Выбрать главу

Інтэлігент, які сядзеў насупроць, па-ранейшаму разгляд-ваў людзей мудрымі і поўнымі спакою вачыма, а на яго твары застыла добрая і шчаслівая ўсмешка. Дырэктар школы ці настаўнік. Ды гэтаксама, як Цыган, з бліскучым «Грунвальдам» на грудзях. Толькі дзе ж бачыў я гэтага чалавека?

За Цыганам уціснуўся ў крэсла тоўсты Бакуноў. Той самы, які гадоў з дванаццаць таму назад, калі я быў дырэктарам сямігодкі, уляпіў мне ні за што вымову. Я з ім паспрачаўся з-за цэглы, якую ён не адпускаў на рамонт, і Бакуноў паабяцаў выцягнуць мяне на выканком, што неўзабаве і зрабіў. Прышыў нейкае глупства, я лёгка апраўдаўся, тады Бакуноў на хаду прыдумаў глупства другое. Пакуль я дзівіўся, вымова была ўжо запісана. Бакуноў яшчэ тады чытаў мне натацыі, хваліўся сва-ім партызанскім мінулым. А сам атрымаў толькі «Партызанскі крыж». Такім крыжыкам і атрадных кухарак узнагароджвалі...

«Паўзірайся, Бакуноў, у мяне — «Віртуці мілітары», што ў перакладзе з латыні азначае — воінская доблесць. Гучыць?! Яго даюць за сапраўдныя заслугі!»

Чорт вазьмі, як здорава! Бытта ў лазню прыйшлі. Распрануліся, склалі сваю вопратку і мундзіры, і цяпер крытэрыем у ацэнцы чалавека сталі не службовыя рангі, званні, а — зграбнасць постаці, мускулы, колер скуры, вытрымка твая супроць пары...

Адным словам, я быў настроены на легкадумную хвалю, мяне перапаўняла самахвальства. Ад шчасця быў я шчодрым і добрым, хацелася ўсіх абласкаць. Я надта шкадаваў раўнівага Цыгана, у душы хваліў яго, бо ведаў: «Грунвальда» таксама не даюць абы за што.

Начальства ўрэшце ўселася. Уселіся і партызаны. Хлопцы ўжо збянтэжана ўсміхаліся, пазіраючы на бутэлькі са страка-тымі этыкеткамі, і чакалі адно каманды. Толькі той, хто сядзеў насупраць, заставаўся непарушны. Ён мяне цікавіў усё больш.

«I чаго так пазіраеш, бытта на пустое месца, бытта я табе зрабіў што кепскае?!»

Чалавек павярнуў галаву ў профіль, і тут мяне раптам нібы токам уразіла — Косця Буднік!

Як жа так, малодшы Буднік, брат афіцэра СД — тут?!. Не можа гэтага быць!

Аднак насупраць мяне сядзеў сапраўды ён. Сядзеў спа-койна, упэўнена і з годнасцю. Успомнілася ўся мая ранейшая падазронасць да гэтага чалавека, і цяпер я пачаў у ёй сумнявацца.

Мажліва, я нешта зблытаў?!. Калі малодшы Буднік трапіў сюды, то і яго брат Мікалай павінен быў быць іншым чалаве-кам, чым той, за каго лічу Мікалая я. А мажліва, гэта — рэдкі выпадак, калі адзін брат быў на службе ў фашыстаў, другі — у нас? Але камандаванне ведала пра такія кантрасты ў сям'і Буднікаў, аднак чамусьці нічога не рабіла.

Ліха на яго, хто вытлумачыць мне, у чым справа?!

Тут сваё апавяданне я вымушаны вярнуць к даваеннаму часу, бо інакш нічога не будзе зразумелым.

Раздзел другі

1.

Восенню 1939 года, пасля ўз'яднання Беларусі ў адзіную дзяржаву, мы з братам Валодзькам прыехалі ў толькі што вызваленую Вільню ды паступілі ў гімназію. Уладкаваліся ў інтэрнаце.

Мой Валодзька знайшоў сабе адразу равесніка-сябра — гэтага самага Косцю Будніка.

Ва ўсім інтэрнаце, мабыць, не было такога чалавека, які б не адчуваў да Косці сімпатыі. Ціхі і поўны мудрага спакою, гэ-ты хлапец з якімсьці невясковым, вельмі далікатным, інтэлі-гентным тварам усіх купляў сваёй шчырасцю і ўвагай да субяседніка. Пагутарыўшы з ім хоць адзін раз, ты ўжо не мог забыць цяпла яго разумных, добразычлівых вачэй.

Аднойчы ў інтэрнат да нас заглянулі два старэйшыя хлопцы — Антон Лабовіч і брат нашага Косці — Мікалай. Памяць у мяне была яшчэ неперагружаная, і тыя хлопцы ўрэзаліся ў душу назаўсёды. Антон Лабовіч з колішняй Вільні — сёння быў высокім госцем, сакратаром суседняга ваяводскага камітэта Польскай аб'яднанай рабочай партыі, сядзеў зараз за сталом сярод урачыстай пашаны і ўвагі, а тады, у нашым інтэрнаце, яшчэ нічым не вылучаўся. Затое адразу кінуўся ў вочы яго сябар — старэйшы Буднік.

Калі я зайшоў да іх у пакой, Мікалай сядзеў на братавым ложку, і мяне ўразіла, што вялікая русая галава яго была недзе на ўзроўні маёй, хоць я стаяў. Госць быў амаль двухметровага росту, што з'яўляецца незвычайным і ў наш час, а столькі гадоў таму, як вядома, акселерацыі не ведалі.

Паяўленне волата выклікала ў інтэрнаце сенсацыю. З усіх паверхаў збегліся хлопцы ды пачалі адкрыта захапляцца. На маё здзіўленне, госця гэта не бянтэжыла.

— Ну, надзівіліся?! Шчэ не?.. То глядзіце! — падагнаў ён нас дзелавіта, жадаючы хутчэй скончыць з прыкрым абавязкам, ад якога ён увільнуць, аднак, і не думаў.