А Кацярына, і праўда, хоць сын за душой сядзеў, мела ад-душыну. Дый не абыякую — з такой і смерць была б краснай.
Бывала, убачыць здалёк караван вярблюдаў на барханах ды ўяўляе сабе, як малы пытае:
— Мамка, мам, а чаму тыя конікі па два разы згорбіліся?
Убачыць змяю і бытта чуе анельскі галасок:
— А завязаць вузялком, мам, ты яе мозас? Трапіць на вочы афганец з валасатай грудзінай і зноў ёй мроіцца сын:
— Ой, якія вусатыя грудзі ў дзядзькі! I на нагах вусы, і на плячах!.. Ма-ам, брытвы ў яго няма, праўда?
З балючай шчымлівасцю Кацярына ўспамінала бездапа-можныя ды родныя пальчыкі, якія абдымалі яе, калі малы шукаў абароны. З найвялікшай асалодай успамінала першыя яго кашулькі, сандалікі, цацкі і першыя словы, якія разумела толькі яна адна. Часамі ж закрывала вочы, і ёй здавалася — Алесік побач, чуе яго пах, дыханне, мяккасць валосікаў. Калі ж вочы адкрывала ды спахоплівалася, што вакол адбываецца, надта ўжо радавалася — дзякуй Богу, малога побач няма і гэтых жахаў бачыць не можа.
Яна часта плакала. Уцяшэннем для яе была думка, што раскажа сыну калісьці пра ўсе перажыванні. Уяўляла, як смяюцца з яе да слёз, а сын называе маці панікёршай.
У зорныя ж ночы, калі здавалася, ва ўсім свеце толькі — малы ды яна, Кацярына гадзінамі прастойвала каля лазовай сценкі — назірала праз шчыліны за небам. Бачачы, як падаюць леаніды, хутчэй загадвала, каб сын яе рос здаровенькім, шчаслівым і добра яму там недзе жылося. Нават сабе ўяўляла, як папраўляе коўдрачку, каб лепш яму спалася.
I тут раптам паляціць з неба залатая зорка. Ей ужо здаецца, сляза яе ўніз пакацілася — гарачая і агністая ад любві да малога. А праз момант з яе ўжо цурком ліліся сапраўдныя слёзы — крылы малітвы і віно анёлаў.
Усё гэта давала ёй новыя сілы, супакойвала, і пасля яна мела шчаслівыя сны.
Хай нязбыўныя былі тыя жаданні. Толькі ў іх знаходзіла вялікую асалоду. Калі ж у душы адчувала, што ж мары ўсяго сон, не спяшалася з прабуджэннем, і ёй было цярпіма.
А бяздзетная Анюта нічога такога не мела. Маўляў, гніль у ёй капілася, капілася дый заразіла кроў ад пят да галавы. Таму зараз Кацярына нарэшце зразумела, што сяброўка не жартуе, не храбрыцца і не прыбядняецца. Што калса цалкам сур'ёзна, бо думае гэтак і адчувае.
Кацярына надта ж устрывожылася.
А хворая яе атакавала:
— Кацька, я ведаю, за што Бог мяне так карае.— Божа,— малілася я, нягодніца,— калі Ты ўсё можаш, а на Небе сваім усё чуеш, Ты выслухай і мяне,— я ж ні чым перад Табой не зграшыла! Гасподзь пакрыўдзіўся, што засумнявалася ў Яго справядлівасці і пасылае кару. Кацька, мілая, калі надарыцца цуд, калі цябе выкупяць адгэтуль і дамоў забяруць, зрабі апошнюю паслугу. Вызбірай у горах мае костачкі ў мяшочак ці рукаў які, забяры з сабой і ў Верцялішках пахавай на могілках за вёскай, каля нашых!
— Шчэ што выдумай!
— Малю цябе на каленях, во!
— Уставай! Устань, сяброўка, зараз жа, што ты выдумала! Перастань ныць!
— Кацечка, даражэнькая, абяцай выканаць просьбу! Я табе рукі-ногі за гэта расцалую, толькі абяцай, Кацярынка мая! Падумай адно, я болей ні пра што прасіць цябе ніколі ніколі ўжо не стану — апошняе маё пажаданне выпаўні, падруга, а?
— Аня, мы вернемся разам!..
— Годзе, падруга,— я ўжо анёлаў бачу. Ты мне зубоў не загаворвай.
Кацярына, абяссіленая, змоўкла.
— Я ж з-за гэтага не панікую, і супроць Госпада Бога не іду, волю яго прымаю пакорна ды панясу дастойна, я ж не маленькая. Я так хацела дзетак нарадзіць, і Бог мне не даў, бо, мабыць, велькая ў яго грэшніца.
Зноў прыстала да Кацярыны:
— Малю цябе яшчэ — калі паміраць буду, прачытай нада мной нашую адыходную — верцялішскую ці сваю, з Путрышак.
Лячэнне
Назаўтра і шэйхавыя слугі заўважылі: Ганна захварэла ўсур'ёз. Каб выздаравела, еўнух адразу нявольніцу высек — гэта і сцябанне крапівой там лічылася першым лякарствам.
Кацярына з жахам глядзела, як ад бізуноў і крапівы Анюта счахла яшчэ больш.
I яна тады рашыла пусціць з хворай кроў. Але покуль сабралася, кроў у сяброўкі пайшла носам сама — хусцінка адразу зрабілася цяжкой, бы мяшочак з чорнай вадой.
Гэта менавіта Кацярыну нарэшце канчаткова пераканала: справы з Ганнай сапраўды кепскія.
Кацярыну агарнуў адчай. Растапіла крыху воску з агарка свянцонай свечкі, якую ўдалося пранесці цераз усю галгофу. Растопленае наліла ў халодную ваду, каб даведацца, што ў сяброўкі за хвароба і каб хоць убачыць тую бабу, што кінула каля рэчкі чары.
Воск нічога не паказаў, таму зрухаў на лепшае ў хваробе не было чаго чакаць.