Выбрать главу

— Дзень добры табе, Восіпавіч!..

— Кажу — дзень добры!.. Прыехаў да братоў і да маці ў госці? Не забываеш, бачу. Малайчына!.. А ў нас немцы шпацы-руюць па сяле, Колечка! Шпацыруюць, а чаго ім трэ, трасца іх ведае! — праз адчыненыя на кухню дзверы выразна пачуў Агурцоў шамканне старога.— Вечарам, халера, прыйдуць з лесу партызаны і таксама будуць нечага шукаць...

— Ісціны бог, праўда! I тыя стануць трасці нас, аняўжэ! — падтакнула суседу маці.

— Эх, і жызня настала, не давядзі госпадзі! — уздыхнуў стары, збіраючыся правіць доўга.— Нездарма мой пакойны дзед гаварыў, што шчэ шылам хлеб станем есці, а чалавек цэлымі днямі будзе ш-каць чалавека на гэтай зямлі!..

— А чаго нам з вамі баяцца, дзядзька Юзік, чаго нам дрыжэць! — пачуўся ўпэўнены голас Мікалая.— Хто вінаваты, хто таго заслужыў, няхай і трымае адказ, а нам з вамі — што? Гэ, большай бяды не было б!..

— Добра табе так гаварыць! Жывеш сабе, як пан, у горадзе ды ніякага клопату не ведаеш, хіба што — прыехаць унь да братоў, да маці па сала ці кумпяк, а нам?.. Падкажы немцам, што ноччу шарылі партызаны,— заўтра зялёныя табе гэтага не даруюць, а не скажаш, то шчэ даведаюцца як-небудзь немцы, і таксама бяды не абярэшся! I як тут быць невінаватым?!.

Хвіліну панавала маўчанне, покуль не азваўся зноў дзед:

— Але што гэта робіцца, скажы, Восіпавіч? Ці доўга так усё працягнецца, халера на яго? Адкажы мне, Мікола, ты ж — вучаны хлапец, у Вільню цябе бацькі пасылалі, і ў турме столькі прасядзеў, табе ўсё вядома.

— Што ён можа ведаць, чаго ты да хлапца, Юзік, чапляешся? — пачуўся ўстрывожаны голас маці.— Хто цяпер увогуле што ведае? Мо адзін бог!

— Але...

— Вы, дзядзьку Юзік, ішлі б лепш дамоў, можа, і ў вас што знойдуць — трасуць жа вёску покуль што з таго канца, і вы паспееце прагледзець! — умяшаўся ў гутарку Міхась.

— I знойдуць пры такім праве! — дапамагла маці сыну.— Унь Юлька Кандратавага за што восенню расстралялі, і не падумаў, што гэта яго згубіць можа — намерваўся кабана тым штыком на каляды калоць!.. Што ім да чалавека прычапіцца?

— Не дай бог, не дай бог, суседка!.. Трэба, мусіць, ісці...

Калі старога агульнымі намаганнямі выперлі з хаты, Агурцоў выйшаў са схованкі і праз акно убачыў немцаў сам. Яны неяк вяла і неахвотна, бытта адбывалі нікому не патрэбную павіннасць, заходзілі ў дамы, сланяліся па падворках, шарылі ў хлеўчуках ды ў кастрагах дроў, спрабавалі лавіць курэй.

— Будзьце начаку, я пайшоў к ім!— рашуча аб'явіў Міка-лай ды зашпіліў усе гузікі і паправіў кабуру.

Неўзабаве ён з'явіўся на вуліцы.

Агурцову было добра відаць, як вялізная яго фігура ў эсэсаўскай форме пасунулася насустрач немцам — апранутым у мундзіры болей цёмнага, чым уніформа Будніка, колеру. Як бы ў насмешку над тым, пра што было толькі што гаворана за сталом аб «пародзістай расе немцаў», усе салдаты трапіліся нізкарослыя, няўклюдныя ды пажылыя, а ўжо Мікалай сярод іх быў Гуліверам. Вось «эсэсавец» упэўнена і не спяшаючыся падышоў да першага салдата, і той выцягнуўся, стаў насмірна.

Аднекуль вынырнуў невялічкага росту афіцэрык ды таксама застыў як слуп. Мікалай да яго загаварыў. Афіцэр адразу ўстрапянуўся і нешта салдатам пракрычаў. Немцы нястройным, рэдзенькім натоўпам прасачыліся міма будынкаў Буднікаў, прыняліся за вобыск у суседнім двары ды ўспалашылі новыя процьмы курэй і расцкавалі сабак і там.

Мікалай з афіцэрыкам накіраваўся ў хату. Хлопцы нырнулі хто куды і замёрлі.

Праз мінуту на кухні пачулася нямецкая гаворка. Зазванілі шклянкі і відэльцы.

Дзверы на кухню па-ранейшаму былі адчынены.

Агурцоў часта чуў незразумелае для сябе нямецкае слова «просіт»! Ды і з цемры яму было добра відаць, як пры слове «фюрэр» афіцэрык, бы паяц, усхопліваўся, стукаў абцасамі ды піў стоячы.

Зноў з'явілася старая і стала дапамагаць сыну ачмураць немца.

— Пане, во, бярыце селядца! — ласкава гаварыла яна дзіўным і прыемным для вуха Антона Васільевіча дыялектам.— Грыбочкаў, грыбочкаў салёненькіх бярыце, паночку, во, гэтых маладзенькіх!.. Закусвайце, пане, закусвайце, ешце на дарогу, наядайцеся, бо да Ружан надта далё-ока!..

Не паварухнуўшыся, з узведзенымі аўтаматамі, з пальцамі на спускавых кручках, Агурцоў з Конюхавым за драбінай, а Лёня Мядзведзеў за шафай прастаялі мінут з дваццаць. Калі нарэшце немец пайшоў, Антон Васільевіч мусіў расціраць нагу — так яна анямела.

— Я ўжо думаў — не мінаваць перастрэлкі! — паскар-дзіўся ён Лёню, адчуваючы вялікую слабасць ад толькі што паспытанага напружання.

— Наеўся і я страху, а няхай на яго хвароба! — паківаў галавой старэйшы Буднік, яшчэ не верачы, што ўсё абышлося найлепш.