пешчу, з ёю кладуся і ўстаю, з ёю і жыву.

I Ты рос добрым ды ласкавым, бы дзяўчынка.

Памятаю, як аднойчы шыла, а Ты каля мяне гуляў. Укалола палец, і выступіла маленькая чырвоная кропелька. Ты так за мяне перажываў, што перад вачыма і зараз стаіць Твой засмучоны тварык ды жаласлівыя вочкі.

Сваімі шчокамі і цяпер памятаю Твае пацалункі — нясмелыя, даверлівыя і далікатныя, бы матылёк кранае крыльцамі кветку ці ластаўка чыркае па вадзе.

Божа, аж расплакалася, пішучы пра гэта, аж аддалася благасці слёз умілення. Але — хопіць. Бяру сябе ў рукі, сыне, і прадаўжаю сваю быліцу.

Такім Ты быў. Бацьку Твайму не давала Цябе ткнуць нават пальцам, бо Саламон вучыў — дзіця лупцоўкай не выправіш, крывое дзерава бі ці не бі, а толку не будзе: лепш прыглядзіся да яго, ад чаго яго крывіць.