Выбрать главу

Тады Кацярына ўспомніла, як мама лячылі тату ад суматухі, ды ўзялася да справы па-сапраўднаму.

Спатрэбіліся сырыя яйкі. Але тут нясушкі выпускаюць іх на распалены пясок, яйкі адразу робяцца крутымі, бы каменьчыкі.

I ўсё ж такі чатыры маленькія яечкі раздабыла. Далей было прасцей.

Трэба было ўзяць трыццаць вугалькоў у лазні ды, нічога нікому не кажучы, ні да кога не адзываючыся, каб цябе нават родны бацька пра што-небудзь пытаўся, каб нават маці абліва-лася слязамі, клічучы цябе ды заклінаючы, мусіш маўчаць. Павінен лічыць ад дзесяці да аднаго і тупаць па ваду. Каля калодзежа, кінуўшы тыя вугалькі ў поўны посуд, выпускаеш бялкі, старанна калбычаш кіёчкам жаўток. Затым бярэш рэша-та, прапускаеш праз яго бялок на парог ды прыгаворваеш:

— Як гэтая вада не трымаецца рэшата, хай так і ўрокі ды ўсялякая шкоднасць адстануць ад хворай! Уся пошасць хай пойдзе за Путрышкі і Сіняе Мора ды згіне, цьфу, цьфу, цьфу!

Але ж паспрабуй такое ўчыніць, калі кожны твой крок пад наглядам многіх вачэй. Усе такія ветлівыя, усміхаюцца, спачуваюць нават, а што ў іх наўме?

Аднак над Анютай гэта Кацярына ўчыніла — суседкі дапамаглі: полькі, славачкі, харваткі.

Учыніць яна, вядома, усё ўчыніла, а хворай нічога не дапамагло. Мажліва, яйкі тыя недастаткова моцы мелі, бо ў арабаў куры — бы наднёманскія вераб'і.

Тады яна пачала хворую карміць галубамі. Птушаня спачатку кідала ў вар, ірвала яго на кавалачкі. Затым трымала на агні, покуль галубяня не разварвалася на кашку. Для гэтага нават солі раздабыла. Крушынкі пасоленага ружовага мяска піхала шчыпчыкамі ад брывоў ёй у рот.

Бедная і гэтага ўжо не прымала — усю выварочвала.

Скура Анюты была як з цеста першагатунковай мукі, прасеенай цераз кісяю, замешанай на кароўім масле, а зараз цалкам збялела. На Анюце засінела кожная жылачка, валасы збіліся раптам у дробныя кудзёркі. А Кацярына добра ведала, валасы заўсёды так збіваюцца, калі ў мазгах палае антонаў агонь, як і ведала пра тое, чым гэта канчаецца.

Нічога не заставалася, як выклікаць лекара.

Сляды ад бізуноў на сяброўцы Кацярына старанна вымазала бальзамам з абляпіхінага алею нанач. Раніцой прысыпала пудрай.

I сталі яны чакаць. Кацярына старалася знайсці Анюце словы пацехі, але хворая, мабыць, нічога не чула. Была яна як святая. Глядзела кудысьці ўдалечыню, з вачэй ішло ненатураль-нае святло, поўнае радаснай мудрасці і спакою.

Вердыкт арабскага доктара Прыйшоў той самы лекар.

Малады прыгажун з чорнай бародкай і моцнымі ды такімі белымі зубамі, бытта цэлы ранак іх націраў мелам, старанна шліфаваў, а больш нічога сёння і не рабіў, з усмешкай зазірнуў хворай у вочы. Тады прыпадняў за раснічку века адное, другое і з той жа ўсмешкай, бытта збіраючыся Анюце падарыць залаты пярсцёнак з брыльянтам, безбародаму еўнуху аб'явіў:

— Гулям, слухай. Будзеш тры дні карміць яе капустай. Не дапаможа — забіць. Больш мне не дуры галавы.

— Будзе выканана, эфендзі! — пакланіўся да зямлі яму негр-еўнух.

I Кацярына пракляла тую Палесціну.

Божа, пры чым тая капуста, скажыце?!

Яна ж так на яго спадзявалася, чакаючы прыходу славутага лекара. Напэўна, таіла надзею і Ганна. Бо там, адкуль паходзілі сяброўкі, прызванне лекара — несці людзям міласэрнасць, даваць ім анёльскі спакой.

Да ўсяго — Юдава ўсмешка з белымі-белымі зубамі ды халодны бляск як бы не чалавечых, як бы вылітых з бялка ад курынага яйка вачэй з вялікімі карычняватымі зрэнкамі.

У Путрышках і зараз кажуць — бойся жанчын, каторыя гавораць скрозь слёзы. Так, жанчыны часамі хітруюць ды за слязамі старанна хаваюць сваю слабасць. А ў Палесціне бытавала такая пагаворка пра мужчын.

У Каране многа ад Бібліі. Гаворыцца ў ім і пра Ісуса Хрыста. Але скажы арабам, што Сын Божы, паводле Евангелля ад Лукі, у Нагорнай пропаведзі наказваў: «Будзьце міласэрныя, як і міласэрны Айцец наш»,— у галовы іхняе такое і не дойдзе. Будуць надта дзівіцца — пра што гэта гаворыцца?!

Разважаючы так, Кацярына падумала: шчасце, што бестыяў тых стрымлівае хрысціянства з палкамі адважных рыцараў. Сваімі жудасцямі залілі б яшчэ і Прынёманшчыну, бытта мала там сваіх бед.

Адным словам, мела рацыю старая нявольніца з-пад Нёмана, яе папярэдясваючы,— во каго трэба было найбольш баяцца. Што ж, Анюта была ўсяго нявольніцай таксама. Зрэшты, правы там мелі ўсе яны аднолькавыя.

Карацей кажучы, роўна праз тры дні ў чужой Палесціне развітаўся з жыццём самы блізкі Кацярыне чалавек. Як гэта адбылося, яна не назірала. Толькі чула за плеценай сцешсай слабы Анюцін ускрык ды бачыла, як чорны еўнух з залатым кольцам у носе над медным тазам потым адмываў кроў на руках, як белым ручніком выціраў свае па-жаночы пухлыя рукі, а пасля гідліва кіўнуў нявольнікам — выкіньце цела.