Выбрать главу

У кутку тырчэла драбіна, над ёй свяціўся люк на вышкі. За сцяной адчуваўся хлеў, там рохкалі свінні. На драбіну хлопцы накідалі нейкіх мяшкоў, ануч — стань за іх, і ты зусім-зусім невідочны.

Агурцоў падняўся наверх.

На вышках — салома, па ёй можна прабегчы над хлявом, з маху высадзіць плячом дошкі ў шчыце ды з трохметровай вышыні скочыць у мяккі чарназём агарода, у густую сцяну канапель, якую Міхась спецыяльна пасеяў ля сцяны. Немцы атакуюць дзверы, а ты заходзіш з тылу — таксама не кепска.

I вось калі яны з Ленем усё гэта вывучылі ды абгаварылі ў сенях, з вуліцы ўваліўся раптам высачэзны эсэсаўскі афіцэр з новенькай кабурой на левым баку і з жоўтым сакваяжам у руцэ. Антон Васільевіч ведаў, што разведчык Мікалай высокага росту, і чакаў хлапца з мінуты на мінуту. Але дэсантнік не змог перамагчы ў сабе жудасны рэфлекс. Рука мімаволі пацягнулася к пісталету. Ды і Лёня Мядзведзеў потым чэсна прызнаваўся, што здорава перапалохаўся, калі ўбачыў эсэсаўца.

— А, а вось і вы! — першы загаварыў Мікалай, спыняю-чыся.— Ну, як справы, бандыты? Ці доўга яшчэ будзеце блытацца па гэтай самай Гута-Міхаліне?

У голасе Мікалая скразіла радасць ды гонар за хлапцоў. Бывалы, амаль трыццацігадовы мужчына дабрадушна разыг-рываў васемнаццацігадовых юнакоў. Але Агурцову спатрэбіла-ся здабыць у сабе нямала сілы волі, каб падтрымаць тон.

— У нас справы — першы сорт!— ледзьве ён выдавіў з ся-бе скрозь хваляванне.— А твае, гестапавец, як стаяць справы?

— Лепшымі і бьшь не могуць! Усе трое ўсміхнуліся. Першым апамятаўся Мікалай.

— Тады айда ўсе ў хату, бо тут хто з суседзяў яшчэ заўважыць нас цераз плот!

Па-гаспадарску, бытта адгэтуль і не адыходзіў, Мікалай адчыніў дзверы на кухню:

— Заходзьце, калі ласка! За вуліцай Косця і Міхась паглядзяць.

Агурцоў, на маё шчасце, валодаў выдатнай памяццю. Размову, якая неўзабаве адбылася ў хаце Буднікаў, і тыя падзеі перадаў мне падрабязна.

6.

У бакоўцы за сталом любоўна абкладзены мяшочкамі з гарачым пясочкам, ухутаны коўдрай сядзеў Ліхайван. Побач прымасціўся Лукашык. Жадаючы, мабыць, каб аўтаматчыкі чаму-небудзь навучыліся, Ліхайван-Марцірасян дазволіў застацца і ім.

Агурцоў, Мядзведзеў, Конюхаў ды Панін таксама занялі месцы за сталом. Мікалай прымасціўся ля акна, і з вуліцы мож-на было разгледзець яго ладны сіні мундзір — шырокай спіной ён засланіў усё акно. Маці — з карычневым ад старасці і нялёг-кай сялянскай работы тварам, глыбока парэзаным чорнымі ад клопатаў маршчынамі, стала падаваць сняданне на стол ды шчыра запрасіла ўсіх сесці.

Ліхайван першым чынам пацікавіўся, чаму Мікалай яго выклікаў.

— Міша, раскажы ты! — звярнуўся сярэдні Буднік да старэйшага брата, які толькі што ўвайшоў.— Ты лепш ведаеш усе падрабязнасці.

— Кепска, таварыш камандзір,— як бы просячы праба-чэння, што так атрымалася, загаварыў старэйшы Буднік. Ён не спяшаючыся падрабязна расказаў пра ўсё тое, што гаварылі ў вёсцы паліцаі.— Калі іхнія пагрозы так і пакінем, то можам пагарэць. Нават як уцячэм мы, мужыкі, у лес, то куды дзявацца нашым малым дзецям, маёй жонцы, старой маці? Немцы — самі ведаеце, літасці не маюць.

Мужчыны памаўчалі.

— А што за яны, гэтыя трое? Як сябе паводзяць на вёсцы? — праз хвіліну спытаўся камандзір.

— Не лепшыя і не горшыя за астатніх бобікаў,— заўважыў Міхась.— Мясцовыя гады. Але нават сваіх не саромеюцца: што знойдуць у каго, так і грабуць! Вынесла наша суседка бяліць палатно на балота — і тое забралі ды прапілі на вёсцы. Шкада — жонкі няма дома, яна шмат бы расказала, але я адправіў яе з дзецьмі на сёння к швагру ў Аплевічы...

— Як іх толькі зямля на сабе носіць!

— Хіба ж добры хто пойдзе ў паліцыю?

— Мішка, а ты раскажы пра Івана Палітыку! — папрасіла сына старая.

— А праўда, гэта ж яны паддалі старога Івана! — спахапіўся Мікалай.— Я зусім выпусціў з галавы!

— Вядома, яны,— пацвердзіў Міхась ды пачаў тлумачыць Ліхайвану.— Быў у нас такі стары дзівак. Хваравіты, кульгавы, лядашчы... Дома і дроў жонцы ні разу не насёк. Бывала, падвяжа сябе пастроначкам, кіёчак у рукі ды клыпае па вёсцы, расказвае навіны. Усё ён ведаў — і што робіцца ў Брэсце, і што — ажно ў Італіі... Сустрэнеш яго на вуліцы, бывала, а Іван яшчэ здалёк крычыць: «Чуў, Японія спалохалася бальшавікоў і накіравала паслоў у Маскву!.. То-та ў Бібліі гаворыцца: чырвоны певень задзяўбе жоўтага, і — во, маеш!..»

— Што ты, Мішка, нагаворваеш на старога чалавека, царства яму нябеснае! — пакрыўдзілася маці.— Хіба Іван кепскае каму зрабіў? Дзяцей не меў, то і бегаў, апавядаў байкі, а жонка патурала, бы малому!