Выбрать главу

Нехта ўздыхнуў:

— Мы заўсёды чагосьці баімся. Нашаму беларусу-бацвінніку спутанаму — не прывыкаць.

— На гэта мы здольныя — цярпець ды маўчаць!

— Замест таго каб узбрыкнуць.

— Ды з гаспадаром пацягацца.

— А карысці з такога цягання многа? Каза з ваўком цягаліся, адны капыты засталіся!

— Халера, хто нас толькі не путаў, хто па нас не ездзіў! I менавіта крывёю такіх дурняў Карона заўсёды ваенныя пажары пасылала гасіць.

— А парадку ў ёй не было і няма!

— Толькі ў той краіне дабро і лад, дзе клопаты аднолькавыя — у караля і яго падданых. А ў нас? Усё якраз наадварот.

— Гаспадара няма.

— I не хутка, мабыць, будзе.

Жылі яны далёка ад роднага краю, але пра тое, што тварылася ў ім, ведалі дакладна ад палонных і бранак, якіх увесь час прыбывала і прыбывала. Падзеі на Радзіме чамусьці за морам усіх палонных хвалявалі куды мацней. Не дзіва, што цяпер, маючы аказію, землякі пра іх горача загаварылі.

— Панове, кароль Ян Казімір правіць яшчэ замала, каб даваць яму канчатковы вердыкт!

Увесь наструнены, як цеціва, Стэфан катэгарычна заявіў:

— I на выбарах урачыста шлюбаваў сваім падданым, як шлюбавалі ў час элекцыі мы яму! Зрэшты, кароль — толькі сімвал для нас! Вы думаеце, у французаў лепшы? А ў маскалёў?.. Памазанец божы, якога мы хоць і не любім, сцягвае нас да купы, а гэта дадае нам сілы! Той наносіць шкоду Кароне, Літве і Жмудзі, разбурае фундамент нашай Рэчы Паспалітай, хто зараз займаецца ачарненнем Яна Казіміра, замест таго каб глядзець у будучыню! Не дыспутамі, якія нічога не даюць, займацца нам трэба!

Стэфан меў нейкі сур'ёзны намер. Быў увесь рашучы і наструнены. Зыркнуў на бакі, пераканаўся, ці не падслухвае хто, аб'явіў:

— Панове рыцары, слухайце ўважліва, што вам тут скажу я — найстаршы па званні! Праз хвіліну — уцякаем!

У мужчын выцягнуліся твары. Ваўкавата азірнуліся ў бакі і яны.

Стэфан давай іх пераконваць:

— Альбо зробім гэта зараз і станем вольнымі, альбо застанёмся тут гэтак во спутанымі ды загінем марна на чужбіне, не пакінуўшы нават слядоў!

Кацярына ўскочыла ў трум, прыпала да акенца ды ўся ператварылася ў слых.

— Настаў той самы шанц! Толькі цяпер можам вызваліц-ца! Варункі стварыла самое Неба! Ахова зараз малая — бей на бераг забраў галоўныя сілы! Гэтых васьмярых гаўрыкаў пераб'ём, перасячэм канат з якарам і з суднам — ходу!

Усю гэтую сямёрку Кацярына ўжо менш-больш ведала. Як і Стэфан, былі яны з гарадзенскіх харугваў і нават у адным баі трапілі туркам у лапы. У палоне стараліся як маглі быць разам, дапамагаць адзін аднаму, што іх і ратавала.

Толькі Валковіч лічыўся амаль палякам. Астатнія беларусі-ны яшчэ з праваслаўя не паперахрышчваліся і нават не ўмелі добра гутарыць па-польску. Каб не калечыць мовы, часамі гаварылі па-латыні, якой, як усе рыцары на службе караля, валодалі выдатна.

Кожны з іх прайшоў агні і воды, даўна стаў бывалым чалавекам — поўным ведаў і вопыту. Кацярына вельмі паважала землякоў — сяброў па няшчасці. Пішучы ў кляштары свае ўспаміны, яна адкрыла страшную несправядлівасць.

Чаму па ўсіх наднёманскіх кляштарах ды манастырах хранікёры заносяць старанна ў кніжкі кожны прыезд у Гародню караля, князя ці іншага вяльможы, запісваюць нават цану на сена ды авёс, пародзістых кабыл, ганчакоў, шаблі і панцыры, а пра гэткіх асоб, з якіх кожная перажыла і бачыла столькі, што нават дзесяцярым каралям не снілася,— ні слоўца.

Ужо сама не ведала, як дагэтуль магла існаваць без сваіх ліцвінаў. Ёй надта хацелася, і ў паперах яна сына прасіла, каб ён збольшага хоць запамятаў тых слаўных вояў, што выбавілі яго мамуську з пекла. Каб памянуў іх сяды-тады добрым словам, калі ж загляне ў царкву ці касцёл, каб абавязкова памаліўся за наступных:

Лаўрэна Барысевіча з вёсачкі Прынямонь, што ляжыць каля самага Нёмана. Прайшоў агні, воды і медныя трубы, а потым у Італіі, беднага, падкасіла звычайная чума.

Грышка Багдановіча з Індуры. Калі потым ноччу на судне нёс варту, пачуў песню русалак. Скочыў, дзівак, да красунь у ваду, і болей яго ніхто не бачыў.

Міколу Гуза з Сапацкіні. Рыцар гэты даваў зарок есці, піць, спаць толькі стоячы і суровы зарок выконваў да самага палону на працягу двух гадоў, а з-за таго, бо пакрыўдзіў нейкую жанчыну. Худы, высокі, жылісты летуценнік. З-за пальмы Кацярына падслухала, як ноччу выліваў сябру свае адчуванні:

— Толькі на вайне моцна так любяць, не? Любіш да плачу. Калі бачыш, што змагаешся за незалежную справу, а вакол цябе б'ецца родная кроў, ці ж ты можаш устрымацца ад слёз умілення, не? Тады — да плачу любіш!