Успомніў, колькі ўратавалася на другой і трэцяй лодках. Гаварыў штосьці яшчэ, але яна не слухала. Ёй раптам на душы зрабілася хораша-хораша.
Праз хвіліну яна ўзмацнела так, што ўжо сама, без дапамогі, выгодней уляглася на дне дошкі. Мора відочна супакоілася. Хвалі былі ўжо не страшныя — кацілі хоць і панура, але без надзеі, без той злосці і як бы пад прымусам.
Ляжала яна побач з распісанымі адмысловай інкруста-цыяй куфэркамі ды пугіналамі Садык-бея з золатам. Сярод мяшкоў з харчамі валяліся ды выплёўвалі з сябе марскую ваду — Лаўрэн Барысевіч з Прынямоння, Мікалай Гуз з Сапацкіні, Лук'ян Гаўрылавіч з Гібуліч, а са Свіслачы — Хведар Грэсь.
Добра яшчэ памятала, як нястомны Стэфан на іх накрычаў:
— Бабы вы, прошэн панства! Канчай займацца глупствам — дома будзеце дасыпаць ды вылежвацца!
Але сябры заставаліся ляжаць. Толькі Гуз Мікалай слабым голасам прамовіў:
— Нашрайбаваць бы запіску ды з бутэлькай пусціць па моры, людзі хоць даведаліся б пра нас, не?
Стэфан падаць духам не даваў:
— Такія паперкі ў залякаваных бутэльках выкідваюць толькі тыя, хто гіне і не мае ратунку, а мы — уратаваныя! Да работы, панове! Усім брацца за вёслы, бо не адолела нас маг-нітная гара, то лодку хвалі перакуляць, калі ёй сталы кірунак не будзем даваць! Пане харунжы, прашу, вазьміце люнэту і пазірайце час ад часу на мора! Уважліва прыглядайцеся! Не можа быць, каб усе тры лодкі так раскідала, што адзін аднаго не знойдзем!
— Слухаю, пан палкоўнік!
Неяк выйшла само сабой, сябры гэтае званне надалі Стэфану, і ён не пярэчыў.
Разважанні паланянкі пра боскую мудрасць
Што было праз паўдня, апісваць Кацярына не бралася, бо нічога не магла ўспомніць, хоць і напружвала памяць. Толькі выразна ўбачыла, што мора менш-больш супакоілася і пад яго праменнямі заблішчэлі хрыбты лагодных хваляў. А хутка сонца нават абагрэла, і яна ў кампаніі сваіх верных землякоў адчува-ла сябе шчаслівай.
Адышоўшы ад цягучай дрымоты, прыслухалася.
Ва ўключынах рытмічна паскрыпвалі вёслы. Гібулічскі Гаўрылін услых ляніва меркаваў — як размнажаюцца сірэны, таксама з ікрынак? Калі б такой ікры прывезці ў індурскія ставы, прыжыліся б? А чым тады русалак лавіць? Прывёў бы дадому такую хвастатую, з ёю яшчэ пяць меншых такіх самых з хвосцікамі, ну ж і раззявілі б бабы раты, і гаварыць мелі б аб чым!
Мужчыны адразу падхапілі:
— Фо, прыдумаў жа вацьпан! Яшчэ не хапала, каб такое паскудства і ў нас завялося — не дай божа!
— Не бойся, пан, не завядзецца. Русалкі могуць жыць толькі ў салёнай вадзе!
— А ў нас яна з тарфяным настоем. Мо ім якраз і спадабалася б!
— О-о, гэтага дабра ў нас да халеры — тарфяныя балоты ды багна!
— А дзе сушэй — пяскі ды камяніца!
— Я не раз думаў, як нашым людзям удаецца на такой зямлі выжыць?
Азваўся Барысевіч Лаўрэн:
— На гэта здольны толькі беларусы. Кажуць, калі Бог аддзяліў ваду ад сушы, насяліў свет і сеў пад смакаўніцу прыдумваць назвы рыб, птушак і звяроў, да яго прыімчаў запыханы архангел ды выпаліў:
«Пане Божа, над Нёманам Ты недаглядзеў і пакінуў усё, як было да стварэння Свету: камарыльню, крэкаць, валуны ды хмызнякі, хто ж там цяпер жыць зможа?»
А Госпаду якраз лень было ляцець туды ды разбірацца. Ён архангелу і аб'явіў:
— Нічога, братка, не хвалюйся. Пашлі туды беларусаў. Яны выжывуць там, яшчэ і дзяцей нараджаць стануць, каралям ды князям падаткі плаціць змогуць ды розным рабаўнікам пажыву давацімуць не малую».
— Так яно і выйшла.
Лаўрэнаву байку падхапіў гібулічскі Гаўрылін:
— А ведаеце, што было далей? Першы, хто трапіў беларусам на вочы ў новым месцы, быў чорт. Тыя надта ўзрадаваліся, што ім бытаваць у крэкаці і камарыльні не адным, і спыталіся:
«Ты заўсёды тут сядзіш ці выпадкова трапіў?»
«А вы?!» — агрызнуўся чорт.
«Нас Гасподзь Бог паслаў сюды пры Стварэнні Свету».
Чорт палагоднеў і прызнаўся:
«А я шмат дзе пракалясіў, покуль не асеў тут, у балоце. Думаў, вы праганяць мяне з'явіліся».
«Ладна, мы беларусы, людзі лагодныя і памяркоў-ныя, жыві сабе, хопіць месца і нам!»
— З той пары людзі нашыя і бытуюць побач з нячысцікамі і нават ладзяць.
— Яшчэ і дзяцей разам хрысцяць!
— А да іншага дзядзькі прыглядзіся, не разбярэш, хто ён. Рукі, бы капыты. Увесь аброслы. Толькі рогі не тырчаць!
Нехта з палёгкай уздыхнуў:
— Хвала богу, лічыце — уратаваныя!