Выбрать главу

Жах той мне ніколі не забыць.

Прыходзім у пашпартны стол. Сядзіць афіцэр, над ім лозунг: «Памятай словы фюрэра — вартае толькі тое, што карысна нямецкаму народу!» Немец узяў нашыя фатаграфіі ды пачаў афармляць дакументы. На стале перад ім ляжала вялікая стопка чыстых бланкаў для «аўсвайсаў», афіцэр жа то адварочваўся, то часта падыходзіў да іншых сталоў за клеем, нажніцамі. У калідоры тоўпіліся яўрэі з тых, хто стараўся пераканаць немца, што яны палякі ці беларусы.

I тут артыстка бытта спатыкнулася ды хвіліну вырашала — гаварыць ёй мне ці прамаўчаць.

— Не, не, я далёка не Зоя Касмадзем'янская, вы нават і не падумайце нічога такога! — раптам пачала мяне запэўніваць.— У мяне ўзнікла звычайная простая думка, што гэтыя бланкі могуць каго-небудзь з яўрэяў уратаваць, мне ж украсці іх — так лёгка! I я пару паперак сцягнула. Гледзячы на мяне, Янек пацягнуў ужо цэлую кіпу. Вядома, адразу мы іх перадалі ў калідор. Там пачалі іх неасцярожна раздаваць ды рассыпалі на падлогу.

Праходзіў, як на тое, паліцай, гэта заўважыў.

Адным словам, усіх нас, хто ў той момант знаходзіўся ў пашпартным стале, адразу забралі. Даставілі ў гестапа. Чым такое заканчвалася, усім вядома.

Я ўжо ў думках развітвалася з Леначкай ды плакала: што з ёю будзе?! Гадавалых дзяцей, якія заставаліся без бацькоў, фашысты пачкамі вывозілі ў Германію ў спецшколы, выхоўвалі іх на немцаў. Толькі такіх малых, бы мой Віця, не бралі туды...

З'явіўся эсэсман рабіць нам вобыск. Загадалі ўсім скінуць вопратку. Няхай лепш заб'юць тут, думаю, а ўніжацца распра-наннем не стану — так і гэтак смерць. Ды зноў успомніла малую і пастаралася сябе пераканаць, што перада мной жывёліна, а, напрыклад, перад каровай ці свіннёй раздзявацца не саромелася б.

Яўрэек пакраталі за грудзі, пляснулі па ягадзіцах, і на гэтым вобыск скончыўся. Мяне не чапалі. Праз суткі прывялі на допыт.

«Ну, загаворыш перад смерцю, жыдоўская шлюха? — пакпіў цынічна з мяне малады прышчаты «эсдовец» з тых нашых падонкаў ваеннапалонных, што пайшлі да немцаў на службу. Тып адразу згасіў ва мне ўсялякую надзею.— Ваша сапраўднае прозвішча, адкуль вы і колькі вам гадоў?»

Ва мне раптам усё ўзбунтавалася.

«А вам навошта гэта ведаць? — кажу яму.— Я ж за вас — такога красаўчыка — замуж не збіраюся!.. Расстрэльвайце ўжо так, без прозвішча і біяграфічных дадзеных!»

Падонак пазелянеў ды ўскочыў на ногі з бізуном, і ў гэты момант якраз у кабінет увайшоў той вялізны бландзін-эсэсавец, пра якога збіраюся вам і расказаць. Следчы адразу абсеў. А вялізны прачытаў у пратаколе маё прозвішча ды следчаму кажа:

«О, яна мне якраз і патрэбная, забіраю яе! Біттэ шён, фроляйн, комм міт!»

Іду за ім па калідоры ды ўжо і не ведаю, што і думаць. Наложніцу сабе выбраў, ці што? Часта бывалі такія выпадкі. Ну, не, лепш ужо смерць! — падумала з жахам, а сама вельмі баюся і таго, і таго.

Гэтым часам немец вывеў мяне на вуліцу ды на чыстай рускай мове абвясціў:

«Барышня, спакойна адпраўляйцеся дамоў і болей пастарайцеся не пападацца!»

Я, вядома, спачатку не паверыла сваім вушам. Няўпэўнена іду, аглядваюся, а ён усё стаіць ля варот, глядзіць мне ўслед ды чакае.

Што за дзіва?!

Потым доўга не магла я прыйсці ў сябе ды супакоіцца. З усіх, каго ўзялі за тыя няшчасныя бланкі для «аўсвайсаў», уцалела тады адзіная я. Паваля быў надта разумны, прыгажун і на гітары здорава іграў...

Рускім уласціва блытаць польскае «л» з «ль». I Белая дарэмна яго змякчала, бо сапраўды хлапца звалі — Павала. А ўсе яго называлі проста — Матронін сын, але, вядома, артыстка ведаць гэтага не магла.

З братамі Паваламі, як ужо аднойчы я ўпамінаў, мы з Валодзькам вучыліся ў сямігодцы ў Гарадку, які палякі называюць — Грудэк; такую назву мястэчка артыстка і запомніла. Чэсек Павала потым стаў паліцаем. Гэта ён на нашых вачах, у двары беластоцкай турмы, забіў медсястру ды дзядзьку Волеся са Свіслачан, а пасля вайны я на яго судзе нават пабываў сведкам. I трэба ж было праз дваццаць гадоў прыехаць сюды, аж да Волгі, каб даведацца пра братоў усё дакладна!

7.

Артыстка апавядала мне далей ужо свабодна, як роднаму чалавеку:

— Другі выпадак здарыўся праз паўгода. Перадачы мае, нягоднікі, у турму забіралі, але ад мужа вестак не атрымлівала. Ужо і сама пачала разумець, што фрыцы абдурваюць, бытта ён жывы, але ўсё не паддавалася, бо надзея давала мне сілы. Аднойчы адчула — і нада мной навісае пагроза. Раптам перасталі пасылаць з канцэртамі. Нейкія тыпы пачалі хадзіць па пятах. Максімаў надавуміў зрабіць дзёрзкую спробу, каб зняць усялякую падазронасць. Ён параіў зайсці ў камендатуру з дачкой на руках ды заявіць, што мне вядома, як сочаць за мной, таму няхай лепш расстраляюць, няхай мяне ў канцлагер высылаюць, няхай што хочуць робяць, толькі б не было гэтай цяжкай атмасферы. Маўляў, калі б я была такой, за каго вы, немцы, мяне прымаеце, то будзьце пэўныя — у рукі вам сама не прыйшла б.