Выбрать главу

Раздзел пяты

1.

Разахвоціўшыся, Агурцоў паведаміў мне ўсю сваю гута-міхалінскую адысею. Дайшоў аж да апошніх дзён прабывання ў лесе і да таго моманту, калі дэсантнікі Ліхайвана выходзілі з пушчы ў вёсачку, занятую ўжо Чырвонай Арміяй: з радасці яны пад елкай забыліся нават цэлы мяшок нямецкіх марак.

Тут я ўбачыў, што пра Мікалая больш нічога чалавек не скажа. Аб Будніку трэба гаварыць цяпер з іншымі людзьмі.

Я Агурцова перабіў ды спытаўся пра артыстку.

— Белую?!. Гм, Белую!.. Белая, Белая... Пачакайце...

З напружаннем нейкі час ён успамінаў ды раптам ажывіўся:

— Здаецца, такую ведаю і памятаю... Так точна! I таксама бачыў яе толькі адзін раз, але ў мяне выдатная зрокавая памяць! Калі ж гэта было, пачакайце?!. Вядома, за шмат дзён да сустрэчы з Мікалаем. У Зеляневічах на агародах стаяла зялёная сцяна каноплі, а ў Ваўкавыск мы, здаецца, прыехалі з Ліхайванам на сустрэчу з Белай яшчэ зімой. Так, бо дабіраліся на санях! Мы з камандзірам былі апрануты ў сялянскую вопратку. I вазіў нас той самы сувязны — пасля вайны неўзабаве памёр ад звычайнага апендыцыту. Ехалі, і я між калень трымаў загорнуты ў цёплую хустку аўтамат. Памятаю, як мяне тады ўразіла жонка сувязнога — зняла з галавы хустку і сказала: «На, сынок, загарні, яна ў мяне шчаслівая!..» Прыбылі мы на рынак недзе гадзін у восем раніцы, Вы гэты горад доб-ра ведаеце? Ля рэчкі там стаіць будка, заўважылі? Мы ў ёй замкнуліся, а побач з будкай — мосцік і дарога. Насупроць — нейкі склад з вартаўніком. Такі сабе сярэдніх год немчык у саламяных буцах і шынеліку якраз пахаджаў туды-сюды ды прытэпваў, каб не акалець, а мне аж не верыцца, што ўсё гэта наяву. Чакалі мы доўга, перад намі праходзілі людзі, ды ўсё не тыя, хто быў патрэбны. Раптам: «Ком, ком!» — пазваў немец нейкага селяніна ў аблезлым кажусе. Дзядзька, бы не сваімі нагамі, падышоў. Немец яму паказвае — распранайся!.. Тады выняў штык, а ён у іх шырокі, што фінка,— адрэзаў штыком у кажусе рукавы і кінуў чалавеку — забяры! Безрукаўку апрануў сабе пад шынелік, старанна заправіў рамяні. «Вэг!» — папёр чалавека, наставіўшы на яго рулю вінтоўкі. Збялелы мужык у пінжаку, разглядваючы рукавы, з разгубленай усмешкай пакрочыў па вуліцы. Колькі чакалі, цяпер не памятаю. Нарэшце сувязны паказаў дзвюх дам. Адна з лісой, а маладзейшая — з вуалькай. Гэта і была Белая. Яшчэ я заўважыў у яе чолку. Стройная такая ды высокая прыгажуня са светлымі валасамі — шчэ і цяпер стаіць перад вачыма! Ліхайван, памятаю, прамовіў: «Та-ак, гэта, мабыць, падыдзе!» I сфатаграфаў іх «лейкай». Там для гэтага былі ідэальныя ўмовы. Акно выходзіла на мост, хто па ім крочыў, быў нам відочны як на далоні, а мы заставаліся ў ценю. Калі вам давядзецца бываць у Ваўкавыску пацікаўцеся гэтым мостам!

Дзівак чалавек.

Мой бацька пасля вайны дванаццаць гадоў праца-ваў дырэктарам ваўкавыскага рынку. Мосцік — на Ваўкавыі, па імені рэчкі называецца і сам горад. А будка ля рэчачкі бацьку служыла канцылярыяй. Туды міліцыя прыводзіла на допыт жулікаў, п'яніц, і я любіў прыслухоўвацца да іхняй размовы...

Выяўляецца, будка — вунь яшчэ якую сыграла ролю!

—...Дамы паспяшалі на рынак, потым гэтай жа дарогай вярталіся назад. Болей артыстку не спатыкаў. Толькі цьмяна прыпамінаю, што імя Белай вымаўлялася кімсьці яшчэ не раз у Гута-Міхаліне, але кім і ў сувязі з чым — не магу ўжо сказаць, даруйце.

Я назваў тэатр, у якім Варанцова цяпер бытта працавала, і заўважыў, што ў мяне дастаткова фактаў, каб сцвярджаць, што яна была сувязной Мікалая.

— Цалкам магчыма! У нас быў цвёрды закон — ведаць толькі тое, што цябе датычыла, інакш, што за разведка? Толькі Ліхайван ды радыстка Оля Міхайлава, якая перадавала звесткі ў Цэнтр, ведалі ўсё... О!

Агурцоў раптам ускінуў на мяне здзіўленыя вочы, ударыў сябе кулаком па лбе ды аж прысвіснуў:

— Фі-іў, я ж яе днямі бачыў!.. Па тэлевізары ішла творчая справаздача гэтага самага тэатра! Сяджу з сынам перад экранам, гляджу — мільгануў нейкі надта знаёмы твар, потым яшчэ раз, яшчэ!.. Артыстка, між іншым, здорава іграла! Абудзіла ва мне нейкія даўнія асацыяцыі, даўнія вобразы, але колькі я ні думаў, ні напружваў памяць, нічога ўспомніць не змог! Дык гэта была, няйначай, яна!..

2.

У наступны дзень, проста ад Агурцова, прыбыў я ў горад, дзе, па маіх звестках, павінна была жыць і працаваць Марыя Міхайлаўна Варанцова.

Без цяжкасцей знайшоў самавіты, старадаўняй архітэкту-ры, будынак тэатра. Час быў для такой установы не рабочы, і я пранік у тэатр праз службовы ўваход. У прахадной будцы за сталом пажылыя мужчыны і жанчыны ў камбінезонах якраз абедалі; я спытаўся ў іх пра артыстку.