Над сумным месцам, моўчкі, паўздыхалі, памаліліся. Яшчэ і памеркавалі, як цяпер ноччу над гэтым пясочкам пачне з'яўляцца сіні агеньчык ды палохаць тутэйшы народ, але нікому і ў галаву не прыйдзе, што менавіта тут ляжыць слаўны вой з-над Нёмана, які з-за шляхотных, адно яму вядомых намераў перад палонам шлюбаваў, а потым аж два гады шлюб свой выконваў — еў, піў і спаў толькі стоячы.
— Адразу да раю яго душа пайшла! — уздыхнула Кацярына ўголас.
Нехта яе падтрымаў:
— Пэўне. Столькі маліліся мы за яго!
Адно тады гарадзенцы пацікавіліся, куды ж іх занесла. Выглянулі за бліжэйшы пагорак.
Якісьці стары ў лахманах непадалёку пас гурт авечак, а каля яго, адбіваючыся ад мух, перабіраў моцнымі капытцамі буры асёл.
Кустамі гарадзенцы асцярожна да яго падабраліся, паназіралі. Стары быў схуднелы, як смерць, з адубелай скурай на зморшчаным, бы кара ад старой сасны, бы шыя ў яшчаркі, тварам.
Яны прытаіліся, пачалі насцярожана гадаць.
Мо нячыстая сіла ці бес, зачараваны ў дзеда? Бо русалкі, якія завалаклі да сябе ў халодныя марскія нетры індурскага Рыгора Багдановіча, на самай справе, як гарадзенцам рас-тлумачылі галернікі-туркі, былі зачараванымі рымскімі легіяне-рамі, таму нават увесь ніз целаў у тых прыгажунь шчыльна пакрыты панцырнай лусачкай — свежанькай і бліскучай.
Воі прысудзілі — на разведку ісці жанчыне, а іншым зводдаль яе з нажамі прыкрываць.
I Кацярына набралася адвагі — тым больш, што падбадзёрваў яе Стэфан. Падкралася яна да страшыдла ды на хвіліну замерла. Затым асяніла яго хрэсным знаменем — раз, другі, трэці, прашаптала «Верую», прыглядзелася да страшыдла лепш.
Не імецца.
Аж сем разоў учыніла гэта — тое самае.
Чалавечая істота спакойна і далей палівала сабе з вядра нафтай дровы, каб распаліць, відаць, агонь для снядання.
Тады Кацярына сабралася з духам ды загаварыла да дзіўнага стварзння. Не чуе. Мацней гукнула яшчэ раз, яшчэ — тое самае. Перад ёю было якоесьці мёртвае палена.
I асмялелая Кацярына ўстала на поўны рост — што мае быць, няхай будзе.
Калі ж яе нарэшце дзіўная істота ўбачыла, адразу ўстрывожылася ды па-знаёмаму, як робяць усе без'языкія, замычэла, перапалоханая, адступаючы задам у лазу.
— Нямко! — ужо свабодна крыкнула сваім.
Імгненна ўсе прыляцелі.
Прыгледзеліся да мужчыны лепш, а на бруднай ды зморшчанай, як у старой чарапахі, шыі — каталіцкі крыжык. Кацярына нахілілася, каб лепш разглядзець, а ён — з Мадоннай і Божым Дзіцяткам нават!
Узрадаваліся ўсе, бы малыя дзеці. Адразу пападалі на калені, узнялі рукі да Неба ды пачалі адзін перад адным горача, са слязамі дзякаваць пану Богу, Прачыстай Дзеве Марыі ды Сыну Божаму за цудоўнае ўратаванне.
А так усё гэта акрыліла, што ў гарадзенцаў, згаладнелых і змардаваных перажываннямі, зноў сілы аднекуль узяліся. Як шалёныя, усе кінуліся старога цалаваць.
Уратаваныя
З чалавекам тым ні аб чым пагаварыць не змаглі. Затое ад'еліся ў яго хлеўчыку як мае быць, затым вярнуліся да лодкі.
Гадзіну-дзве адпачыўшы, што мелі цяжэйшае ды не так каштоўнае, запіхнулі ў вялізныя ладушкі ды закапалі на беразе, каб вярнуцца сюды потым з коньмі.
Параіліся, як быць далей.
Існаваў стары, як свет, закон. Паводле яго, тавар і людзі з разбітага судна належаць жыхарам берага. Яны знаходзіліся на беразе пустынным, але ж сведку высадкі на бераг мелі.
Ці нямко не зразумеў, адкуль яны з'явіліся? Вось і гадай цяпер.
Мужчыны заспрачаліся — выдасць пастух іх ці не. Усім не хацелася брудзіць крывёю гэтак радасны дзень. Дзе закопвалі ладышкі, стары ўбачыць не мог, як і скеміць не мог, адкуль тут людзі з'явіліся. Чаму лодка іхняя прыплыла менавіта з разбітага судна, а не з якога-небудзь вострава?
Не, ніхто не хацеў браць граху на душу, таму вырашылі — пакінуць старога жывым-здаровым, а Усявышні ацэніць гэта ды будзе спрыяць далей.
Ад нямка падаліся ў апостальскую сталіцу — шчаслівыя, сытыя, з сушанай баранінай, з авечымі сырамі, з сушаным вінаградам і фінікамі ў мяшэчках, з бутлямі віна, аплеценымі саломкай, ды з цяжкімі інкруставанымі куфэркамі: неслі іх на дручках, канцы якіх воі паклалі сабе на плечы.
У Рыме, як і падабае прыстойнаму ды сумленнаму палкоўніку войск Кароны і Літвы, Стэфан золата з куфэркаў Садык-бея ўзяў адно палавіну. Астатняе — усё да кроплі — раздзяліў чэсна і акуратна паміж рыцарамі.
Без спрэчак Кацярыну залічылі да вояў таксама і адвалілі роўную долю.
Гледзячы на тое, што яму дасталося, Барысевіч пакруціў, пакруціў галавой, заклапочана пашкрабаў патыліцу ды з прыхаванай усмешкай кінуў: