— Не чапай, сам вазьму!
— Але позна сказаў. Нагнуцца паспела ўжо ды з жахам убачыла на яго нагах капыты.
— Пра што ты гаворыш?!
— Ведаеш, Кацька, бы ў гадавалага жарабяці такія: жоўтыя і крэпенькія, як падпаленыя. Узняла вочы, а ў яго няма дзюрачак у носе! Як табе такое падабаецца? Толькі я ўжо ані крыху не спалохалася — і не падумала нават.
Кацярына слухала сяброўку і вушам сваім не верыла — няўжо перад ёю тая самая Ганна, яе апора? Аднак усё адбывалася не ў сне, а наяве.
Анюта памаўчала крыху, памаўчала, затым надта ж разважліва ды спакойна прадоўжыла:
— Разгінаюся з нажом, а ў кашары — пуста. Стаю сярод кашары ды трымаю венік з рысавай саломкі. Ненарокам зыркнула ў люстэрка, а там, ведаеш, зноў ён стаіць! З капытцамі, без дзюрачак у носе, шчэ і ўсміхаецца!
Кацярыну ўсю аж затрэсла:
— Хлусня! Выдумляеш! Трызніш! Не можа быць такога!!!
— А ты ўсё на верыш?
— Ну, скажы, што ўсё няпраўда?
— Не даеш ты веры. Э-эх, а яшчэ сяброўкай называешся! Праўда, мілая, праўда.
— Ніколі не паверу!
— Зірні пад сцяну на сляды ад капытцоў! Унь туды, за куфар, пад люстэрка!
— Не-е!! — з жахам рынулася Кацярына ў другі бок.
Супакоіўшыся, папрасіла:
— А што было далей, Анюта?
— Пасля люстэрка? Неўзабаве еўнух цябе прывёў, каб весялей хворай было. Больш відзення не мела.
Праз хвіліну, надта спакойна ды разважліва:
— Забіла майго чалавека на вайне, клікаць прыходзіў мяне на Неба.
Збітая з панталыку Кацярына віскнула ад сцяны:
— Глупства кажаш! Глупства! Намалола языком! Гародзіш чортведама што!.. Анютачка, мілая, родная, залаценькая, прызнайся, што ўсё тут нагарадзіла на сябе!
I кінулася цалаваць сяброўцы ногі. Тая не давалася:
— Супакойся, Кацярына. Ведаю, што кажу. I ведаю, куды лепш, чым ты. Не думай, не звар'яцела і белай гарачкі не маю. Во, прыкладзі руку да майго лба, бачыш?
— Не, галава не гарачая...
— Сама пераканалася. А ты памяркуй, чаго мне рэхат жа-баў нашых прысніўся? Не было, не было ніколі такога, а ў гэтую ноч — калі ласка, з'явіліся прыгажуні! Ды такі рэхат наладзілі! Сумны, галосны — яшчэ ў вушах стаіць!
— Але пры чым тут рэхат?!
— А што сны з жабамі прыносяць? Сама ведаеш! Я ўжо, Кацярына, нават Бога бачу і анёлаў.
— Не-е! Ты разумееш, што трэліш? Мо на цябе чары арабка накінула, трэ нам праверыць! Пазаўчора, калі дываны мылі на рэчцы, на цябе яна пяліла вачыска, як сава якая, сама заўважыла! Пяліла слепакі ды штосьці мармытала! З завываннем такім! Яшчэ я здзівілася — чаго ад цябе хоча, ці мо без'языкая? А яна — унь!!.
Кацярына сяброўку абняла:
— Ты, Анютачка, апамятайся і лепш памаліся — на іконку маю, яна памоцная! Увесь час была пры мне, таму я й выжыла! I падумай аб сабе, мажліва, ты прыхварэла, але не здавайся, Анька! Ну, занемагла крыху, здала ад гэтай гарачыні,— з кім не бывае, а я ў цябе на што? I чары здыму, пабачыш! Бо як жа тут адной на чужбіне мне заставацца?!
— Ты мне не раўня.
— Адкуль ты ўзяла?!
— Ведаю, калі гавару. У цябе сын е. Ты маеш пра каго думаць, на што спадзявацца і аб чым марыць, а гэта вялікая сіла. О-о, каб такое я мела таксама! У мяне ж быў адзіны Рыгор. Яго падчарыца — зусім чужы чалавек, мы з ёю раней не маглі знайсці падэйсця адна да адной, то ўжо зара, калі падрасла,— да яе нават не сунься. Усё Рыгора чакала — дума-ла, выкупіць, там яшчэ і дзеткі ў нас народзяцца. Нікому, на-ват табе не прызнавалася пра свае мары. Бадзёрылася, выпен-дрывалася перад табой, мондрай прыкідвалася, вясёлай ды бесклапотнай, а сама ўсё чакала і чакала. Ажно дачакалася — маеш. Няма каму ўжо грошы туркам слаць — не падчарацы ж рабіць гэта, малалетку. Адпала, Кацярына, апошняя мая надзея ды ратунак, адышла. Засталася для мяне тут пакута да апош-ніх дзён і смерць. На шчасце, Рыгор на той свет паклікаў. А, ба-чыш, памятаў там пра мяне, не забываў, нездарма яму вернай была.
Праказала ўсё спакойна і ўпэўнена, бытта з кніжкі якой прачытала, бытта паўтарыла за кім.
Пра тое, як Ганна збіралася на той свет
Паводле меркаванняў Кацярыны, ад недахопу руху, ад таго смуроду, скучанасці ды сквапных баб — у кашары і на рабоце, калі яны адна ў адной выры валі любую ношу ці даручэнне, каб толькі не швэндаць з пустымі рукамі, каб не сцебануў за гэта еўнух бізуном — у чалавеку скаплівалася надта многа шкодных сокаў. Супроць іх патрэбная была добрая знаходка, але ж — дзе ты яе возьмеш у Палесціне.