Выбрать главу

Так, тут яна працавала. I, мабыць, даўно, бо ўсе яе добра ведалі пад двума прозвішчамі — Ніканава-Варанцова. Тады чаму ж не адказвала на мае пісьмы?

Дзіўна.

Мяркуючы па той паспешлівасці, з якой гардэробшчыца, вахцёры і пажарнікі адставілі свае бутэлькі з кефірам ды пачалі талкаваць мне, за кім цяпер Варанцова замужам і дзе яе кватэра, артыстка ў гэтым тэатры была асобай значнай ды ўсімі паважанай. Заўважыць усё гэта было прыемна. У інтанацыі простых людзей з дзіўным для майго вуха волжскім оканнем адчувалася да яе яшчэ і нейкае спачуванне ці спагада — так звычайна гавораць пра чалавека, які перажыў цяжкую трагедыю.

Я падзякаваў людзям ды адправіўся па названым адрасе.

Ліха яго ведае, з чаго гэта, але я ўжо даўно так не бянтэжыўся. Бытта ішоў на першае спатканне з каханай і ў глыбіні маёй душы загаварылі раптоўна даўнія рэфлексы — я і не падазраваў, што яны набытыя мной на ўсё жыццё.

Нарэшце прыбыў я на месца.

Чатырохпавярховы дом з доўгімі лоджыямі, поўнымі кветак ды рознай зеляніны. Ідэальнай чысціні лесвічная клетка з прыступкамі пад штучны мармур...

Вось і медная шыльдачка з выгравіраванымі выкрутастай вяззю прозвішчамі: «НИКОНОВ Н. Н. и ВОРОНЦОВА-НИКОНОВА В. М.»

З хваляваннем пацягнуў я руку да гузічка званка.

— Блям-блям! — меладычна прагучэў за дзвярыма сігнал.

Шчоўкнуў французскі замок, і ў дзвярах з'явілася сама Белая. На ёй быў звычайны дамашні фартух у гарошыну,— яна, здаецца, якраз рыхтавала абед.

Кажуць, жанчыны з часам вельмі мяняюцца, але гэта не мела адносін да Варанцовай. Артыстка была такой жа лёгкай, энергічнай і абаяльнай, толькі крыху папаўнела, і каб сустрэў цяпер я яе на вуліцы, то, як і Агурцоў, напэўна, пазнаў бы.

Калі я сказаў, хто я такі, Варанцова чамусьці надта спалохалася. Потым на яе твары з'явілася раздражненне, нешта насцярожанае і нядобразычлівае. Я нават разгубіўся і ўжо не ведаў, як мне далей быць. Але ў паездку столькі было ўкладзена надзеі, што я пастараўся сябе перасіліць: набраўся рашучасці ды ў прасторнай прыхожай пачаў бесцырымонна вешаць паліто.

Праз мінуту я — усё яшчэ не жаданы госць — заняў за сталом месца насупроць артысткі. Яна адразу выпаліла:

— Вашыя пісьмы я атрымала! Адно і другое! Але на іх не давала адказу, бо з вашым сябрам, як. яго... Здаецца, Буднікам Мікалаем, не мела гонару быць знаёмай!

З-пад маіх ног знікала зямля.

— Вы яго не ве-едалі?! — вырвалася з мяне не так здзіўленне, як роспачная просьба.

Я, мабыць, вельмі разгубіўся.

Варанцова-Ніканава аказалася даволі чулай жанчынай. Яна раптам мне паверыла і адразу перамянілася.

— На жаль, не ведала такога, не,— уздыхнула яна вінавата, нават са спачуваннем і зусім супакоілася.— А яшчэ, чэсна гаворачы, не пісала і таму, што баялася правакацыі. Усе гэтыя візіты, намёкі, шаптанні, ліслівыя пісьмы, плёткі, ананімкі ды тэлефонныя званкі — паверце, мне надта ж абрыдлі! Я і вас аднесла да катэгорыі такіх людзей!

Ага, вунь яно што. Тады цябе, бедную, і праўда можна зразумець.

— Даруйце, радзі бога, за такі прыём!.. Так вы аж з тых краёў, з Беласточчыны?!. Вам, мабыць, вядома, што я сядзела пасля вайны?

— У турме-е?!.

— Дзевяць гадоў.

Пабачыўшы маё шчырае спачуванне, Марыя Міхайлаўна ужо па-сяброўску загадала:

— Ідзіце мыць рукі, будзем абедаць, а заадно і пагаворым. Дарэчы, вось і мой муж ідзе!

У прыхожай знімаў паліто мужчына. Ен быў у гадах, хоць яшчэ і не зусім стары.

— Коля, гэта і ёсць той чалавек з Беларусі, што прыслаў мне два пісьмы! — растлумачыла Белая з палёгкай, бытта дзяўчынка, якая толькі што прыйшла ў сябе ад перапалоху, убачыўшы сваю апору і патрона.— Знаёмцеся, мужа зваць — Мікалай Нічыпаравіч. Аказваецца, Коля, ён і праўда шукае свайго таварыша!

— А я табе, дурненькая, што гаварыў? — па-бацькоўску цёпла папракнуў Мікалай Нічыпаравіч жонку.— Гэта вайна такога натварыла, што людзі яшчэ два-тры пакаленні будуць распытваць адзін пра аднаго! Сядайце, калі ласка, к нашаму сталу, будзьце як дома! — звярнуўся да мяне гаспадар ды паглядзеў вачыма, якія разумелі ўсё.

За свой век я навучыўся амаль адразу вызначаць незвычайнасць чалавека. Вось і цяпер я зразумеў — мне здорава пашэнціла. З Ніканавым стала лёгка, проста ды хораша, бытта чалавек гэты пражыў са мной з трыццаць гадоў і дзяліў усе беды.

А яшчэ было такое адчуванне, бытта прырода некалі распалавініла нас ды запусціла на розныя жыццёвыя арбіты, але вось, пасля складаных перапетыяў па калдобінах Сусвету, мы цяпер спаткаліся, і мяне чакала асалода ад таго, што буду пераймаць інфармацыю ад другой сваёй часткі, якая куды багацей жыццёвым вопытам і па якой я страшэнна столькі часу сумаваў. Толькі ж я тут быў у якасці самадзейнага следчага, таму ўсё, што не мела адносін да мэты майго прыезду, даводзілася, на жаль, адкладваць да лепшага часу. Мне нельга было адхіляцца.