Выбрать главу

Тады памрэ, стоячы, засохне.

Дрэва яе падыходзіць і на чашу, і на лыжку, і на іканастас. I божы лік можна на ім намаляваць. Ведаю, напэўна, не для парахна жыве.

З Путрышак прычыкільдае неўзабаве кульгавы каўшар — Юрко Сарока. Дрэва ссячэ ды з грушавай калоды выстругае супроць голаду, вайны, граду, пажараў, паморкаў на свіней, быдла і людскіх хвароб ладную постаць Царыцы Нябеснай з Яе Дзіцяткам. Старому ўжо, напэўна, восемдзесят, але фігуркі яшчэ ў яго атрымліваюцца як жывыя, а прасіць яго, каб выразаў, не трэба.

Божую сямейку Юрко з малітвай укапае на ростанях. I дрэва са святымі фігуркамі прастаіць каля вёскі на пачэснай службе людзям ды пану Богу, маж-ліва, да новага Патопу альбо і да самага Канца Свету.

Боская фігурка, хоць і марна зробленая, але мілая пану Богу, а што ўжо казаць пра тыя, якія выходзяць з рук Юрка. Некалькі святых нядаўна для нашага кляштара выразаў, таму і ведаю.

Шчаслівай можа лічыць сябе наша дзічка.

Мне ж, здэлі, якая ледзьве-ледзьве наскрабла сілы, каб прытупаць з Гродна да Путрышак,ды з жахам думае, як вярнуцца цяпер у абіцель, не дадзена лёсам, каб паслужыць Усявышняму і Усемагутнай Уладарыні і гэтак.

Хоць плач, хоць цэлымі днямі маліся ды накладвай на сябе пасты, любыя вярыгі надзявай, хоць скачы і са шкуры вылазь, а не зраўнаешся з нашай грушай.

Падумала сабе гэтак і зрабілася, сынок, прыкра.

Напэўна, праз крыўду такую гаворыць ва мне тая самая гардыня, з-за якой і ў абіцелі мяне цураюцца, не любяць надта ды баяцца, а ўсе ігуменшыны падлізы за вочы гатовы мяне зжэрці. Усё-ўсё бачу, выдатна разумею сама, ды што ты зробіш, калі я, грэшная, менавіта, такая.

Зрэшты, няхай прыкусяць языкі. Не з якіх-небудзь падкідышаў галадраных, бы іншыя. I не яны мне ласку зрабілі, што разам жывём пад адным дахам. Няхай лепш прыглядзяцца і ўбачаць, што нават усемагутная нашая матушка лічыцца са мной ды разважае, як з роўнай. Мае з-за чаго.

За адное золата Садык-бея абіцель набыла іканастас аж у самім Афоне.

Купленую за мае грошы дараносіцу тысячы людзей неслі аж з Пачаева.

Катлы для трапезнай я сама заказала, а Яўхім прывалок аж з Крулеўца.

А новыя званы прывезла я сама з-пад Кракава ад самога людвісара Яблонскага, ад чаго пра кляштар адразу загаварылі людзі па ўсёй Прынёманшчыне, і на адно месца паслушніцы ў нас цяпер — сто і болей жадаючых.

З-за Сцяпанавага надзелу кляштар і па абшары зямлі зраўнаўся з брыгідскім, бернардынскім, францішканскім, святадухаўскім манастырамі.

Не надта вялікую зробяць мне ласку зайздросніцы, калі і прамаўчаць».

Канец

Такі прыблізна змест я вычытаў у пашарпаных, вільгаццю моцна паднішчаных старых сшытках, знойдзеных нашымі рэстаўратарамі ў мурах старажытнага кляштара базіліянак, які рыхтуем пад рэстаўрацыю. Прачытаўшы яго невядома каторы раз, тэкст перапісаў начыста і толькі тады ўздыхнуў з палёгкай.

А потым і задумаўся.

Паразважаць ёсць над чым.

Ведзьмароў ды вядзьмарак спатыкаем мы і цяпер, а як жа. Яшчэ колькі. Але ў выглядзе стылізаваных фігурак ды смешнага выгляду пачвар на сценах нашых кватэр.

У некаторых усе сцены імі ўвешаны!

У Каўнасе ёсць нават спецыяльны музей чарцей. Каля шасцісот розных нячысцікаў: з парцэляны, слановай косці, гліны, дрэва, металу і саломы. Нячысцікі паказаны ў разнастайных жыццёвых сітуацыях — п'юць з мужыкамі гарэлку ў карчме, надарэмна ста-раюцца схаваць пад цыліндры рогі, пераапранутыя за яўрэйскага цадзіка, спрабуюць сфігляваць штосьці таксама. Яны там з самых розных краін — з Літвы, Беларусі, астравоў Фіджы, Ямайкі, Лібану.

Антанас Змудзінавічус пачаў збіраць іх яшчэ восемдзесят гадоў таму, і цяпер яго калекцыю наведвае дзесяткі тысяч людзей у год!

Адным словам, што напаўняла коліпшія пакаленні жудас-ным страхам, кіравала іхнімі ўчынкамі і помыс ламі, ламала людзям жыццёвыя кар'еры, калечыла душы, зараз нас смя-шыць, надта забаўляе і дае матэрыял для роздуму, а іншым — для творчасці.

Невядома, і, найхутчэй, ніколі не даведаемся, абвінавача-ная ў ерасі трэці раз ці зноў удалося магнатцы адкупіцца? Адказу, прынамсі, зараз няма.

Падумалася пра іншае.

Харошай маёй зямлячцы з далёкай эпохі — спадарыні Кацярыне Валковіч — перажыць давялося не менш, чым той ці іншай беларускай маладзіцы альбо дзяўчыне, якую варвары XX стагоддзя вывезлі ў часы акупацыі на катаргу ў сваю Гітлерляндыю, ды адтуль трапіла напрыклад, у французскае Супраціўленне.

З такім жа поспехам яна магла яшчэ трапіць і ў польскую Армію Краёву ці нават да генерала Андэрса, затым — у засценкі гестапа, каб, нарэшце, апынуцца дзе-небудзь за Уралам — у адным са сталінскіх лагераў, падпісаўшы раней на сябе паперу не менш страшную ды абсурдную, чым у часы чароўнай спадарыні Кацярыны Валковіч падпісвалі на сябе тысячы няшчасных вядзьмарак.