— Доўга я не прывык цацкацца! — пахваліўся забойца, разглядаючы рану ў сваёй ахвяры.— Глядзі — дакладна ў цэль і — гатова!
Паліцаі, не спяшаючыся, пачапілі рамяні вінтовак на шыі, дзелавіта ўзялі дзяўчыну за рукі і ногі, падвалаклі да ямы ды з размаху шпурнулі цела на голыя трупы.
— Цьфу, трэба канчаць і з гэтым, а то шэф зноў наляціць ды ўсыпле перцу! — прабурчэў Чэсек.
Абодва павярнуліся з нядобрай рашучасцю да дзядзькі.
Селянін якраз закарэлымі кіпцюрамі здзіраў кальсоны і выставіў напаказ сонцу сваё калецтва. Цяпер на голым целе дакладна віднелася зашмальцаваная шляя, што падтрымлівала грыжу.
Свіслачанін на вёсцы калі і вылучаўся чым, то толькі сваім калецтвам. Аднак грыжа яму жыць не перашкаджала. Дзядзька гэтаксама, як усе, араў, касіў, вазіў прадаваць у мястэчка дровы, на базар — выструганыя зімовымі вечарамі драўляныя лыжкі. У свой час дзядзька Волесь з бацькамі гэтых паліцаяў «егдзіў» і ў Грыбава да святога Альяша, вымольваў там сабе і дзецям шчасця.
У першыя дні акупацыі Волесь на балоце ў сваім абарозе знайшоў раненых байцоў з медсястрой, якая іх лячыла. Дзядзька яшчэ з першай сусветнай вайны памятаў, што з немцамі жарты малыя, яны расстрэльвалі сялян нават за знойдзены ў хаце патрон, які дзеці прынеслі з вуліцы, аднак стары, не задумваючыся, стаў насіць байцам ежу.
Аднойчы немцы яго злавілі, калі ён з кошыкам кіраваў дамоў. Знайшлі неўзабаве і параненых. Байцоў пастралялі на месцы і шпурнулі ў ямы, дзе жанчыны мачылі каноплю, а селяніна з медсястрой-яўрэйкай завезлі ў турму.
За год і пару месяцаў на падарункі бераставіцкаму амтскамісару жонка яго перавяла дзве каровы, усіх авечак, каня, але нічога не дапамагло. Мужыка і медсястру прывезлі ў Беласток, вывелі да ямы і вось...
Волесь зараз чакаў смерці са спакоем практычнага мужыка. Ён не надта і абураўся на паліцаяў, бо галоўнымі заправіламі бачыў тых, хто стаяў за гэтай свалатой,— кожны ж заваявацель знаходзіць парабкаў для бруднай работы.
Да дзядзькі падляцеў Чэсек ды ўдарыў яго ботам у сцягно:
— Ну, кілавы, скончыш ты сёння калупацца ці не?! Што, дапамагчы мо табе?! З табой хочаш па-чалавечы, а ты?!
— Каго падганяеш, сынок?! — пасарамаціў дзядзька маладых нягоднікаў.
— Цябе, вядома!
— Падганяй, падганяй! Страляй, страляй — дастраляешся на сваю галаву!..
— А-а, то ён яшчэ і палохаць будзе, бачыш ты яго?! — здзівіўся служака.— Нездаволены — жонкі больш не ўбачыш, прызнайся? Не ўба-ачыш ужэ яе, гэта то-очна! Можаш пераслаць ёй кілу ў Свіслачаны, перадамо!
— Га-га-га-га!..
— Што вы робіце, гіцлі?! У вас жа абодвух мацяркі е!
— Не вучы нас, стары разумнік! Пакінь мацярок нашых у спакоі! — злаваў Чэсек.
— А вы, дзядзьку Волесь, не цягніце! — з абурэннем падступаў да яго збоку свіслачанец.— Казаў жа вам Чэсек па-добраму! З вамі, і праўда, нельга, як з нармальнымі людзьмі, усе вы — бы тое быдла!..
Мы з братам не вытрывалі і закрычалі на паліцаяў.
Праз імгненне пасыпалася шкло — вартаўнік з вежы, пра якога мы зусім забыліся, паласнуў па нас з кулямёта, і мы пападалі на падлогу.
Немец так і не дазволіў нам высунуцца больш з акна, і канца трагедыі мы ўжо не ўбачылі.
13.
Спадзявацца на тое, што знішчаныя Буднікам тры паліцаі потым адумаліся б і ў іх, мажліва, загаварыла б сумленне,— наіўна. Гэткі вывад зрабіў я сабе пасля таго, як трапіў у такое кодла.
У 1973 годзе ў Гродне адбыўся суд над былымі паліцаямі. Рэлікты гэтыя прытаіліся сабе ў ціхіх куточках краіны ды пражылі трыццаць гадоў бязбедна і спакойна, покуль работнікі дзяржаўнай бяспекі не вывелі іх на чыстую ваду.
Перад судом разам са сведкамі — недабітымі ахвярамі гэтых падонкаў — прайшло дванаццаць былых паліцаяў, якія ў свой час адбылі кару ды цяпер, як звычайныя грамадзяне, сведчылі на сваіх саслужыўцаў.
Вось некаторыя штрыхі з таго працэсу.
Шасцідзесяцігадовы мужчына неакрэсленага выгляду цяжка ўздыхае ды гаворыць:
— Дзяцінства маё прайшло без бацькоў — сірата я, грамадзяне прысутныя! Таму і маленства ў мяне было цяжкое! Пас кароў... Усё па чужых... Прыйшлі немцы — куды дзецца? — паціскае ён плячыма.— I пайшоў я ў паліцыю. Памыліўся, грамадзяне суддзі! Вельмі зглупеў!.. Затое потым чэсна прызнаўся, і радзіма мне ўсё даравала. Я надта вінаваты перад бацькаўшчынай, але яна, як маці родная, усё мне спісала і сказала — жыві сабе на здароўе!.. Грамадзяне прысутныя, выхоўвайце сваіх сыноў і дачок адданымі Радзіме, каб яны ніколі не пераходзілі на бок ворагаў, а былі такімі, як Аляксандр Матросаў!