Выбрать главу

Раздзел чацвёрты

Галгофа

Яшчэ калі з нянькай Аксанай у пялюшках выносіла пад цень платанаў львоўскага старога парку сына, Кацярына не раз і не два чула, як такія ж прасталюдзінкі, бы яе Аксана, выгульваючы каля іх панскіх сабачак па алеях, з сумам цягнулі:

За річкою вогні горят, Там татары полон ділят, Сіло наше запалылы I багацтва разграбылы. Стару няньку зарубылы, А міленьку в полон взялы. А в долыні бубны гудут, Бо на зарыз людей вэдут. Коло шыі аркан вьется, I по ногам ланцуг б'ется...

Але і ў галаву тады не прыходзіла, ні разу і не снілася нават, што русінкі пяюць акурат пра яе.

Колькі татары валаклі іх на поўдзень, ёй і не вызначыць. Бо дні адразу зліліся з начамі, а тыдні з месяцамі. Усё змяша-лася ў адзін жах і якоесьці крывавае месіва. У памяці запалі адно аддзельныя віскі, бяссільны жаночы енк, адчайны лямант над пасечанымі шаблямі целамі, свіст нагаек ды дзікія выкрыкі заваёўнікаў, пасля якіх чалавек, не паспеўшы нават што-небудзь зразумець, бяздумна кідаўся ўбок, уперад, назад, а то і падаў на зямлю там, дзе стаяў, абхапіўшы галаву рукамі, утуліўшы шыю, з заміраннем сэрца чакаючы ўдару — таго, апошняга.

Яшчэ запамяталася Кацярыне, як цягнулі свае вузкія, бы змеі, галовы, пучылі пранізаныя сонцам, вачыска, дыхалі ў нос гарачынёй утробы, нездаволена чагосьці скалілі ў зялёнцы зубы, круцілі башкой, бытта і яны пералічвалі паланянак,— татарскія звітныя конікі з гнуткімі спінамі.

Запамяталіся голад, слабасць, закарэлы бруд, смага ды лёсавы пыл, пыл, пыл і пыл.

Яго пёр вецер.

Пыл валіў на іх клубамі з-пад шматлікіх босых ног ды капытоў скакуноў, адкормленых на паўднёвых травах, на якіх пад рыпенне сёдлаў і екатанне селязёнак гарцавалі вакол ашалелыя ад адчування сваёй сілы, маладога азарту, непака-ральнасці ды неабмежаванай улады татары.

Пыл засціў вочы, лез за каўняры, трашчаў на зубах, забіваў спрасаванай затычкай насы, горлы, забіваючыся аж у душу. Побач з імі скрыпелі і гэтаксама ўздымалі пыл двухкалёсныя павозкі альбо карэты, наладаваныя іхнім жа дабром з абрабаваных кватэр — посудам, абіццем пакояў, ходнікамі і дыванамі.

Часамі рукі бранкі мелі свабодныя — калі гналі іх табуном, бы гурт авечак,— тых, хто нядаўна прызвычаены быў да шыкоўных сукенак, белых пальчатак, выгоды ды меў ласае да заморскіх прысмакаў паднябенне.

Найчасцей яны былі павязаныя.

Чым іх толькі не вязалі!

Скручвалі канаплянымі вяроўкамі. Вінаграднай лазой. Ланцугамі. Больш за ўсё, мабыць,— звычайным лыкам. Сырамятнымі рамянямі. Вязалі нават перавяслам з трысцягу ці з саломы.

Было найгорш, калі іншы татарын скруціць рукі цецівой ад лука, і яна табе ўвап'ецца ў цела да жывога мяса.

А валаклі іх, звязаных, дакладна гэтак, бы калісьці цягнула за крыло Кацярыніна Аксана індыка да калодкі, і птушыная галава з чырвоным грэбенем падскоквала на камянах, але дзеўцы і бяды не было — усё роўна індыку канец.

Валаклі, як другая Кацярыніна дзеўка са швайкай у руках перла за нагу на кухню парася і яно ўжо не толькі трапятацца не здолела, але і вішчэць.

А ўсё тварылася ў гаме ды енку, калі часамі не разбіраў чалавек нават сваіх слоў.

I гэта адбывалася з жывымі людзьмі не ў часы Садома і Гаморы, нават не ў дапатопныя гады, а ўжо ў 7157 годзе ад дня стварэння свету і ў 1649 — ад нараджэння Ісуса Хрыста, Сына Усявышняга, калі яго вера разышлася ўжо па ўсім свеце.

Шчасце іхняе, чалавек, калі яшчэ малады, надта жывучы. Ніхто з іх і не ведаў, што можна аж столькі выцерпець.

Пад канец тае галгофы ім зрабілася ўсё роўна. Былі даведзеныя да такога стану, калі чалавечая істота пачынае ўзірацца на сябе ўжо бытта на чужога — глядзела на падзеі як бы збоку ці з гары і толькі слаба-слаба кумекала,— аднак усё, што бачыць, адбываецца наяву і менавіта з ёю, са знаёмымі дочкамі, жонкамі, нявесткамі ротмістраў, паручнікаў, харун-жых,— кабетамі, якія яшчэ нядаўна жылі ў дастатку, спакоі, ездзілі ў шыкоўных карэтах, запрэжаных для форсу ў дзве, у чатыры пары коней з лёкаем на прыступках. Іншая ленавалася нават ступіць на ганак сваімі выпешчанымі ножкамі, змалку прызвычаеная, каб гайдук, бы якую лялечку, выносіў з карэты.