3.
Белая насіла з кухні талеркі, гаспадар адкаркоўваў бутэльку, а я азіраўся па кватэры.
На сцяне, побач з грузінскай чаканкай па медзі,— вялізная, 40x60, фатаграфія шчаслівай Белай у абдымку з белакурай і вясёлай дзяўчынкай.
Заўважыўшы, што разглядваю фота, гаспадыня за абедам пачала сваё апавяданне.
— У Беласток прыехала я з першым мужам ды Леначкай. Паўтара годзіка яна мела, калі я там нарадзіла яшчэ і Віцю. Стала яму ўжо тры тыдні, і — вайна!.. Муж пабег раніцой у гарком, а я з малымі кінулася на станцыю, села ў эшалон адступаць. Толькі мы ад'ехалі, як наляцелі самалёты, закідалі ўсё бомбамі, пашкодзілі пуць — няма далей дарогі! Стала дабірацца да бліжэйшай вёскі, каб перачакаць момант. Аднясу чым далей адное з клункам, пакладу ў баразну і целам прыкрыю, покуль немец страляе па нас зверху! Ён паляціць, тады вяртаюся па другое з чамаданам!.. А вакол ірвуцца бомбы, гараць машыны, бегаюць і ашалела вішчаць людзі!.. I вось занесла я Леначку ў якісьці хлеўчык, вяртаюся да кусціка па Віцю, а яго — няма! Разумееце, як напалохалася? Клунак мой валяецца, нават сосачка ляжыць у пяску, а дзіцяці — няма! Я туды, я сюды, я рву на сабе валасы, крычу, пытаюся ў людзей — ніхто нічога не ведае. Каб ён хоць большы быў — каму такая малеча патрэбная?! Цэлы тыдзень шчэ лазіла па навакольных вёсках, спадзеючыся, што верне мне яго хто... Ужо даўно тыя вёскі занялі немцы, а я ўсё не веру нічому і сябе ўгаворваю — гэта сон, гэта нейкае непаразуменне!..
Тады вярнулася ў Беласток на старую кватэру. Мужа фашысты злавілі. Ен быў яўрэем, яго адразу і расстралялі, але я гэтага яшчэ не ведала і лічыла — сядзіць разам з многімі. Неўзабаве пачалі перапісваць людзей для паспартызацыі, я прызналася, што скончыла тэатральны ды працавала артысткай. Мне адразу прапанавалі работу. Пабаялася пашкодзіць мужу і яе прыняла, толькі ў тэатр ісці не згадзілася. Арганізоўвалі ансамбль песні і танца, я ўспомніла, што калісьці мела поспех у самадзейнасці, адразу падумала, што выступаць трэ будзе па навакольных вёсках — усё яшчэ не траціла надзеі знайсці Віцю. Адным словам, пайшла ў пракляты ансамбль. Колькі нацярпелася потым!.. Што ж, чалавек сіл сваіх нават і не ведае, покуль не спатрэбяцца яму!..
Яна на хвіліну змоўкла. Я то пранікаўся павагай да гэтай жанчыны, то насцярожваўся.
— Доўга, да самага вызвалення Беластока, ездзіла па «бецырку», распытвала жанчын, заглядала ва ўсе прыюты ды выконвала свае песні на пажарышчы... Вось за гэта і цярплю,— цяжка ўздыхнула Белая.— Аднак усё было дарэмным: і мая работа мужа не ўратавала, ды Віцю я не знайшла. Адзінае, што змагла,— захавала Леначку. Захавала, зберагла ў такія цяжкія гады, каб страціць яе цяпер...
Артыстка заплакала.
— Маня, перастань, колькі можна! — пачаў супакойваць яе муж.
Кабета зарумзала яшчэ мацней.
— Ну, дарагая, хопіць! Падумай, у цябе ж сёння прэм'ера, не расстрайвайся, інакш — ніякі грым не дапаможа і ты нас здорава падвядзеш!
— Зараз, Коля, ведаю сама...
Пра дачку Белай ведала нават мая мама, але пра сына ўчуў я ўпершыню.
— А што з дачкой здарылася? — устрывожыўся я за Лену.
— Пахавала... Два гады назад...
Артыстка пачала смаркацца пачырванелым носам у фартух — дакладна так, як робяць усе жанчыны, калі апавядаюць пра сваё гора. I толькі цяпер я разгледзеў на яе шыі, пад вачыма, каля вуснаў ужо не маладыя маршчыны.
— Памерла ад хваробы, якую дактары яшчэ не лечаць. Дваццаць шэсць гадоў ёй было, скончыла таксама тэатральны, мела талент, ёй прарочылі будучыню...
Жанчына паказала на фатаграфію вясёлай бялявай дзяўчынкі, якая ўткнулася ў плячо маці:
— Тут шчэ ў трэці клас хадзіла!..
Вось гэта трагедыя. I нікуды ты, выходзіць, ад свайго лёсу не ўцячэш?!
Адна пара маладажонаў з гродзенскага гета сваю малую атруціла цыяністым каліем, бо дзіця перашкаджала дарослым хавацца ў склепе, але потым бацькі ўсё роўна загінулі ў газкамеры.
У час блакады Гута Міхалінскай пушчы выдавала нас сваім плачам маленькае дзіця. Звар'яцелая маладая маці на вачах атрада задушыла яго, але гэта так сама не было выйсце: і да сённяшняга дня не магу дараваць той бабе, нягледзячы на тое, што партызанка потым падстрэліла нямецкага афіцэра.