Выбрать главу

— Пачакай, Кацярына. Неўзабаве выспевае нам усё, ты толькі не хвалюйся!

Так і здарылася.

Панамар адправіўся на Юрыздыку. Фрасанюкова жыла там у хаціне, чорнай ад копаці, дзе дымаходам была не печ, а дзірка ў столі. У суседак хітра выпытваў, што Фрасанюкова вечна сварылася з нявесткай — ела яе поедам. А калі маладзіца з сынам перабіраліся ў новы дом, перад тым як у ім пасяліцца, укінула для праверкі новай кватэры пеўня. Людзі бачылі, як звечара, рассыпаючы вогненныя стрэлы іскраў над дахам, у хату праз комін уляталі нячысцікі, а таго пеўня на другі дзень знайшлі на падлозе акалелым, бо адзін кур супроць цэлай зграі нячысцікаў не мае моцы.

I гэта было не ўсё.

Прыгледзеўся панамар да яе хаціны, а яна па язычаскім звычаі пабудавана. Пастаўлена так, каб у кожную пару года першыя прамяні сонца падалі на дзве сцяны ўсходняга нарожніка.

Адна суседка нават чула, як нявестка, сварачыся, дапытвала ў сваёй свякрухі — якія чары тая кінула на новую кватэру яшчэ, чаго маладзіцы з дзецьмі высцерагацца. I тады Фрасанюкова нявестцы прызналася:

— Ва ўсе куткі забіла чатыры кліночкі ды валасяніцы на іх павязала.

Яўхім адразу вярнуўся на званіцу, каб сабранымі навінамі напалохаць старую, ды бачыць — сцяна, куды баба пяліла свае вачыскі, уся інеем абсыпана. Бачыце, ужо бралася нават у кляштары штосьці вычаўпляць.

Чалавека агарнула злосць.

Ён бабе і аб'явіў — пойдзе зараз да лаўніка выдаваць яе за вядзьмарку і ератычку-язычніцу, а лаўнік ураз на чыстую ваду выведзе, ён з такімі ўмее абыходзіцца.

У нас цяпер, сынок, гэтак баб правяраюць — з дапамогай вады твораць суд боскі. Кідаюць з моста ў Нёман ды цікуюць. Калі адразу патоне, выходзіць, надарэмніцу на яе плялі, і дазваляюць на могілках ужо хаваць. Але, сынок, такія трапляюцца рэдка, бо людзі языкамі мянціць быле што не любяць, а вада, яшчэ калі яе крыху падкрапіць свянцонай, табе кожную дрэнь наверх выпіхне адразу,— каб яна невядома што рабіла, выкручваючыся. Выштурхне, каб невядома як упарцілася, каб зубамі нават за дно трымалася. Калі ж такая з вады пакажацца, з берага яе багром чапляюць ды валакуць на тартуры, адтуль — на агонь.

Яўхім Фрасанюковай і сказаў пра лаўнікаў. Ад сябе ж дадаў, што нават ведае, чаму ў яе сярод хаты пастронак вісіць — малако з яго цыркае ў дайніцу ды прадае гарадскім яўрэям.

А яшчэ чалавек дабавіў, на усенашнай у час хрэснага ходу не змагла, як не можа кожная іншая вядзьмарка,— тры разы абысці храм з бабамі. Абышла кляштар толькі два разы, а далей, хітруня, сябровак чакала на цвінтары ля брамкі, дзе протаіерэі пахаваныя. Панамар на ўласныя вочы бачыў, бо ўважліва сачыў увесь час за ёю са званіцы.

Тут старая змікіціла, што ёй цяпер аніяк не выкруціцца, і ад бяссілля ўпала на салому, стала біць яе кулаком, ірваць на сабе валасы, а тады расплакалася. Параўла, параўла, затым кінулася цалаваць нам рукі і ногі. А пасля пачала выкладваць пра ўсё-ўсё, што ведала і чула».

Інфармацыя Фрасанюковай і роздум Кацярыны

«Баба і размалявала, як Ты, сынок, у яе жыў да дзесяці гадоў, як заязджаў аднойчы Нічыпар, прывёз табе торбачку арэшкаў. Ты яму ўсміхнуўся, а ён Цябе ласкава ўшчыкнуў за шчочку. Баба галаву на памяць мела яшчэ добрую, памятала, шэльма, нават, якімі Ты хварэў болькамі.

Пералічыла і ўсе тыя зёлкі, што Табе бытта бы настойвала на кіпені і давала. Упамянула, якімі мазямі націрала, загавора-ным хлебам ад шалёных сабак карміла.

Было такое ці напляла? Бо знаёмыя з гэтага ўсяго смяяліся, раілі не даваць веры і мне апавядалі, якая з яе махлярка ды скупярдзяга.

Прынесла ад суседкі бытта бы грамнічную свечку, каб запаліць над паміраючым мужам святы агеньчык. Той, як на тое, доўга не адыходзіў, і яна з усяе сілы закрычала яму ў вуха, бо стары ўжо мала што і чуў:

— Ну, канай, халера на цябе! Хутчэй канай, бо свечка пазычаная, сам ведаеш!

Стане такая на зёлкі траціцца.

Найхутчэй летам заганяла вас гусей пасвіць, свіней даглядаць на выгане ці коз, а на зіму пасылала да млынара пад Кульбакі ці Ласосну мяшкі выбіваць. Альбо перла да мяшчан — дзяцей няньчыць ці на шабас у печы яўрэям паліць.

Зрэшты, мо дарэмна грэх бяру на душу, мо і трацілася...

Каб не памыліцца, я на ўсялякі выпадак за тое лячэнне і догляд сына заплаціла. I, вядома, не паскупілася. Крыўдзіцца не павінна. Аддзячыла залатым пярсцёнкам з заімглёным ізумрудам. Другі — за фатыгу дала нашаму панамару, бо што я, няшчасная ды слабая кабеціна, даведался б без яго? Мужчына ёсць мужчына, нядарма ўсе мы залежныя ад іх.