Выбрать главу

У зале некалькі жанчын запляскалі ў далоні.

— Што вы тут святыя імёны кранаеце — на апладысменты зарабляеце? — абарваў яго пракурор.— У паліцыі вы ў кашава-рах хадзілі? Вы ж разам з іншымі расстрэльвалі дзяцей, жанчын ды старых бабак, рабавалі ды палілі, білі людзей ды глуміліся з іх!.. Хіба ж гэта даруецца?! Вы ж нават свайго апошняга дзядзьку з Зеляневіч паддалі на расстрэл за адно тое, што ён вам некалі надраў вушы за яблыкі! Мо гэта няпраўда?

Рэпліка з залы:

— Расстраляў усіх сваіх ды шчэ крычыць — пашкадуйце мяне, сірату!

Едкі смяшок збіў паліцая з панталыку, некуды падзелася яго бадзёрая наігранасць.

Тым часам пракурор раздзяваў яго дагала.

— У вас, як выявілася сёння на працэсе,— медаль за храбрасць. За што вы яе атрымалі? Напомнім. Прачэсвалі лес і ля вёскі Бяляны надышлі на сонную радыстку. Дваццацігадо-вае дзяўчо з рацыяй пасля дальняй дарогі заснула пад елкай на голым снезе. Перад тым як здаць яе немцам на расправу, вы дзяўчыну згвалцілі!

Зала ахнула.

— А потым? — прадоўжыў пракурор.— Вось вы вялі цераз Гута-Міхалінскі лес затрыманых лесарубаў. Вам здалося, што яны хочуць уцячы, і вы давай іх расстрэльваць! Дзядзька адзін стаў перад вамі на калені, аднак вы са сваім калегам,— пракурор кіўнуў на лаўку асуджаных,— стрэлілі яму ў рот! У ча-тырнаццацігадовай дзяўчынкі вырашылі раней сцягнуць боты і кінулі вашаму сябру цынічны жарт са свайго лексікону: «Каб не папсаваць, бо буду цэліць у грудзі, а траплю шчэ ў халяву!» Затым вы хадзілі між тымі, хто шчэ варушыўся, і дабівалі. Ваш калега толькі што паказаў, як вы ля самай дарогі прыкончылі маладую жанчыну — лёгка параненую. Дастрэлілі?

Пасля хвіліны цягучага маўчання паліцай не то з абурэннем, не то з жалем заявіў:

— А чаго яна ўздумала якраз у той момант спадніцу на калені нацягваць? Хто бы так ведаў, што жывая?!.

— Ах-х!..— па зале пракаціўся выбух абурэння. На лаўцы падсудных — пяць тыпаў. Камандзір узвода карацеляў, трое радавых ды спераду, апусціўшы галаву, кулямётчык Кнап з Зеляневіцкага гарнізона. Худзенькі замухрышка ў светлым пінжачку. Яго маладая адвакатка мне расказвала: «Зайду да яго ў камеру, а ён усё плача. Дам цукерачку, і ён адразу супакойваецца ды робіцца ласкавы, бы дзіця...»

Давала ўжо паказанні пяцідзесяцігадовая жанчына:

— I мяне, дзеўку, выгналі тады ў лес на работы. Як пачалі яны па нас страляць, дак кінулася ўцякаць ад бобікаў і я! А гэты, што сядзіць унь сперадзі ды зыркае воўкам, па мне ўсё разрыўнымі — бах! бах! бах!.. Трапіў! Два гады пластам ляжала і аніяк не магла памерці!.. Кішачкі наверсе ўвесь час сінелі, усё скурай ніяк не зацягвало!.. Вядома, бедна жылі, не было нават солі!.. Здавалася тады — наесца бы ўволю солі і зажыве!..

Сведка зацягвала сваё паказанне непатрэбнымі дэталямі, і пракурор яе далікатна стрымаў:

— А вы добра памятаеце, што гэта быў менавіта Кнап? Столькі часу прайшло, можаце і памыліцца!

— Ці ж я магу такое не памятаць, таварыш пракурор? Ён жа з гарнізона часта да нас п'яны прылазіў, нават заляцаўся да мяне!.. Гэта ён тут, перад вамі, такі смірненькі, як тая авечка, а каб вы бачылі, які нахабны быў тады!.. Нічога, што маленькі — ніколі сваю бляшаную шапку не здымаў: нацягне яе аж на вушы!.. А калі нас гналі, усё стараўся мяне аблапіць...

— Падсудны Лапуста,— звярнуўся да былога камандзіра ўзвода пракурор.— Карысталіся вы тады разрыўнымі кулямі? На «акцыі» ездзілі ў касках?

З-паміж канваіраў усхапіўся мажны мужчына і бытта з крыўдай на тое, што яго хочуць тут улічыць у бракаробстве, нядобрасумленнасці, удакладніў:

— Калі адпраўляліся на заданне ці праводзіць «акцыі», грамадзянін пракурор, усе дыскі і магазіны ладавалі толькі разрыўнымі, а кулямётчыкам яшчэ выдаваліся і каскі, так точна!

У камандзіра ўзвода — чорная густая шавялюра, укладзе-ная пад польку. На ім цёмны касцюм, сам ён пад гальштукам... (Паводле адваката, з хаты яму пішуць родныя: «Сцеражы сябе ад скразнякоў, усё з'ядай, што даюць, і не пі сырой вады; напішы нам, якога табе лякарства лепш прыслаць, якіх дастаць вітамінаў...»)

Расказваў ужо наступны сведка — былы паліцай з Зеляневіч:

— Нічога ўжо не засталося ў галаве, грамадзяне суддзі. Адно памятаю, што ішлі, ішлі і бачым — вёска. Падпалілі, пастралялі ды адправіліся да іншай.

— Гульня для іх была гэта! — дзівіцда нехта ў зале.

Пракурор паліцаю напомніў:

— Потым на пажарышчы пасля вас заставаліся абгарэлыя трупы жанчын і дзяцей, прывязаныя да сцен дротам. Навошта ж вы іх прывязвалі, хіба не разумелі, што ад гэтага іх чакала страшная смерць у пакутах?

Паліцай сцішыў голас: