Золата дасталося мне лёгка, таму і не даражыла ім. Пачала выдаваць на ўборы, мазі і пахнідлы. Праўда, новы муж — не Садык-бей, каштоўнасцей сваіх не замыкаў у сундучкі, нічога мне не шкадаваў яшчэ і са свайго.
У Рыме, Анюта, не магла нацешыцца касцельнымі маля-відламі. Пэўны час імі я нават хварэла. Але што казаць, было там з-за чаго траціць галаву. Ты, сяброўка, хоць бы на іх вокам глянула! Тымі малявідамі я ўпівалася, бы чалавек з засмяглымі вуснамі, што тыднямі поўз цераз пустыню, дапаў нарэшце да жыццёдайнай плыні і не можа аніяк ад яе адарвацца. Бо ў арабскіх і турэцкіх мячэцях, як мы з Табой заўважылі, не толькі не запісваюць дзён нараджэння і смерці малога прыхаджаніна, але і выгляд Дамы Алаха маюць бедны, ад чаго здаюцца надта сумнымі ды нецікавымі. У іх, як памятаеш, віднеюцца толькі арнаменты, бо іслам, як нам тлумачылі, забараняе рысаваць што-небудзь жывое — людзей, птушак, звяроў. За такія рысункі маляра там кінулі б адразу ў яму з нягашанай вапнай, а то з жывога шкуру здзерлі б.
У сталіцы апостальскай затое ўсё пекнае, хвалю-ючае, прывабнае, жывое, чыстае і жыццярадаснае. Глядзі сабе ва ўсе вочы ды атрымлівай асалоду.
У касцёле Дзевы Марыі дзівіліся мы на ключыцу Лівія. Магутная, выкрутастая, даўзёрная.
Але найбольш захапляліся зубам святога Хрыстафора. Велікамучанік той быў волатам, бо зуб яго — бы добры збанок. Калі насілі вакол святыні, было відаць здалёк.
Іменем гэтага святога, як нам расказалі, у Генуі бацькі ахрысцілі свайго хлопчыка. Так хроснік той потым іспанскаму каралю Амерыку адкрыў, а каралеве нават цэлую флатылію караблёў, заладаваных залатым пяском, прыпёр,— каралева Ізабэла з тае пары стала самай багатай ва ўсім свеце.
Люцыпар таксама, бы нам, грэшным, падсылаў наперарэз караблям Хрыстафора буры, перуны, сірэн з песнямі, смокаў марскіх, папярок ставіў магнітныя скалы, водарасці, запускаў страшныя віры і касякі рыбін, што іншым не прабіцца праз іх, але Хрыстафор так быў на прыкмеце ў Царыцы Нябеснай, так яму нябесныя сілы спрыялі, што намер выканаў.
Даведалася пра ўсё тое ды адразу падумала: свайго сыночка я таксама назвала не абы-як. Імя яму выбрала пачэс-нае. Патронам у Яго на Небе — Аляксандр Македонскі. Іскандэ-ра не маглі пакарыць ва ўсім свеце.
Да зуба хадзіла двойчы — Стэфана вадзіла. Мужу таксама было дзіўна. Прыглядаўся да яго так і гэтак ды толькі ківаў галавой.
А яшчэ мы з ім у тым самым касцёле знайшлі намалява-ныя дакладна такія ж пякельныя пачвары, сцэны з грэшнікамі ў катлах са смалой, бы ў касцёлах гарадзенскіх.
Мабыць, усё гэта і праўда адбываецца на Небе, калі па ўсім свеце аб ім гаворыцца!
У Рыме я на кожным кроку шкадавала, што побач няма Цябе, сяброўка дарагая,— не можаш таксама пацешыцца такой пекнатой ды ўволю насыціць свае вочы і душу. Затое той самы дэман прымушаў мяне рабіць Стэфану і ў касцёлах скандалы, калі мой муж позірк затрымліваў хоць крыху даўжэй на галоўках нявінных мадон. А іх там много, усе маладзенькія, бы лялечкі. Як толькі ўбачу, што вачэй не зводзіць, так і кідалася на яго.
Але і скандалы тыя, ці Ты паверыш, былі па душы.
У адным месцы нават карціну з русалкамі бачыла — тымі самымі, з-за якіх індурскі Грышко Багдановіч, дуралей, на марское дно добраахвотна пайшоў.
Хітрыя такія. Хвасты ў вадзе трымаюць, а самі вышэй бёдзер голенькія-голенькія, як маці нарадзіла, над хвалямі ўзнімаюцца, выставіўшы пупікі.
Толькі скажу Табе, сяброўка, шчыра,— і праўда, яны ўсё ж такі прыгожыя. А над усё — маладзенькія. З распушчанымі валасамі — цёмнымі — як у сенегалак, светлымі — як часамі бываюць у нашых, і нават адна рыжанькая.
У іх яшчэ нават каляровыя стужачкі ў валасы ўплеценыя, валошка з незабудкамі наўтыканая, адна ж — фіглярна так, бытта нядбайна, у роціку трымае за хвосцік ружу.
Ветразі распусціўшы, ляціць судна ўздоўж берага з пальмамі, а крайняя русалачка ў неба вочкі ўжо і закаціла, бытта паміраць збіраючыся, адно што не крычыць — мужчыны, ратунку! Іншая таксама млее ўся і вось-вось упадзе. Некаторы дурань за борт адразу і сігане такую ратаваць, бы наш Грышко, не разумеючы, што ўсё гэта бабскія хітрыкі.
Калі ж ніякага судна не відаць — кабета, якая карціну вартавала, нам апавядала,— русалкі надта сумуюць у цішыні падводнага царства. Самыя гарэзлівыя тады, кажуць, тапель-цамі забаўляюцца. Абхопяць такога Грышка, казычуць яго ды рагочуць-рагочуць. Ведаюць слова такое, каб тапельца ажывіць. Ажывяць яго ды яшчэ інакш забаўляюцца.
Так могуць забаўляцца тапельцамі з раніцы да самюткага вечара, і не доўжыцца ім.
Свайму карціну глядзець забараніла.