Маўляў, менавіта такое лячэнне абодва шляхціцы бачылі на ўласныя вочы, калі вярталіся з турэцкай няволі пару гадоў таму назад. А ў доказ, што кажуць чыстую праўду, сумленныя рыцары пацалавалі крыж з кавалкам дрэва ад дамавіны, у якой пахавалі Сына Божага, яшчэ і пакляліся на сваіх дзетак.
Такія словы спатрабавалі занесці ў пратакол ды прыклалі да яго пальцы, бо не ўмелі пісаць.
Так, сынок, верныя сябры павярнулі, здавалася б, ужо зусім безнадзейную справу.
Пашэнціла мне яшчэ, мажліва, і тым, што раптам загаварылі ўсюды пра вайну. Якраз ноч раней падкінулі да нас бабу, на гэты раз — з прастрэленай нагой.
Супрасльскія паляўнічыя з турэцкай рушніцай пайшлі на дабычу за рэчку. Шыбавала да гнязда гуска, паляўнічы па ёй пальнуў ды збіў. Палез адзін мужчына ў трысцёг па трафей, а там замест гускі — гэтая самая баба за нагу трымаецца. Дабраўся да гнязда ды бачыць — поўна яек у ім. Паляўнічы разбіў крайняе — і што ўгледзеў? Замест бялка ды жаўтка — густая, але яркая кроў. Адно за адным пабіў астатнія — тое самае.
Збегліся супрасльскія дзяды. Падзівіліся. Успомнілі — і калісьці на вайну так паказвала. Прыглядзеліся бабе лепш, а ў яе яшчэ і абутак пераблытаны: левы лапаць на правай назе, правы — на левай.
Пераапранутага за бабу нячысціка людзі адразу звязалі ды прывезлі ў замак.
Адпіралася толькі з паўдня. Потым як міленькая прызналася ў вядзьмарстве таксама.
I яна пра вайну загаварыла.
Прайшло некалькі дзён, як забралі на спаленне ня-чысцікаву жонку, але мяне вадзіць на тартуры перасталі. Бо не толькі абаранілі мяне рыцары,— стала ўсім вядома, што з поўначы валіць шведскі «патоп».
Густаў Ваза ішоў на нашага Яна Казіміра Вазу. Хоць наш і лічыўся дынастычным каралём шведаў, готаў і вандалаў, а на грудзях польскага арла дзяржаўная пячатка мела тры шведскія кароны.
Замест таго каб паднімаць усіх супроць ворага, няўдалы наш Ян Казімір аб'явіў:
— Спакойна, панове шляхта! Не такі швед страшны, як баязліўцы яго малююць!
На шчасце, гэта нікога не супакоіла. Бо ўсе ведалі аж надта, Рэч Паспаліту атрымаў у спадчыну і трактаваў яе, бы чужую. Утрыманне Кароны і княства Літоўскага перарастала яго здольнасці, а вораг валіў суровы.
Кароль Густаў у пачатку лета 1655 года сваім воям аб'явіў:
— Жалеза прырода нам не пашкадавала! Пры дапамозе яго за морам дабудзеце сабе золата. Наперад, за мной!
Пераплыўшы ў гарачы ліпень Балтыку, вораг адразу пачаў раздаваць сваім генералам землі кляштараў, рабаваць касцёлы, двары і дабро адпраўляць па Вісле на поўнач. Каб мець добры сплаў, мужыкам загадаў на рэчках разбурыць грэблі і млыны.
Свайму вою кароль Густаў жолд клаў марны. Хлеб выдаваў мокры, асцісты і то ва вагу ды цвярдзіў:
— Астатняе дабывайце пры дапамозе шведскага мяча, ён у вас востры!
I паўночныя воі рабавалі, дзе маглі і што маглі.
У Варшаве не згледзеліся, як шведы атабарыліся вакол Кракава ды аблажылі кароннага абознага Стэфана Чарнецкага. На бок іхні спачатку перайшоў Януш Радзівіл, за ім іншыя князі ды магнаты — мяняючы Казіміра Вазу на Густава Вазу, бытта на га-лаве — шляпы. Нашыя ж воі, якім даўно ўвогуле не плацілі жолду, ваяваць адмаўляліся і сталі таксама братацца з ворагам.
Мала было на сваіх надзеі.
Калі вораг заняў і Вавель, абрабаваў яго і дабро адправіў на поўнач, у Чэнстахове манахі паўліны сталі збіраць складчыну на выкуп, каб вораг, калі зойме горад, у касцёле на Яснай Гуры не ставіў хоць коней.
Покуль наш кароль маліўся па храмах ды меркаваў, як дадушыць праваслаўе там, дзе яно яшчэ захавалася, справу ратунку бралі ў свае рукі нашыя сумленныя гетманы і ваяводы.
Работа перад імі стаяла не лёгкая.
У пяць разоў выраслі цэны на зброю — нагвалт спатрэбіліся грошы. Патрэбны былі яшчэ яны і воям, якія напагатове трымаць шаблі задарма адмаўляліся,— кідалі рубяжы дзяржавы ды скакалі дамоў. I таму ад шляхціца да шляхціца, як у склепе беластоцкага замка апавядалі мне слугі, заспяшалі эмісары гетманаў, збіраючы зноў серабро ды залатыя келіхі для манетнага двара. У каго ўдавалася, здзіралі за два-тры гады наперад падаткі, пакідаючы ўзамен квіткі.
А наш граф Браніцкі аж з Галандыі прывёз чараўніка, які з вядомай яму малітвай сем разоў апаясаў палац суровай ніткай. Каб вораг не спаліў ды не разбурыў будынкаў, гэтак жа ніткай апаясаў і гарадзенскі замак.