— Калі на кол убіваюць, то спецыяльна расцягваюць гэто надоўга. Яшчэ нават зеллем пояць розным, каб канаў не адразу і доўга вочы ім цешыў.
— Забаўляюцца, як кот з мышай.
— Як панскаму паслугачу ў галаву стрэльне.
— Гэтым не загадаеш.
— I не адпросішся, не выпрасіш.
— Але ж — паспрабуй!
— Паспрабаваць, вядома, можна.
Зноў запанавала маўчанне.
— I за што, падумайце, чалавека губіць — за бабра смярдзючага. Каб хоць была карова ці конь які...
— О-о, нашых жызняў яны не цэняць ані крыху, факт!
— Да ямаў, Герасім, хай цябе вядуць.
— Во -во. Там якраз гэто і рабіць — не заходна, пясочак знойдзецца адпаведны, побач долы, каб спецыяльна ямы не капаць.
— Але пахаваем цябе на могілках, ведай.
— Вядома, хіба станем ленавацца.
— То — дзякуй.
— А ты могілкамі не хваліся — шчэ як граф дазволіць: панская воля.
— Але, як яму ў галаву стрэльне.
— Будзем прасіць.
— А як забароніць наадрэз?
— Вядома, можа і забараніць. Шчэ загадаць можа — кшуць у лужыну на балоце, дзе канаплю вёска мочыць. I што, спрачацца з ім станеш? З-за гэтага і ў Аршаву не паедзеш. Ты, Герасім, тады даруй нам, зла на вёску не трымай на Тым Свеце.
— Але, не карай адтуль, шкадуй сваіх мужыкоў.
— Што вы мне трэліце, хіба ж я маленькі, сам не разумею?!
Праз хвіліну дзядзька ўспомніў:
— Юрко, ты з садка ў мяне шчэпы забяры. Дзецям яблыкі добрыя мецімеш.
— Ладна, выкапаю.
— Файныя шчэпы мецімеш.
— Дзякуй, Герасім, перасаджу, не клапаціся.
— Але, ты ўжо не турбуйся, мы тут ўсё-ўсё зробім як трэ, будзь пэўны!
— Кажуць, у Нямеччыне бабулі травы ведаюць, каб сцаліць пасечанага.
— Гэта — у Нямеччыне, а хто табе такую траву тут пакажа?!
— Што ўжо будзе.
— Але, воля боская.
Покуль мужчыны гэтак паважна і спакойна гутарылі, соцкі — Іван Кабыла — насцярожана кагосьці чакаючы, стаяў усё зводдаль, але болей удзелу ў размове не прымаў.
Да малых паступова пачало нешта даходзіць.
Дзядзька Герасім хоць жыў бабылём, чалавекам быў доб-рым. Малым прыносіў зайчанят, малых вавёрачак. Майстраваў ветрачкі ды прыбіваў таму, хто прасіў, на канёк хаты. Майстраваў і млынчыкі з дранак, а пасля навальніц ставіў разам з імі ў каляіны ды радаваўся, бы той малы, калі млынчык шалёна пачынаў круціцца.
Цяпер Кацярына з Надзяй зразумелі — менавіта гэтаму пачціваму чалавеку збіраліся ўчыніць штосьці кепскае. Якраз падкідыш шмыгнуў да дзяцей са шчанюком, але на дзяўчат-падлетак надышоў ужо такі страх, што на малога яны і забыліся.
Паказаліся графскія слугі.
Соцкі раптоўна ўстрапянуўся — нават адразу ўспомніў складанае прозвішча ката:
— О, пан Гедройц едзе нарэшце!
Парыпваючы новенькімі рамянямі сёдлаў і збруі, коннікі наблізіліся. Пярэдні страшны вусач, вымаючы з похвы шаблю, нездаволена моршчыў твар нібы ад таго, што яму — гэтак добраму ды шляхотнаму чалавеку — дасталася аж такая паганая работа.
Покуль яго сярдзіты конь стараўся разгрызці цуглі, Гедройц верхам пальца паспрабаваў вастрыё. Тады сіплаватым, мабыць, з перапою голасам, кінуў:
— Дзе тут той бандыт?
— Во ён, найяснейшы пане! — соцкі схапіў з галавы мегерку, нізка пакланіўся, тады тыцнуў кіем ды ўсім выразам твару даў зразумець, што таксама асуджае ўчынак браканье-ра.— Кошка Герасіма, ласкавы пане!
— А-а!..
На твары ката з'явілася грымаса гідлівасці:
— Ты, галгане?
Герасім прамаўчаў.
— Цябе пытаюся ці каго іншага?!
Герасім — зноў ні слова.
Сяляне, бытта не разумеючы, што кат з ахвярай іграецца, нібы кот з мышай, дружна пацвердзілі:
— Ён, пане, ён!
— Гэты самы чалавек!
— А хоць ведаеш, недарэка нямытая, за што цябе буду зараз паддаваць зкзекуцыі?
Герасім, не спяшаючыся, узняўся з бервяна. Даволі спакойна ўзглянуў на Гедройца, але зноў прамаўчаў.
Суседу хорам дапамаглі няпрошаныя памочнікі — каб не гнявіць ката, каб не было бяды яшчэ большай:
— Так!
— Чаму не разуме-е!
— Так, найяснейшы пане! — падтакнуў і соцкі.
— Не чую ад яго самога, адвакаты мне не патрэбныя! — зазлаваў ужо коннік.
I дзядзька зрабіў яму ласку. Вымавіў:
— Ну.
— То і добра! Будзеш цяпер ведаць, галгане, як парушаць нетыкальнасць князевага бору! Бачылі вы, гаўно смярдзючае,— прысудзіў сабе права князевых ловаў, ха! Хто ты такі, каб аж гэтак нахабна сябе паводзіць?!
Распаляючы сябе, Гедройц крануў повад каня, і той як шалёны, разганяючы курэй і парасят, развярнуўся на адным месцы, дзіка бліскаючы вачыма.