Выбрать главу

I вось калі я сядзела ў прыёмнай, раптам заходзіць зноў той самы шыракаплечы ды высокі эсэсавец-бландзін. Згледзеўшы мяне, ён, здзіўлены, спыніўся ды спытаў, чаго сюды прыйшла. Я растлумачыла. Тады эсэсавец узяў мяне пад руку, вывеў на вуліцу ды гэтак добразычліва, як ніколі не мог бы сказаць звычайны немец, раіць:

«Маладая ды сімпатычная, ідзіце адсюль ды болей ніколі-ніколі не падыходзьце да гэтага дома нават і блізка, бо вам тут няма чаго рабіць, зразумела?»

Выходзіць, Мікалай Буднік з Максімавым не былі нават знаёмы, калі адзін з іх адмяняў тое, што раіў другі?!

Ліха на яго, як усё зразумець?!

— Марыя Міхайлаўна, мілая! — узмаліўся я.— Успомніце добра, як тады ўсё адбывалася!.. Мне трэба з падрабязнасцямі, дакладна — вельмі гэта важна!

— Вось вам і падрабязнасці. Памятаю, я тады надзела сінюю сукенку, якую ўсю вайну хавала. Зрабіла нават прычоску, уклала вось так валасы і патраціла на гэта з дваццаць марак. Леначцы апранула матроскі касцюмчык. У яе была прыгожая чолачка, я яшчэ яе наслініла... Абула яе ў белыя басаножкі, а на мне былі новыя «лодачкі»...

Аднак памяць у артысткі была чыста жаночай. Як, бедная, не разумела, што дэталі яе туалета цікавяць мяне найменш?!

— А калі прыйшлі ўжо дамоў ды расказалі Максімаву, што ён на гэта?

— А нічога. Прамаўчаў. Думаў спачатку хавацца, шукалі другую кватэру, планавалі перабрацца ў Варшаву, але, дзякуй богу, абышлося.

— Ну і далей? — зразумеў я са шкадаваннем, што больш ад яе нічога не выцаджу.

— А трэцяя сустрэча адбылася ля турмы. Як звычайна, прынесла я перадачу ды стала апошняй у чаргу. Праехалі якіясьці легкавыя машыны, але апошняя раптам спынілася ды пачала даваць задні ход. Легкавая спынілася каля мяне, і толькі цяпер я ўбачыла, што за рулём — зноў той самы эсэсавец. Афіцэр галантна адчыніў дзверцы ды запрасіў мяне сесці. У машыне болей нікога не было, і я чамусьці ані крыху не баялася. Калі мы ад'ехалі, ён уголас прачытаў напісанае хімічным алоўкам на пачцы прозвішча вязня ды сказаў мне, каб сябе не ашуквала, бо майго мужа няма даўно сярод жывых, што паліцыя, забіраючы пасылкі, мяне гэтак шантажыруе, што трэ паберагчы сябе і дачку. Не пытаючы нават адраса, давёз да самай кватэры, дапамог выбрацца, падаў перадачу, галантна пацалаваў мне руку і ад'ехаў.

I вось я на вуліцы засталася зусім адна. Але не ўпала без прытомнасці на брук, не залямантавала. Да сумнай весткі за два гады паспела ўжо прызвычаіцца, толькі падумала: адкуль гэты эсэсавец ведае, дзе я жыву, адкуль ведае пра нас усё астатняе і чаму клапоціцца аж так пра мяне, што за пашана з боку немцаў? Выходзіць, вунь што за чалавека я спаткала тады — вашага сябра! Вось табе і волат!..

Яшчэ заходзячы да артысткі на кватэру, я прыкінуў — Белая майго росту, а сто восемдзесят сантыметраў для жанчыны — не мала. I калі ўжо такая называе эсэсаўца волатам, то, хутчэй за ўсё, гэта і быў Буднік. Сярод немцаў высокіх траплялася шмат, але ж цяжка сабе ўявіць, каб у горадзе знайшоўся яшчэ адзін эсэсавец-бландзін такога росту, каб адначасна яшчэ ведаў рускую мову ды цікавіўся артысткай.

— З-пад Ружан каго-небудзь памятаеце з тых людзей, каму вазілі пакеты ад Максімава? — пацікавіўся я на ўсялякі выпадак, нічога ўжо не чакаючы ад субяседніцы.

— Чаму не,— задумалася Белая.— Лукашыка з Зеляневіч, братоў Барэйкаў з хутара Круглікі...

— Вы і іх ведаеце?! — жахнуўся я.— Іх жа расстралялі!

— Гэта потым. За раненага, здаецца. А покуль хлопцы былі жывыя, наведвала іх разоў з пяць. Яшчэ добра памятаю Соньку Хіцук з Вількаўшчыны і яе кавалера добра памятаю. Вёсачка бедная-бедная, кавалер гэты няўклюда з няўклюд, а сама Сонька — спраўная, палец у рот такой не кладзі!

Маё здзіўленне артыстку насцярожыла:

— I вы знаёмы з гэтай жанчынай? Соньку я не толькі ведаў.

Не, я чамусьці ўжо цалкам быў упэўнены, што названая сялянка з далёкай Вількаўшчыны мае прамыя адцосіны да трагедыі артысткі. Раптам я аж перапалохаўся, каб не забіць весткай гэтую затузаную кабету. Мне зрабілася не то холадна, не то горача, і я пачаў вагацца — гаварыць пра яе сына ці не гаварыць, бо ўсё ж такі гэта была толькі мая здагадка.

— Марыя Міхайлаўна, дарагая, скажыце, а дзе ў вас Віця згубіўся? — асцярожна пацікавіўся, яшчэ не ведаючы, як перадаць ёй сваю здагадку.

— Пераехалі станцыю Бераставіцу, у вёсцы Клепачы...