Выбрать главу

Адным словам, калі паўзірацца на людзей, як пласты пакаленняў у гістарычным разрэзе, чамусьці атрымліваецца нейкая замкнутая сінусоіда — хоць розная па часе, аднак па форме, па напале цярпенняў, колькасці перажытых бед, глыбіні чалавечага гора, памераў жорсткасці, моры пралітай нявіннай крыві — зусім-зусім падобная.

Думка ўзрадзілася ў мяне, напэўна, не новая, але ж адна справа, калі пра гэта толькі чуеш ад старонніх людзей ды ісціну прымаеш на веру, а зусім іншы набывае справа адценак і сэнс, калі ткнешся ў аголены жудаснай яскравасцю, алагізмам і бессэнсоўнасцю факт, уласным носам.

Але — от дзіва! — чамусьці аж трыста гадоў невытлума-чальным трафам захоўваецца ды жыве ў народзе легенда пра эфемерную здань Белай Дамы ў горадзе, які цяпер ужо называецца Гродна. Здань бытта пры святле дня хаваецца ў шчылінах ды закамарках, а ноччу пахаджвае свабодна, напамінаючы людзям аб сабе, у калідорах былога кляштара на вуліцы Новазамкавай.

Нібы тыя фосфарныя агеньчыкі, што ноччу з'яўляюцца над вясковымі могілкамі!

Няважна, калі ўсё гэта не мае пад сабой матэрыяльнага абгрунтавання. Менавіта пры дапамозе так адмысловай і рамантычнай фантазіі знаходзіць сабе выйсце народная памяць, а дакладней кажучы — памяць пакаленняў. I з гэтым, хочацца каму ці не, звязана ў нас надта многае.

Напэўна, быліцы пра фосфарныя агеньчыкі з магілак, цудосы Святаянскай ночы з падперазанай дзеразой Баравой Цёткай, Белыя Дамы, Самотныя Рыцары ў калідорах старых кляштараў, манастыроў, касцёлаў, капліц і замкаў, парты-занскія гісторыі фарміруюць адную супольнасць, а легенды пра Нібелунгаў, Жанну д'Арк, Смочую яскіню, акамянелых Рыцараў пад Вавелем ды падрабязнасці тых самых дзесяці няшчасцяў, пасланых богам на злога фараона і выхад прыгнечанага народа з Егіпта, альбо заваяванні адважных канкістадораў, ці ўчынкі прававернага Магамета — фарміруюць супольнасці цалкам другія. А ўсе яны надта важныя для росту чалавека. Таму нездарма пасля таго як усвядоміў усю нерэальнасць чутак пра «фосфарныя агеньчыкі» над магіламі, я адчуў сябе непрыемна ўражаным ды расчараваным, бытта атрымаўшы вестку аб смерці роднага мне чалавека.

Значыць, яны для нас вельмі патрэбныя, іначай прырода не закладвала б чалавеку ў генетычны код здольнасцей для ўсіх гэтых перажыванняў!

Вось адкуль мы родам.

Адтуль ідуць і напевы нашых вершаў, паэм, сюжэты аповесцяў, п'ес і раманаў...

Як сабе вы хочаце, а я здымаю шапку перад перламі нашай народнай творчасці. Наднёманскія легенды для мяне святыя, сэрцу мілыя і жыць без іх — як без кіслароду.

Каб мог, я на ўсе гэтыя сівыя быліны пачапіў бы таксама ахоўныя дошкі, якія вісяць на помніках культуры ды на старажытных культавых будынках!

Толькі для данага выпадку знакі такія парабіў бы з чыстага золата!

Гродна

1987-1988 гг.

Аляксей Карпюк

Нарадзіўся 14.04.1920 г. у вёсцы Страшава на Беласточчыне (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.

Скончыў два класы польскай гімназіі ў Вільні. У 1939-1941 гг. вучыўся ў Наваградскай педагагічнай навучальні. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. У час выканання дыверсіі на чыгунцы ў канцы 1942 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль у канцлагер Штутгоф. Увосень 1943 г. уцёк з лагера і прыняў удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 г. быў камандзірам партызанскага атрада імя К.Каліноўскага на Гарадзеншчыне. У 1944-1945 гг. служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены. Скончыў аддзяленне ангельскай мовы Гарадзенскага педагагічнага інстытута (1949). Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана (1949-1951), дырэктарам Біскупцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951-1953), у Гарадзенскім педінстытуце (1953-1955), у абласной газеце «Гродзенская праўда» (1955-1957), уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1961 г. - загадчык агенцтва «Інтурыст» (Горадня), з 1965 г. - сакратар Гарадзенскага абласнога аддзялення СП БССР, з 1970 г. - упаўнаважаны УААП па вобласці, у 1977-1981 гг. - дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Горадні, з 1978 г. - зноў сакратар абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1953 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам ордэна «Віртуці Мілітары» (Польшча).