Выбрать главу

Ага, тут яны. Даўно ў мяне вывальваюцца з аправы. Сказаць мушу Яўхіму, каб занёс да майстра і адрамантаваў. Заўтра, каб не забыць, завяжу вузялок.

Свярбіць цела. Мушу схадзіць вечарам у лазню. Перад гэтым трэба на Сенным рынку купіць яек, каб перад лазняй жаўткамі пасмараваць валасы.

Другі вузялок завязваю, каб не забыцца пра рынак.

Як прызвычаілася ў арабаў да лазні, так без яе ўжо аніяк не магу. Яўхім справіў нам добрую, ды нашыя не надта прападаюць у ёй. Таксама ходзяць у лазню кожны тыдзень, але кашуль там не знімаюць...

Выводжу Табе, сынку, пра тое-сёе, можа, і не так, але ж для Цябе розніцы аніякай — усё роўна праўда. Ды от дзіва, пі-шу ў цяпле і дастатку, літары выводжу толькі трыма перстамі, а ноччу перад сном, ці Ты, сыне, паверыш, так усё цела ные, бытта цалюткі дзень ад Каложы да Замкавай вуліцы з агарода мяшкі капусты валачыла. I чаму так, каб хто сказаў?

Яшчэ адная боская таямніца.

Як далей уцякалі ад Садык-бея, добра памятаю, хоць потым столькі давялося перажыць новых жахаў, турбот і няўдач, што і сама сабе зараз не верыш — няўжо з табой, мілая, магло аж такое выдарыцца, няўжо ўсё тое перажыла?!

Ладна, бліжэй да справы».

Ашалелая стыхія

Судна гарадзенцы захапілі раніцой — толькі-толькі сонца набірала сілу. Пад вострымі, аднак ласкавымі промнямі, якія прабіваліся паміж хмарак, плылі яны цэлы дзень, і ніхто па дарозе ім не трапляўся, хоць Стэфан пасадзіў галерніка з люнетай на мачту выглядаць — у «бочку», як матросы тое месца чамусьці называюць, але Кацярына лічыла, больш было б справядлівым, калі б назвалі яго «бусліным гняздом».

Ноч для судна прайшла спакойна, только дабра не пры-несла. Рыцары тады і пачулі сярод начы прывабныя песні тых самых сірэн. Але скочыў да іх у мора толькі індурскі Грышко Багдановіч — янычары, прыкаваныя да вёсел, бачылі тое скаканне дакладна.

Яшчэ янычары гарадзенцаў дружна папярэдзілі — сірэны вабілі недарэмна, і калі ўцекачы зараз жа не павернуць назад, быць вялікай бядзе.

Так яно і атрымалася — лічыць Кацярына. А яны, дурні, не паверылі. Хітрыя туркі, маўляў, ашукваюць, бо аб свае шкуры дбаюць.

Пад вечар другога дня аднекуль з'явіліся рваныя хмары і мокры вецер, на моры ўзняліся валы, а судна пад вагой цяжкіх удараў хваль стала трэсціся, бы лупінка.

— Так, так, надвор'е не мёд — чарцям у такі час толькі на-раджацца! — як мага спакайней, каб яго каманда не паніка-вала, сказаў Стэфан.

I загадаў спусціць ветразі. Іх сяк-так звярнулі, але на здзіўленне, гэта не дапамагло. Гарадзенцаў усё роўна пачало гойдаць. Яшчэ і кідала ды ставіла судна грудзьмі супроць хваль, то кармой, але і гэта яшчэ была не бяда.

Неўзабаве стала іх паварочваць да хваль то адным бокам, то другім. Судна ўжо кідала, бы бездапаможнае карыта. Вадзяныя глыбы з цяжкім грукатам разбіваліся аб барты, і людзей абдавала салёнымі пырскамі, збіваючы з ног.

Нечакана перад імі штосьці паказалася. Бытта на Ніле паказаліся мокрыя спіны бегемотаў ды перагарадзілі ім дарогу. А гэта былі вялізныя, аблізаныя хвалямі валуны. Судна ляцела проста на іх, бытта цягнулі яго туды вяроўкамі.

Рыцары насцярожыліся.

Ад першага ўдару на судне ўсё перамяшалася і ўзнікла неразбярыха. Закаваныя янычары маглі вызваліцца ад вёсел і бунтароў перарэзаць. Таму ўсіх вольных Стэфан папёр на палубу, загадаўшы добра ўзброіцца. Падбадзёрыў:

— Трымацца там, панове! I памятайце, на моры і пры такіх умовах нават яшчэ ваююць ды атрымліваюць перамогу, ад нас жа патрабуецца толькі — утрымацца на плаве!

Але неўзабаве і гэтых людзей давялося вярнуць, каб адусюль выліваць ваду.

Ото ж была работа! Хто вычэрпваў яе вёдрамі, хто бочачкай, хто выліваў шаломам ці міскай, а рыцар Гуз Мікалай вычэрпваў нават ботам.

Старанні былі надарэмныя.

Да ўсяго наляцелі нізкія дажджавыя хмары. Узнялася ўжо віхура, а рэзкія і пякучыя зігзагі вогністых маланак густа ўспаролі ўсё неба. Як узвар'яцеўшы, бура гэтак стагнала і раўла, што не стала чуваць і вадзяных валоў. Гарадзенцаў толькі сляпілі бліскавіцы ды па тварах іх секлі вострыя кроплі.

Кацярына яшчэ ніколі не чула, ніколі не бачыла, каб аж так білі перуны ды мільгалі да рэзі ў вачах маланкі. Яна добра ведала — малашса ў час буры страляе зусім не ў чалавека, а ў нячысціка, які ў той момант за цябе хаваецца, але ж колькі трапляе так памылкова ў людзей, бо і Пярун — тая самая нячыстая сіла, толькі пасланая Богам, смаліць не надта разбіраючыся.

Тады магнітная гара і пацягнула судна на скалы.

Калі іхнюю чаропку хвалі загойдалі і яна затрашчала, бы скарлупіна ад арэха пад коламі, з Кацярыны так пачало рваць, што яна думала — нутро выверне.