Тым часам Лаўрэна Барысевіча з вёсачкі Прынямонь, якога пад Рымам потым, беднага, так недарэчы загубіла чума, маладая сіла аж распірала — нават скрозь голад.
Лаўрэн падаў голас:
— Эх, у нас цяпер на зайца з сокалам паляванне добрае! Раніцой выйдзеш з дому падрыхтаваны, а сакольнікі з рукавіцай на левай руцэ стаяць ужо ў рад і цябе чакаюць!
— Ты ўжо гаварыў пра іх, давай пра што-небудзь яшчэ! — не вытрываў сябар.
— Яшчэ? Прайсці б зараз, спадары, па цаліку пару гоняў, тропячы кабана! Упаляваць яго і на добры агонь! Засмажыць бы спачатку вантробу, затым лапатку, м-м-м!
Ад раптоўнага наплыву радасці, Лаўрэн ужо ўскочыў, развёў кулакі ды закрычаў на ўвесь свет:
— I цяпер — будзе гэта! Будзе! Дайце толькі час — будзе, будзе і будзе!
— Трэба спадзявацца, што так, толькі навошта гэтак бурліва,— спрабаваў супакоіць яго сусед.
Лаўрэна гэта не стрымала:
— Будзе! Будзе! У лясное гала на глушца, на аленя, на зубра сходзім! Адведаем раскошнай смажаніны — з дымком, падгарэлай, прапаленай ядлоўцам, м-м-м!!.
Лаўрэн затрос кулакамі:
— Што, стралялі па нас, бусурмане? Стралялі, а чаго дабіліся? Мы гэтаксама жывыя! Вязалі, путалі, у ланцугі закоўвалі, а мы — вольныя! Во, гэтая нага і гэтая — без нутаў! Русалак падсылалі ды іншую заразу — жывыя! Танулі ад магнітнай гары — выплылі ўсе з каламуці! Жылы з нас цягнулі на галерах — жывыя! Здзекі над намі строілі — выцерпелі! То цяпер будзем, як Ной, жыць да дзевяцісот гадоў, а то і болей! Перажывём, напэўна, і гэта! Так і глядзі неўзабаве бераг з'явіцца — няўжо гэтай цёплай лужыне канца-краю не знойдзецца? Быць такога не можа!
— Не кажы гоп, пане Лаўрэне, покуль не пераскочыш! — смеючыся, праказаў Стэфан.
— А я, пане палкоўнік, наперакор усяму, кажу і казаць буду — гоп! гоп! гоп! Чаму мне цяпер гэтага не гаварыць, пане Стэфан? На людзях — і смерць не страшная! Цяпер мы — як у баі! Я крычу — гоп! гоп! гоп!
Зноў лодка пад імі захадзіла і прымусіла ўсіх гарадзенцаў хапіцца за барты.
— Ведаеце, чаму Ягела столькі ўдалых воен правёў і да глыбокай старасці дацягнуў? Бо перад тым як пераступаць парог, кожны раз саломінку тры разы пераламваў і пяць разоў на пятцы перакручваўся. Прызнаюся вам, як на споведзі,— штосьці падобнае і я практыкую, таму нічога мяне не бярэ! I не возьме, ведаю, напэўна!
— Выдай, пан, сакрэт.
— Э, не-е, мая таямніца! Мне бацька яе паведаў! Зрэшты, калі ласка, магу яе адкрыць! Чортапалох, калючую траву з нашага падворка ўвесь час нашу ў кішэні! Таму і бяда мяне мінавала! Гэ-э, няхай зараз лезуць на нас, прошэн бардзо! А покуль што, выратаваныя усе мы! Чуеце? Вы-ыратаваныя! Уцяклі! Уця-клі-і! Ай да мы, ай да ціхоні, малапрыкметныя, мала кім заўважаныя якіясьці там бацвіннікі-беларусы з-пад захудалай Гародні, дзе апельсінаў з мандарынамі ніхто і не нюхаў! А хто ўцёк, скажыце вы мне?
У вачах Лаўрэна гарэў пераможны агонь, а сам быў адна рашучасць. Закрычаў:
— Ха-ха, тыя, хто пальмаў ніколі і не бачылі, толькі ядлоўчыкі ў сасонніку! Рэпаеды! Бацвінняеды! Спадары! Так нас абзываюць, а мы — во! Бо яшчэ князь Вітаўт на паляван-нях вучыў нашых прадзедаў упартасці, практыкаваў у іх вытрымку і згуртаванасць, цярпення і гарту, бы ў тых зуброў! Хэ-э, недарэкаватымі мы толькі прыкідвацца любім! Ці вам зразумела, беі, шэйхі, імамы і султаны чортавыя, еўнухі і прававерныя са сваімі муламі? А фігу вам! Думалі, нас ужо пакаралі цалкам ды парабкамі ўжо зрабілі? А мы вывелі ўсіх вас у дурні, во!
Ад выхадкі воя лодка захісталася яшчэ мацней, і ўсе мусілі хапіцца за борт.
— Ціха, ціха, пане харунжы, вады чарпанём. Мала пану было смяротнай небяспекі?
Але вой гэтаксама раптоўна абсеў ужю і сам — бытта скончыўся ў ім завод.
Надта гарачы быў прынямонец.
Каб не адчуваць голаду, самі сабе загаварваюць зубы
Ужо ў спакоі і ладзе мужчыны прадоўжылі ўспамінаць пра дзівацтвы з жыцця арабаў. Гаворку пачаў Грэсь:
— А я чуў, як там гавораць сваім яшчэ і так: «У цябе, дзяўчына, вочы цудоўныя, як у баранчыка». Сказаў бы такое сваёй кабеце ў Свіслачы, было б ад яе нямала.
Пасмяяліся.
— А ў маім Аўгустове, спадары, кажуць «паненка ма півнэ очы», але ніхто гэтаму не дзівіцца. Што край, то і звычай. Хоць я, як і ўсе, найбольш люблю — свой. Адная нашая рэчка чаго вартая. I паслухайце, панове, як гучыць назва: Чорная Ганча, Чорная Ганча, Чорная Ганча — бы песня чароўная!
— Пся крэў, не ведаю, як вам, але мне есці ахвота ды так, што з'еў бы вала, паўбарана ды чатыры качачкі і гаршчочак кашачкі, а, здаецца, усё яшчэ галодны быў бы! Арабы, халеры, нас мэнчылі, жылы выцягвалі, мы іх пракліналі за гэта і правільна рабілі, але ж яны хоць што-небудзь раніцой ды вечарам у рот піхалі ды яшчэ кіслым віном давалі запіць, пся іхняя маць!