Выбрать главу

— Калі допыт рабілі, я ж не што-небудзь, а Евангелле цалаваў! Пасля цалавання Святой Кнігі маю казаць — гэта не я, гэта зайцы кабылу з'елі?

Надзінаму тату на паляванні мядзведзь адгрыз нагу, і дзядзька Юрко цяпер замест яе выстаўляў драўляную. Ад абурэння ён аж стукнуў дзеравяшкай аб валун:

— I праўду людзі кажуць — у дурняў таксама вырастаюць зубы мудрасці, а дурні ад гэтага рзумнейшымі чамусьці не становяцца. Цьфу! Ну і што, калі яе цалаваў? А хто ведаў бы? Бог не сабака, каб бегаць па ўсіх вёсках, вёсачках ды хутарах за кожным чалавекам, прыслухоўвацца і паглядваць, дзе хто што скажа і вычаўпе! У яго райскіх спраў хапае!

Дзядзька Герасім паўзіраўся на яго са шкадаваннем.

— Чаго глядзіш так — мо няпраўда?

Асуджаны паківаў галавой ды паказаў на Надзю:

— Дачка у цябе унь дарослая, Юрко, а сам пляцеш немаведама што. Не сабака, вядома, каб лётаць за кожным з нас. Але ж ты не бойся, ён на Небе там бачыць усенька і ведае — нічога, што высока!

Надзін тата апусціў галаву. Мужыкі заківалі галовамі.

— У Каўбасіне Гаўрылін Стах парушыў прысягу, памята-еш, што было? Чума потым выкасіла на вёсцы ўсіх — і старых, і малых нават. Э-э, столькі народу мы з табой тады фурамі завезлі пад путрышскі лес ды закапалі на беразе Нёмана, хіба ж ты забыўся? Што, хочаш, каб зноў так?

Мужыкі Герасіму дапамаглі:

— За такое Багародзіца каменныя дажджы пасылае на народ!

— О-о, шчэ якія!..

— Альбо нашле хмары варон з жалезнымі дзюбамі і стальнымі кіпцюрамі! Унь спытай ідзі ў жыдоў, і яны табе раскажуць! Разгневалі аднойчы свайго Ягову, то параскідаў іх па ўсянюткім свеце, а землі іхнія туркам аддаў ды хрысціянам! З той пары і туляцца па зямлі, бы цыгане.

— Што было, тое было, халера на яго, праўда твая,— неахвотна здаваўся дзядзька Юрко.

— Ага, а ты мне кажаш. Аб гэтым каго хочаш спы-тай, тое самае пачуеш.

Мужыкі зноў задумаліся.

Герасім спадылба зыркнуў на аднасяльчан і цяжка ўздыхнуў:

— Лепш я адзін зраблю непрыемнасць сваёй плоці. Лепш сам нашлю на яе пагібель во зара, бо ўсё роўна паміраць калісьці трэба. Загіну цяпер, акраплю зямлю і я, бы Хрыстос наш Спасіцель акрапіў яе каштоўнай сваёй суравіцай.Затое душу ўратую, а гэта мне важней за ўсё. Я вам — не пустальга якая.

Мужыкі паўзіраліся на яго сур'ёзна, бы на святога. Нехта заўважыў:

— Раз так вырашыў, то, вядома...

— Шчэ там у рай трапіш...

— Гэта хай ён вырашае. Яму відней.

— Можа, і трапіць, а што думаеш? Хіба Герасім наш шкоду каму зрабіў хоць малую?

— Мухі не пакрыўдзіў!

— Пра гэта ўсім вядома!

— О-о, спытай каго хочаш, кожны скажа!

— Можа, і з самім Богам спаткаецца ды гутарыць будзе...

— Бога не пачуеш.

— Чаму?

— Гаворыць надта ціха і па-латыні. Альбо па-стараславянску. Герасім ні так, ні гэтак не зразумее.

— А-а...

— Затое зажыве там па-сапраўднаму, бо тут што меў?

— Нават бабы не нажыў.

— А от цікава, мужыкі, як там наконт гэтага? Хвіліну сур'ёзна ўсе думалі.

— Якось яно е-е, не кажы!..— праказаў дзядзька, чэшучы патыліцу.

— Не можа быць, каб і на гэта не прыдумалі там рады!

— I з нашымі неўзабаве спаткаешся, каторыя даўно пайшлі на Той Свет.

— Мажліва, і спаткаецца...

— Цікава, змяніліся яны там з выгляду?

— Напэўна. Твары белымі пасталі. I рукі, бы ў паноў, без работы.

— Памаладзелі недзе ўсе здорава!

Зноў змоўклі надоўга.

Затым буркнуў барадаты:

— Хто яго ведае, як там яно будзе. Пра тое, што робіцца на зямлі, не ўсё ведаем, а ўжо, што на Небе адбываецца, ведаем менш, чым мая кабыла.

— Дальбо, праўда. Пэўне, хіба што адное: хата твая дзецям ды ўнукам застаецца, калі ты іх, вядома, паспеў нажыць. Душа чорту перападзе. А грэшнае цела — чарвякам.

Дзядзька Герасім раптам з адчаем і візгліва агрызнуўся:

— А калі тое, пра што ўсе гавораць і што ў Святым пісанні стаіць, праўда, га? Калі там яно на Небе ўсё е ды чакае нас?

— Ен пераможна абвёў маўклівых мужыкоў вачыма:

— Мне тады будзе лепш!

— О-о, тады ты выйграеш, напэўна! — згадзіўся з ім і Надзін тата.

Зноў памаўчалі.

— А хто мае гэто рабіць? — нехта пацікавіўся.

Соцкі, цікуючы на дарогу, адным вухам прыслухоўваўся да іхняй гаворкі. Ен буркнуў:

— Не памятаю. Бо ў яго такое халернае прозвішча, што з марозу і не вымавіш!

Праз хвіліну мужыкі зноў загаманілі:

— Адно вочы закрый, калі кат будзе гэто рабіць.

— I скажы, хай сячэ адразу.

— Вядома, каб не мучыўся доўга.

— Сам ведаю. Толькі ж хіба панскаму цівуну загадаеш адразу ці пе адразу?