Выбрать главу

— Давалі, як самі нажаруцца!

— У маіх Гібулічах сабакі, калі насыцяцца, гатовы адзін аднаму костку аддаць.

— Абгрызеную.

— Я і кажу.

— Такая бытуе на зямлі справядлівасць, пся крэў!

— Так ест, справядлівасць сабачая. Бо ўсё падпарадкава-на чамусьці толькі грубай сіле, холера ясна. Большасць людзей заўсёды на яе баку, і сіле падпарадкоўваюцца, не надта задумваючыся, чаму гэта робяць. Мажліва, таму, бо сілу лёгка пазнаць, яна відочная і бясспрэчная. Людзі чамусьці, пся маць, аніяк не могуць зрабіць гэтак, каб справядлівасць была сільнай, а імкнуцца ўсё сільнае лічыць справядлівым!

— Во-во!

— Але ж, спадары, хіба гэта па-хрысціянску? Дзіка такое называць, столькі ж ужо часу мінула ад Дня Стварэння Свету! А выходзіць, мы і зараз аніяк не вырвемся з падпарадкавання статуту бобіка, хоць і выгляду адзін аднаму не падаём,— мыдлім вочы прыстойнасцю!

Нехта падказаў:

— Спадар палкоўнік не дагаварыў.

— Прошэн бардзо. Бобікаў статут сцвярджае: ліжы руку, каторую не можаш укусіць!

— Так ест!

З сумам усе памаўчалі. Хвіліну панавала цішыня. Маўчаў нават хворы сапацкінец. Лук'ян зноў вярнуўся да свайго:

— У маіх Гібулічах яшчэ кажуць — бобік ніколі бліноў не пячэ, жарэ цестам. Эх, халера, хоць бы, здаецца, такога цеста зараз хто даў і то быў бы шчаслівы!

Свіслачскі Грэсь прызнаўся:

— А я, спадары, покуль трапіць на галеры, прыстаўлены быў да пекара ў Каіры. Над самым Нілам. Вада цякла ў нас каля парога. Ох, і рэчка — куды большая за наш Нёман, разоў мо з дзесяць шырэйшая! А ў канцы вясны разліваецца як!... Толькі я не пра яе хачу... Мясілі хлеб у дзежах і елі гэтае самае цеста. Нават я праз тыдзень навучыўся яго жэрці, як іншыя. Наядаўся ўволю, бы мае напарнікі. А скажу вам чэсна — смачнае нават і спажыўнае, бы мяса, калі прызвычаішся. Для галоднага чалавека смачнае, вядома. Адразу і сіла ў мяне аднекуль з'явілася, а скулы з майго цела бытта хто рукой згарнуў, нават следу не пакінуўшы! Але ж пекар, зараза, адной раніцы нас такі падлавіў. Ох і скандал быў! Адмераў кожнаму па дваццаць пяць бізуноў, а тады панадзяваў нам спецыяльныя наморднікі, бы сабакам, калі да дзежаў станавіліся, і ўся пажыва на гэтым скончылася.

— Та-ак, хоць бы цеста сырога...

— Пару дзён пагаладалі і раскіслі. Спадары, Ноя з сынамі, нявесткамі і ўнукамі сорак дзён і начэй мора насіла!

— Затое ў каўчэзе былі звяры па пары. Многа зверыны. Карова малако, напэўна, давала. Ланя, авечка, касуля ці пярэстая маглі ацяліцца, даць прыплод, і Ной цяля, ягнятка на харч пускаў, не кажучы пра малодзіва.

— Ад кабылы кумыс мог атрымаць. Брынзу ад авечак.

— Куры, гусі яйкі, напэўна, няслі...

— Але, Ною, напэўна, было лягчэй. Хоць, скажу вацьпанам, страху таксама яго сямейка наелася! Калі ўлічыць што на судна малых з сабой ўзялі!

— Яшчэ колькі мелі страху! Нас бура паўдня матляла і то ўсе дыхі выцягнула, а то — сорак сутак!

— Яшчэ й з малымі!

— Цікава, як тады львы ды ваўкі не зжэрлі капытных, каб хто мне растлумачыў.

— Мабыць, наморднікі стары Ной ім таксама надзяваў.

— А як, па-вашаму, іх зберагчы, каб не грызліся?

— Кожную пару ў асобную клетку пасадзіў.

— Многа клетак трэба было мець.

— Ну і што?

— Столькі клетак нарабіць?

— Для такой справы? Калі спатрэбілася, мусіў і нарабіць!

— А я вам скажу — глупства ўсё гэта! Ніякіх клетак яму і не спатрэбілася!

— А як сабе вацьпан гэта ўяўляе?

— Звычайна! Успомніце, панове, разлівы нашых рэчак! Плывуць тады спакойна на адным бервяне заяц і воўк, ліса і мыш! I не чапаюць адны адных — рахманыя такія ўсе, мірныя!

— I я назіраў такое, дальбо!

— На то воля боская.

— Так ест, усе ў яго моцы.

— Але Ной быў богалюбівы, як Аўраам. Той на адно боскае скіненне хацеў любімага сына Ісаака ў ахвяру Богу прынесці. Верыў Ягове бязмерна і гэты стары, нездарма Вышэйшая Сіла выбрала яго аднаго з усіх людзей для размнажэння. Мы можам пахваліцца такой адданасцю, як Ісаак, і верай, як Ной?

У канцы лодкі гутарылі пра іншае:

—...Слухайце, спадары, і ў арабскіх гарадах жывуць усе з рабаўніцтва ды ашуканства, бо і там, як і ў нашых гарадах, няма ні хлявоў, ні гумен, ні свірнаў, ні стагоў!

— О-о, колькі дабра ад нас выцягнулі, колькі людзей у ясыр прыгналі!!

Усе задумаліся, паўспаміналі. Загаварылі скрозь задуму:

— Халера, плывём, плывём — і куды плывём?

— Мо па Сахары нас ужо носіць. Мо нячыстая сіла даўно перад намі пясок пераўтварыла ў ваду, мо нам толькі здаецца, што па вадзе плывём?