— Пабочныя гісторыі мяне не цікавяць, вы пра галоўнае раскажыце! — паспрабаваў я перавесці гаворку.
Аднак у жанчын быў свой рытуал вядзення гутаркі, парушаць яго і не думалі яны.
— На тую хату — новую, з падмуркам? — здзівілася цётка, бытта нічога я і не казаў.— Чаму не, знайшоўся б кавалер шчэ і не такі!
— Мо і гэты быў бы чалавекам, каб не Сонька...
— Каб яго з тропу не збівала!
— Дык хто ж яна такая? — зазлаваў ужо я.
— Хто Соньку Хіцук не ведае?
— Што мае дзеці праз яе намэнчыліся, нацярпеліся! — цягнула ўсё сваё маладзічка.
— Ці ж толькі ты мардуешся? Бегае, як сучка, і за іншымі мужчынамі, зазывае да сябе! Такога старога, як мой, не чапае, вядома, але чуць крыху маладзейшы...
— Бо свайго не мае!
— Самагонку тую жане, іх, дурняў, спойвае! А вядома, што іншаму абармоту трэба? Абы выпіць ды свежая спадніца.
— Цётко, што выдумляеце, хіба цяпер дазваляюць гнаць самагонку?!
Жанчына паглядзела на мяне, як на дурня, пахітала галавой.
— Заўша апарат у яе дыміць!
— Адкрыта!
— Ніколі яго з хлеўчыка не ўбірае!
На самагоншчыкаў — рассаднікаў хвароб, хуліганства, сямейных непаладкаў, зубы тачыў я даўно, і тут бабы задзелі мяне за жывое. Чаго не бачыў у той эмтээс? Лепш выведу на чыстую ваду пачвару-самагоншчыцу.
— Я з рэдакцыі. Даю вам, цёткі, слова гонару, што болей не пагоніць. Зараз паедзем з міліцыяй, забяром яе і ўсю апаратуру. Як дакладна яе зваць? — пачаў я запісваць сабе ў блакнот.— Хіцук Софія... Вёска?
Старыя падказалі.
— Ой, таварыш гарадскі! — спалохалася маладзіца.— Толькі рабеце як-небудзь так, каб ні адная душа не ведала, што сказала вам я, бо зараза маіх дзяцей пакалечыць, а мужык паленам прыб'е, як даведаецца! I паслухайце: сярод начальства яна мае паслушэнства, бо яны знаёмыя шчэ з партызан!
У гэты момант на асфальце з'явіўся «масквічок». Я падняў руку, машына спынілася.
— Толькі дваіх! — высунуў галаву шафёр.
— I вам у той бок? — спытаўся я ў маладзіцы.— Паехалі!
У машыне я ўжо маляваў сабе карціну, як заходжу ў міліцыю, як абураюся, што яна сама разводзіць нездаровыя ачагі, як потым з бравымі хлопцамі ў сініх мундзірах з малінавымі пагонамі прыбываем у вёску, як арыштоўваем распутніцу. Тады я пішу ў газету хлёсткі фельетон, а рэдактар замест эмтээсаўскага матэрыялу залічвае мне гэты.
— Тава-арыш,— даверліва зашаптала маладзіца, нахіляю-чыся да майго вуха.— У мяне ўжо е тры хлопцы, навошта мне чацвёртае дзіця? З такім дурнем і з гэтымі клопатаў хапае!.. Хадзіла ў Ваўкавыск, думала на аборт дамовіцца, цяпер правіцельства дазваляе. Але не ведала, куды звярнуцца. Сорамна пытацца ў чужых людзей... Палазіла, палазіла па горадзе дый вяртаюся ні з чым. Мо дапаможаце мне вы, га?
Я адчуў, што чырванею.
Апрытомнеў я толькі праз кіламетраў дзесяць, падумаў: чаго маю саромецца? Усё гэта чалавечае, а жанчыне сапраўды няма іншага выйсця. Што мне каштуе пазваніць у бальніцу ды спытацца?
— Добра, паспрабую ў Крыніцы разведаць у доктара. Прыеду ў вашу вёску з міліцыяй, вам скажу.
— Ой, рабеце толькі так, каб ні адна душа не здагадалася, што мы знаёмыя! Сонька шчэ маіх дзяцей пакалечыць, а муж з хаты прапрэ!
— Пастараюся.
— Налева унь Крыніцы. А мая вёска — направа. Мяне тут выпусціце. У горадзе хто яшчэ ўбачыць з вамі, перадасць, і бяды не абярэшся ад майго дурня. Я цераз палі да сябе павалакуся. Адгэтуль да Вількаўшчыны — восем кіламетраў.
Машына спынілася.
2.
Начальнік міліцыі Крыніцкага раёна, пажылы маёр, вы-слухаў мяне з насцярожанай увагай і без слова распарадзіўся падаць машыну. Калі мы выйшлі на двор, нас ужо чакала трохтонка.
— Калі ласка! — запрасіў ён мяне ў кабіну. Там было толькі адно месца. Куды ж сядзе начальнік — наверх? Няёмка прыніжаць яго перад шафёрам.
— Я лепш — у кузаў! — скочыў я на кола. Маёр разгублена развёў рукамі.
— Тады і мне давядзецца з вамі...— выразна шкадуючы, што прападае месца з камфортам, кінуў чалавек ды пачаў узбірацца за мной.
На мацёрую самагоншчыцу начальнік чамусьці не выказваў дагэтуль ніякага абурэння. Прафесійная звычка — быць стрыманым і пакідаць эмоцыі адвакатам, пракурору?