Выбрать главу

— А што? Я на свае вочы бачыў у Сахары сярод пяску лодку з засушанымі людзьмі! Наш араб нам тлумачыў — чорт грэшнікаў з мора запёр аж сюды!

— Бр-р-р!

Зноў стала чуваць, як Гуз ціха енчыць. Сапацкінец паенчыў, паенчыў ды прастагнаў:

— Ратунку! Языкі антонавага агню дакаляюць маю душу! Не пабачу я вас больш, не пабачу, мілыя, мае, о-ой! Прашчайце ўсе-ўсе! I ты, жоначка, нявенчаная, і дзеткі мае, ненароджа-ныя! Прашчайце, пу-шчы цёмныя пад Сапацкіняй — мне не хадзіць больш пад вашымі кронамі! Прашчайце, гоні незагараныя, мне не таптаць вас сваімі нагамі! I збажына буйная, і травы росныя, і паплавы, і выганы, і сэрвітуты, прашчайце! Прашчайце, коні мае нецярплівыя, больш вас мне не кілзаць і не запрагаць! Прашчайце, родныя мае, вас больш ніколі не ўбачу аж да Страшнага Суда! Мацер Божая, Царыца Нябесная, усе святыя, майце над маімі апеку — бацькам і маткай, калі яны там жывыя, сёстрамі ды братамі, а мяне прыміце на вечны пакой — пасылайце нябесных кратоў вырыць яшчэ адну магілу!

Праказаў гэта голасам страшным.

Гарадзенцы, струхлелыя, паслухалі яго, у душы пашкадавалі ды паўздыхалі — дапамагчы рыцару не мог ніхто, і нельга было хоць частку яго болю ўзяць на сябе. Нават ксяндза не маглі да яго паклікаць. Няшчасны чалавек канчаўся якраз ў такі момант, калі, адчувалася, ратунак недзе блізка.

Стэфан спахапіўся:

— Што мы тут, спадары, блюзнім на сваю галаву! Святы Ян аж трое сутак быў у жываце кіта, а з Божай дапамогай вырваўся! Вышэйшая боская моц і нас уратуе! Як мы не раз пераканаліся — увесь час мы ў яе на прыкмеце! Дак памолімся ж давайце патрону рыцараў — архангелу Міхаілу, бо дзякуючы яму мы ворага ў дурні вывелі! Толькі ў яго бязмежных сілах яшчэ выратаванне і шматпакутнага калегі Мікалая,— адважнага рыцара і вернага сына Бацькаўшчыны, які ўсё жыццё прысвяціў барацьбе з нявернымі і з-за гэтага не шкадаваў жывата свайго!

Нехта кінуў цішэй, з палёгкай уздыхаючы:

— Хто нас выратаваў учора, выратуе і заўтра — але, лепш яму памолімся.

Зноў пасталі на калені, горача зашапталі малітву, жагнаючыся, хто на каталіцкі лад, хто на праваслаўны.

Кацярыне ж так было шкада земляка, што яна нахілілася над ім ды шапнула:

— Спадар Мікалай, кладзіцеся на тое самае месца, дзе я ад вады да прытомнасці прыходзіла! Яно шчаслівейшае, напэўна! Дайце, дапамагу пасунуцца...

— Дзякуй, спадарыня, за чулае сэрца.

Зноў на беразе

Нарэшце вада іх адной раніцы ціха і спакойна прыбіла да незнаёмага берага, калі ў лодцы стомленыя ды згаладнелыя ўшчэнт весляры спалі покатам.

Пасля глыбокага сну Кацярына адкрыла вочы ды пачала са здзіўленнем азірацца. Дзе яна, што здарылася?

Ужо сутанела. Навокал стаяла такая цішыня — толькі анёлам лётаць. На Небе ў адным месцы Гасподзь Бог з усімі Святымі, мабыць, умываліся Краснай Вадзіцай і ад свежай прыгажосці тае не адарваць было вачэй.

А іхняя лодка з сундукамі, куфэркамі, пугіналамі і мяшкамі Садык-бея, уткнуўшыся ў прыбярэжны халаднаваты пясочак, сабе спакойна стаяла, перакошаная на карму. Аб бакі яе ціха плюскала вада.

Сапацкінскі Гуз ужо не дыхаў. Яго доўгае і худое цела са шчаціністым тварам паспела нават адубянець. Ён мусіў адысці на той свет сярод ночы.

Кацярына перапалохалася ды ў паніцы пачала штурхаць у бок крайняга рыцара:

— Уставайце!!

— Што, да берага прыбілі, няўжо?! — яшчэ не прыдаў значэння падзеі, таму не надта ўзрадаваны, спытаўся Лаўрэн ды пацягнуўся: — Э-эх!.. Го, панове, канчай начаваць, сапраўды, мы прыбылі на месца!

Адразу на лодцы ўзняўся ажыўлены рух і таўкатня.

— Пане Мікалаю, пане Мікалаю! — нахіліўся нехта над нябожчыкам ды апекся: — Э-э, эх, дайшоў, небарака!

А золак святлеў ды святлеў.

Калі ўзышло сонца, яны закрылі рыцару Мікалаю вочы. Сапацкінца перажагналі. Сказалі над ім пацеры і доўгае цела вывалаклі на бераг. Выбралі месца, дзе пясчаны грунт. Разагналі яшчарак, якія масціліся ўжо грэцца на сонцы, узяліся за работу.

Хто рукамі, хто паленам, памалу вывернулі яміну. Неглыбокую, каб лёгка мог выбрацца з цела на волю ноччу фосфар, каб усё чалавечае не тамілася ў зямельцы, бо астатак душы рыцара потым тут не даў бы нікому спакою.

На дно ямы насыпалі травы, на яе асцярожна паклалі шматпакутлівага земляка. Затым застылы твар пакрылі таксама травой. Памаліліся над рыцарам і старанна яго засыпалі.

Каб менш пакідаць слядоў, магілкі рабіць не сталі — месца зраўнялі ды загладзілі галінкамі, скрапілі яшчэ і вадой.