Выбрать главу

Мабыць, не толькі таму.

Выглядала на тое, што чалавек не надта верыў у карысць нашай паездкі. Ехаў, бо баяўся мяне. Якраз ішла кампанія супроць самагонаварэння, рэдакцыя не давала спуску і міліцыі. Ды вось у Крыніцу з'явіўся з вобласці карэспандэнт, які лепш ведае, што тут робіцца, чым ведае ён, начальнік міліцыі цэлага раёна, што, мажліва, ужо гатовы матэрыял для фелетона.

Чалавека мне ўжо было шкада. Хіба ён вінаваты? За ўсім не ўсочыш. Сорамна, бытта пажылому і самавітаму дзядзьку вымушаны я паказаць, што ў яго ззаду на нагавіцах дзірка.

Нарэшце маёр з няўклюднасцю стараватага мужчыны пераваліў сваё масіўнае і нягнуткае цела цераз борт, прымасціўся побач са мной на лаўцы, паклаў на калені планшэт. Здзіўлены шафёр, высунуўшыся з кабіны, усё чакаў.

— Вількаўшчыну ведаеш?

— Так точна!

— Вязі!

Машына рванула.

— Лятучка наша паехала на аператыўнае заданне,— пачаў тлумачыць начальнік.— Давялося выпрасіць грузавую на маслазаводзе, прабачце...

— Дабярэмся, таварыш маёр, і на такой! — запэўніў я чалавека як найбольш шчыра.— Лета, не памёрзнем! — Хоць ты залезь пад дошкі ад таго, што гэты бывалы чалавек з такім вымоўным і самавітым тварам, трыма накатамі ордэнскіх планак на сінім кіцелі вымушаны мне, па ўзросце — яго сыну, дагаджаць. Кім ён быў у вайну? Камандзірам батарэі? Батальёна?.. Гэткага ніякая Сонька спаіць не магла б.

Перасеклі мы Мінскую шашу, выскачылі на палявую дарогу.

Калісьці тут былі маляўніча параскіданыя ў купінах прысад дамы. Не адзін бывалы чалавек з-пад якога-небудзь Калініна, Волагды або Чэлябінска, мажліва, якраз у гэтую мінуту глядзіць на свае старыя раны ў ванне ці лазні ды ўспамінае з удзячнасцю бедную цётку з-пад беларускай Крыніцы, якая дала яму кавалак хлеба, кубак малака. А мо ўспамінае тутэйшага дзядзьку, які перавязаў байца, даў цывільную вопратку і завёў да партызан...

Потым фашысты помсцілі гэтым людзям — ні следу цяпер ад тых домікаў. Сям-там віднеліся кавалкі калодзежных цымбравін ды астаткі падмуркаў — бытта контуры старажытных крэпасцей.

А во, здаецца, у той вёсачцы жыла і Палагея Казлоўская.

У сенніку яе сястры, жандары, шукаючы зброю, знайшлі палкавы сцяг. Сястру выратавала бяздзетная ўдава Палагея — яна сказала, што сяннік яе. Жандары загадалі збірацца ў камендатуру.

Цётка ведала, што едзе на смерць, дастала з сундука і апранула на сябе ўсё новае, на развітанне пацалавала сястру і маленькага, падабранага на ваеннай дарозе сірату — таго самага, пра якога я і збіраўся расказаць Белай.

У гарнізоне паліцаі жанчыне на плечы цвіком прыбілі ў жывое цела сцяг так і павялі да шыбеніцы. Цётка была не вучоная і не мела здольнасці да прамовы перад смерцю, што потым прыпісала наша абласная газета. Ды і часу на прамовы каты не давалі — яны бываюць толькі ў кепскіх фільмах. Паліцай закідваў ёй вяроўку на шыю, і цётка Палагея толькі пракляла яго маці, самога абазвала дрэнню ды перахрысцілася,— на, вырадак, вешай!

Пра наступны выпадак трэба расказаць грунтоўна.

3.

З калоны палонных, якую вялі унь там, па Ваўкавыскай шашы, уцёк маладзенькі лейтэнант, родам з Масквы, пра якога яшчэ вядома, што называўся Васілём. У тых кустах хлапца дагнала нямецкая куля, і палонны зваліўся, страціў прытомнасць.

На другі дзень масквіча Васю з прастрэленым тазам знайшлі Барэйкавы хлопцы з ляснога хутара Круглікі, Міша і Ваня,— тыя самыя браты, з тых самых Круглікаў, пра якія так успамінала артыстка Белая. Разумеючы сваё становішча, Вася ўзмаліўся, каб яго дабілі. Браты, як маглі, лейтэнанта перавя-залі, завалаклі да сябе ў лес, што сінее за Зяльвянкай, змайстравалі пад дубам шалаш, раненага паклалі на сена і паабяцалі прывезці ўрача. Слова сваё хлопцы стрымалі.

Знаёмы фельчар з Крыніц агледзеў рану ды заявіў Барэйкам — справа падапечнага безнадзейная. Тут яшчэ на хутар звалілася бяда: ноччу бандыты забілі старога Барэйку. Прыйшлі два ўзброеныя тыпы, палезлі ў куфар, бацька давай іх сарамаціць, тады адзін наставіў абрэз і стрэліў старому ў грудзі.

Сям'я пахавала бацьку, пагаравала ды змірылася. Хлопцы і далей даглядалі Васю.

Надышлі замаразкі. Браты выкапалі Васілю зямлянку, уцяплілі, паклалі туды раненага. Па-ранейшаму два разы ў дзень прыносілі ежу.

Неяк маці пякла масквічу коржыкі з мёдам, а старэйшы сын ёй заявіў:

— Салодкае Васілю апрыкрала. Просіць тое, што самі ямо — бульбу, боршч...

— Ванечка, баршча я згатую,— заўважыла маці,— але ж глядзі, сынок, каб з вамі не здарылася чаго кепскага!

— Мама, хіба можна адмовіцца ад хворага? — умяшаўся малодшы сын, Міша.— Ці ты нас так вучыла?!