Выбрать главу

Што мог вычаўпці пасля гэтага Алесеў татка, калі пашэнціла ўжо выкруціцца?

Сын ніколі не здагадаўся б.

Пакрасаваўшыся ва ўсёй зброі ды амуніцыі перад паненкамі і панямі ў час набажэнства ў варшаўскім касцёле Святога Крыжа, Ян адразу паімчаў у Саколку і беларуса-цесця прымусіў з'есці з патрахамі сырога цецерука. Тады сваяка яшчэ абрабаваў ушчэнт. Нават бочкі з кіслай капустай ды свіныя карыты загадаў чаляднікам ладаваць сабе на фурманкі, а зверху накідаў цесцевыя цапы, вілы, косы, матыкі ды граблі.

Вядома, смяротны прыгавор суд вынес яму зараз жа другі. Але праз кароткі час стараваты зух даравальны глейт раздабыў яшчэ адзін ужо ў каралевы — Людвікі Марыі. Праўда, цяпер з шабляй мусіў выстаяць ў касцёле ўжо чатыры імшы. Месяц пасціцца. Паўгода не спаць у ложку. А кляштару фран-цішканаў, які ў той час пашыралі, выдаць тры тысячы злотых.

Першы суд і пакаранне

Калі Алесеў татка ўбачыў Кацярыну пасля дзесяцігадовай разлукі, пра сына свайго сказаць нічога не мог. На яе настыр-ныя роспыты не павёў і брывом — так збыдлеў.

Ад таго, што Кацярына была ў пашане ды замужам за прыстойным чалавекам, яго аж белая гарачка разбірала. Нічога лепшага не прыдумаўшы, развязаў сабе рукі. Падстроіў для сваёй маладзенькай Зосі пастрыжэнне ў Супрасльскі манастыр. Тады давай прыставаць да Стэфана.

Мы ўжо ведаем, чым прыставанне тое скончылася.

Яму і гэтага здалося мала. Падаў на Кацярыну ў суд на той падставе, што, бачыце, выйшла замуж за Валковіча, ашукала яго першай. Маўляў, ён панёс вялікую страту, таму ўсю яе маёмасць, суддзі, канфіскуйце на яго карысць.

Яшчэ судоў ёй не хапала.

Кацярына не разумела тых, хто пасля братавай смерці не мог сам падзяліць хамутоў, церассядзельнікаў, гуняк, гаршкоў, парасят і быдла, абавязкова брудную работу ўзвальваў на суды, прыцягваючы да справы людзей яшчэ і старонніх. У гэтым знаходзіла нешта нізкае, ганебнае.

Калі б Рудніцкі звярнуўся да яе па-харошаму, яна, мажліва, што-небудзь адступнага і дала б, бо нечакана стала гаспадыняй абшараў, мабыць, большых, чым валодаў сам гетман Хадкевіч. Акрамя таго, што правяла пышнае пахаванне і так патрацілася, мела яшчэ золата і біжутэрыю, а былы яе першы мужанёк сваё ўсё паспеў растрандзіць. Яму пагражала цяпер скаціцца ў катэгорыю галадраных шляхціцаў, якія страву канапляным алеем ды смажанай цыбуляй запраўлялі. Але ж ці хацеў гэтага ён? Яму спатрэбілася ўчыніць яшчэ адзін скандал, каб ў Рэчы Паспалітай зноў пра яго загаварылі.

«Сынок, ведай,— пісала Кацярына сыну,— той ягамосць, хто не мае ў душы Бога і ні ва што не верыць, толькі і гарыць жаданнем валодання і ў думках адно смакуе, як стане падпарадкоўваць ды таптаць цябе, як настрашыць іншых.

Прага ўлады — ненасытная і без межаў, калі яшчэ, не дай Бог, трапіць у душу, якая сабой не валодае.

На гэты раз, дурань, не ўлічыў, што з яго скаргі можа атрымацца.

У далёкай Аравіі мы са Скамарошынай Анютай смяяліся, калі судзілі знаёмага бедуіна за пакражу каня, і прысуд быў прасцей простага: стукнуць злодзея сем разоў кулаком у вуха левае, затым — стукнуць гэтак жа ў правае, і справе канец. У нас покуль што, дзякуй Богу, такога на судах не здараецца. Вядома, калі не ўмяшаюцца ў працэс сам кароль ці каралева».

Праўду Кацярына пісала, суддзі адразу пачалі разбірацца, хто ж такі Рудніцкі, а хто яна. Калі ж даведаліся пра дзіўную смерць яшчэ і манашкі з Супрасльскага манастыра — у міру Зосі Грынкевічанкі, якую рыбакі вылавілі ў Супраслі з пастронкам на шыі, справай зацікавіліся як след.

За парушэнне шлюбнага сакрамэнту, за другое замуства пры жывой жонцы і жывым мужу іх абаіх забралі ў Беласток. А такое злачынства, як вядома, спрадвеку каралася смерцю. Касцёлы за гэтым сачылі ды спуску не давалі.

Кацярына ўжо была гатовая прыняць развітанне з жыц-цём, ды той самы гібулічскі Лук'ян са свіслачанскім Хведарам аж з Мазоўша прыскакалі верхам у Варшаву і выпрасілі ў караля для яе памілаванне.

Рудніцкі з просьбай звярнуўся да Людвігі Марыі. Яна — да караля. Той адразу выдаў праз каралеву дараванне віны таксама. Яшчэ нават і пасмяяўся,— маўляў, Казімір Вялікі ўзяў шлюб трэці раз пры жывых жонках неразведзеных, то няўжо слаўнаму рыцару, герою збаражскай эпапеі, нельга гэтага зра-біць адзін раз.