Выбрать главу

Такія парадкі панавалі пры двары. Не дзіва, паслы ў сейме часамі так разыходзіліся, што ў залу да шляхціцаў біскупы ішлі з крапіламі, каб сварку размінаць свянцонай вадой. Але і гэта не заўсёды дапамагала.

«Не дасі яму памерці, то ён...»

Так ужо выйшла, што з Беластока, дзе сядзелі яны ў замку са зладзеямі, бандытамі, ерэтыкамі, канакрадамі ды мацяр-камі, што прыдушылі сваіх нежаданых дзяцей, Кацярына ехала ў Гародню з Рудніцкім разам.

Жах як апусціўся гэты чалавек.

Дробненькі, як абшарпаны пеўнік. Спіты ды надта ад ля-ніства пастарэлы. Лоб і шыя маршчыністыя. На сонцы іскрыла рыжае шчацінне — на шчоках, падбародку. Яго цела было, як у ашпаранага парсюка, якога гаспадар збіраўся смаліць.

А што за вопратка! Жупан паношаны, зашмальцаваны, але распісаны зігзагамі з замызганых шнурочкаў — усё, што засталося ад колішняга бляску. Ды і шнуркі гэтыя месцамі былі паабрываныя. Абцёпканыя канцы неахайна звісалі — так і цягнула Кацярыну ўзяць нажніцы ды паабразаць.

Шапка аблезлая і завялікая, мабыць, чужая...

Нармальны чалавек з гадамі не траціць прыгажосці — з твару яна ў яго пераходзіць на сэрца. У гэтага на тым месцы, дзе памяшчаецца ў людзей яно, была якаясьці бурхаўка. Тако-му сумленны гаспадар нават свіней пасвіць не даверыў бы.

Адным словам, яе першы мужанёк, гэты майстра ўсё раз-бураць і не здольны хоць што-небудзь прыдбаць ці стварыць, палез да Кацярыны ў карэту, бытта паміж імі нічога і не здарылася. Брудны, смярдзючы, паспрабаваў яе аблапіць. Калі ж яна не далася, давай палохаць — бы той шалёны сабака паказаў выскал.

А праз хвіліну абяцаў ужо залатыя горы. Стаў, быдляк, зноў заляцацца ды прыставаць.

Адным словам, намерыўся хапіць яе за горла. I яна тады сабе надумала:

«Багародзіца Дзева Марыя, Ісусе Хрысце, Тройца Святая, я — грэшная і нягодная. Гэта ведаю аж надта нават сама. Галоўнае ў сямейным жыцці па запавеце нашых продкаў — цярпенне ды пакора.

Мала ж, хіба, я гэтага праявіла? Хоць з дзесятую долю такога цярпення выказаў ён? Ці ж незамнога на мяне кары нябеснай, даруй, Усявышні з усімі Святымі, мне, што пачынаю браць пад сумненне слушнасць Тваіх учынкаў? Колькі яшчэ стагнаць ад гэтай брыды? Калі ж усё нарэшце скончыцда і буду мець спокуй?!»

Яна падумала, што ёсць людзі, якім за перажытыя гады належыць тытул заслужанага крывапійцы — менавіта такім быў Ян. Тут на памяць ёй прыйшоў тоўсты Мустафа ды тое, што пасля бунту галернікаў на судне крыкнуў яе Сцяпан Грышку Багдановічу, калі той пытаўся, што з боцманам рабіць:

«Не дасі яму памерці, то ён табе жыць не дасць!»

Акурат такі самы выпадак. Нікуды яна не падзенецца ад гэтага вырадка і не схаваецца, каб старалася невядома як. Знойдзе яе нават пад зямлёй. Напэўна, не дасць спакойна пашукаць сына.

Усё гэта Кацярыне падказала мудрасць менавіта таго Змія, якому так пакланяюцца на Усходзе.

У Кнізе Быцця са Святога пісання гаворыцца, як Гасподзь стварыў сярод палявых звяроў і Яго.

Змій адразу ўчыніў свінства — падказаў жонцы Адама пакаштаваць яблык. Тады Бог яму аб'явіў:

— За тое, што спакусіў Еву, якая, пакаштаваўшы плода, падбіла на грэх Адама, поўзаць цяпер будзеш на чэраве сваім, а жэрці прах станеш ва ўсе дні жывата свайго, і ўсё жывое палохацца цябе будзе, як страшыдла.

I крыллі ў яго адразу адпалі. I ён не змог больш лётаць.

Менавіта з тае пары змеі на зямлі праклятыя. Нават маленькаму дзіцяці, якое яшчэ нічога не кеміць, пакажы гада, і малое адразу перапалохаецца ды так, што аж ўстрапянецца, хоць ад вераб'я ці зайчаняці радавацца стане і пляскаць у далонькі.

Але ж за столькі стагоддзяў пакуты яны сярод звяроў сталі самыя хітрыя ды вопытныя, з-за чаго народ і пагаворку склаў — мудры, як Змій!

Кацярына апісвала сыну гэтую прытчу, параўноўвала сябе з тым самым Зміем, бо лічыла, што і яна ведала жыццё даска-нала,— к пазнанню ішла праз вопыт уніжэнняў, пакут, каштаванне таго самага грахоўнага яблыка, гузы ды сінякі.

Адным словам, тады ў карэце па дарозе з Беластока яна і вырашыла — возьме грэх на сваю душу, так і быць. Яшчэ паду-мала — адным больш, адным менш, розніца для яе ўжо малая. Усё роўна і так Прасвятая Мацер Божая выкіне яе з ліку жы-вых, выкрасліць са сваёй кніжкі жывата вечнага, кіне ў лік праклятых.

Дый няўжо яна даруе паганцу ўсё тое, што перацярпела? А смерць Стэфана абыдзецца яму за так?!

Пакаранне былога мужа

Рудніцкага тады абласкала. Гэта ён прыняў за чыстую манету,— адразу абмяк ды пачаў выхваляцца. Хваляцца людзі пераважна ад чаго? Калі адчуваюць сваю малавартасць — набіваюць сабе такім чынам цану.