Выбрать главу

— Чорт вазьмі,— паспачуваў я.— У першую сусветную вайну з Заходняй Беларусі ды Украіны эвакуіравалі 14 мільёнаў чалавек! У гэтую ж — мала мог хто ўцячы, бо — век тэхнікі, іншыя былі тэмпы наступлення. Жанчыны, дзеці перажывалі жудасную трагедыю акупацыі, а знайшліся потым некаторыя праведнікі, якія паставілі гэта людзям у віну. Уяўляю, колькі давялося вам перацярпець і вытрымаць!

— Жах! — падхапіла Белая, удзячная, з затоенай крыўдай уздыхнула.— Ах, якой толькі ганьбы не наслухалася ад зайздросніц — галоўным чынам ад тых, хто акалачваўся недзе ў тыле ды гора не бачыў. I шлюха, і нямецкая падсцілка, і прадажніца!.. Ды і цяпер шчэ... Мае аднагодкі даўно ўжо хто заслужаныя, хто ў народных, а я ўсё — радавая.

Хацелася яе супакоіць. Я намерыўся ўжо ёй тлумачыць, што ў гэткіх паводзінах людзей праяўляецца законнае абурэнне народа, які столькі перацярпеў,— менавіта ў гэткія формы выліваецца яго абурэнне, гнеў на прадажнікаў, ворагаў і квіслінгаў. Ды сказаць мне нешта перашкаджала.

Раптам Ніканаў, які доўга маўчаў, заўважыў:

— Маня, раскажы, калі ласка, таварышу пра Максімава. Мажліва, яму будзе цікава.

5.

Крыху авалодаўшы сабой, Варанцова ўзялася апавядаць зноў:

— Ну, пра Максімава. Ен быў дырэктарам лепшай у Беластоку школы. Відны такі чалавек, вядомы ў горадзе, паважаны ўсімі ды аўтарытэтны. Заўсёды яго бачыла ў прэзідыумах на ўрачыстых вечарах — сядзелі з маім мужам, а я любавалася і нават крыху ганарылася знаёмствам з ім. На трыбуну часта выходзіў — умеў што сказаць, меў пра што гаварыць, і ў яго гэта складна так атрымлівалася. Пачалася вайна, і Максімава адразу не стала. Думала, ён адступіў, як большасць, і нават калі плакала па сваім мужу, то зайздросціла яму, што дзе-небудзь ваюе і там усё для яго проста і ясна.

Мінула з паўгода вайны.

Прылятае аднойчы сяброўка ды са слязамі просіць:

— Маня, вазьмі на кватэру Максімава!.. Ён не паспеў адысці з нашымі, увесь час хаваецца ў мяне, але ж я жыву ў адным пакойчыку, ды і суседкі чужога ўжо заўважылі! Не прыдумаю, куды б яго запіхнуць — вось-вось бяда здарыцца, ты ж ведаеш, што для немцаў жыццё чалавека!.. Ты яго не бойся, ён стаў пранырлівым спекулянтам! Смела бяры, цяпер такія людзі надта выгодныя, будзе дапамагаць трымацца, і ты пабачыш, як адразу стане табе лягчэй!..

А я надта здзівілася:

— Я-ак, такі ідэйны таварыш, камуніст, не ваюе з немцамі, а займаецца ганебнай справай?!

— Не асуджай,— просіць яна,— так ужо атрымалася ў яго! Пашкадуй, няўжо дапусціць, каб і такога мужчыну на Пескі вывезлі?!. Будзь чалавекам, пашкадуй! Ён і вусы адпусціў, з выгляду зусім-зусім змяніўся — ніхто не пазнае, пабачыш!

Адным словам, узяла я яго. I ўзяла зусім не з ідэйных матываў, а — з чыста жаночай жаласці. Занесла ва ўправу немцам узятку ды атрымала на яго пашпарт. Гэткім жа чынам даволі лёгка і прапісала чалавека пад выдуманым прозвішчам. З таго часу Максімаў пару гадоў і побач са мной жыў на адной кватэры ды займаўся сваёй спекуляцыяй.

Ніканаў жонку паправіў:

— Гэта яна так думала!

— Я так лічыла. Памалу ўцягнуў і мяне ў свае справы. Едзем, напрыклад, на гастролі ў раён, Максімаў адпраўляе са мной цяжкую пасылку ды гаворыць:

«Цвікі тут. Глядзі, надта не кідай!..»

Атрымлівалася дзіўна. Чаму не кідаць? Не шкло, не фарфор. Цвікі, як вядома, з жалеза. Але мне было ўсё роўна. Ва ўмоўленае месца пасылку, часамі даволі вялікую, здавала і ўзамен атрымлівала таксама габарытныя пакункі. Я не мела права ў іх заглядаць — такая была ў нас дамоўленасць. Ды, чэсна гаворачы, не надта мяне і цягнула заглядваць. Нават агідна было пра гэта і падумаць, тым больш што Максімаў акуратна выдаваў маю долю харчоў, а мне больш нічога і не трэба было. Мой клопат — толькі б з дачкой пражыць ды мець у турму на перадачы. Пасяліла яго ў асобным пакойчыку, а мы з Леначкай жылі ў другім...

I вось надыходзіць ліпень 1944 года, вызваляюць Беласток. З першымі часцямі чырвонаармейцаў прыязджае ў горад ледзь не сам міністр са світай з Масквы, ды майго Максімава некуды з гонарам адвозяць на «вілісе»!.. Уяўляеце маё здзіўленне?!. Паўтараю, я была шчыра пераканана, што ён — спекулянт.

Нарэшце тое-сёе высвятляецца!

— Марыя Міхайлаўна, успомніце, бо гэта надта важна, куды вазілі тады вы пачкі? — асцярожна, каб не спужаць надта важнае, пацікавіўся я.

— Толькі два ці тры разы — аж у Варшаву. Амаль заўсёды — на хутары пад Ружаны і Пружаны. Ужо менш, мо ўсяго разоў з дзесяць — пятнаццаць — пад Аўгустоў, Сувалкі, Асавец...

Белая па-жаночы не разумела, што менавіта ў названых ёю краях былі партызанскія раёны «бецырка» і, вядома, спекулянты там пажывы мелі мала, бо лясныя хлопцы ў бліжэйшых партызанскіх ад лагераў вёсках харчы падчышчалі пад бубен. Ага, дык вось у чым справа?