Вася памёр толькі праз год. Барэйчыха здагадалася, калі засмучоныя хлопцы вярнуліся з лесу і папрасілі мыла і палатна. Сыны ўзялі вядро, лапаты і адправіліся зноў у лес. Там лейтэнанта абмылі, захінулі ў пасцілку ды пахавалі каля зямлянкі, а капец вырашылі насыпаць пасля вайны.
У апошні момант хлопцам не хапіла вытрымкі. Іхнія клопаты заўважыў сусед-асаднік, данёс каменданту. Сыноў і старую арыштавалі.
— Вы яго кармілі?! Лячылі палоннага?! — доўга мучыў іх начальнік крыніцкай паліцыі, былы паліцыянт з часоў санацыі, які ўжо другі год служыў фашыстам.
Скатаваных ды павязаных пастронкамі сыноў Марыя толькі ўбачыла, калі абодвух вялі ў машыну. Маці хлапцоў ледзь пазнала. Ваня паклаў ёй на калені галаву і пачаў нешта гаварыць. Яна і не здагадвалася, што ён памірае, падумала — сын хоча спаць. Маці падклала яму хустку, накрыла палой і ўсю дарогу, пакуль рухалася машына, падтрымлівала сынаву галаву ды бедавала — а што ж будзе з дачкой, дзесяцігадовай Марынкай, якая засталася дома адна.
Прыбылі яны ў гродзенскую турму. Паліцай заглянуў да іх і закрычаў сябру:
— Ты глядзі — здох гэты! Вутлы тавар ты, Фэлек, прывёз!..
Ваню вывалаклі на турэмны двор, кінулі ў яму. Покуль з цынічным здзекам паліцаі шукалі лапат, маці яшчэ паспела накрыць яму хусткай твар.
Мішу расстралялі ля фартоў за Навумавічамі.
Былая падпольшчыца Люба Зорка ў 1955 годзе ўгаварыла мяне наведаць удаву на хутары Круглікі, пра якую яшчэ я нічога не ведаў. Селі мы на самакаты і пакацілі.
Люба дзяцей не мела і ўсю сваю энергію аддавала другім. Круцячы педалі, паскардзілася на жаночую долю ды расказала пра Барэйкаў.
Паводле Любы, яшчэ здаровая жанчына жыла як пустэльніца і нікога не хацела бачыць — ні знаёмых, ні сваякоў, ні сябровак. Яе хлопцы не былі ў арміі, кабета не мела нават права на пенсію (па законах таго часу). Старшыня сельсавета, райвыканкомаўцы — аднагодкі Вані і Мішы — звольнілі ўдаву ад падаткаў, давалі каня абрабіць агарод, прывозілі на зіму дровы...
Выехаўшы за тую вёску, дзе жыла Казлоўская Палагея, мы апынуліся ў глухім лесе. Былая партызанка арыентавалася ў ім, бы ў сябе на падворку. Папятляўшы па сцежцы скрозь густы ельнік, выбраліся мы нарэшце на паляну.
— Вось і Круглікі! — паціху аб'явіла спаважнелая спада-рожніца.— Якая цяпер Марыя? Колькі мы з ёю перажылі!.. I ў бежанства ў царскую вайну разам выязджалі, і дзеўкамі разам гулялі, і афішкі за польскім часам разносілі, а я сванькай была ў яе на вяселлі разам з Палагеяй Казлоўскай!.. Не бачыла яе ўжо гадоў з пяць. Не любіць, калі да яе хто заязджае. Але ж і пакідаць адну кепска...
Зрабілася ніякавата, заныла сэрца і ў мяне. Хутар меў толькі два дамы. Што прадажнік жыў у хаціне побач, здагадац-ца няцяжка — у ёй былі забітыя аполкамі вокны і дзверы. Люба павяла мяне да дома, крытага дахоўкай, ля самых яго сцен працякала Зяльвянка. Пакінулі мы веласіпеды ля плота ды неўзабаве апынуліся на кухні — прасторнай і ахайнай, з бліскучымі ад чысціні каструлямі.
Што за ліха, тут усё стварала ўражанне, бытта ў доме жыла і харчавалася немалая сям'я. Я ж ведаў, што яе адзіная дачка, Маня, пасля вайны скончыла педінстытут і працавала зараз недзе далёка настаўніцай.
— А, Люба! — даволі спакойна кінула ад кафельнай пліты незнаёмая жанчына, нібы сяброўку бачыла яшчэ сёння раніцой.
Гэта была не зламаная жыццём старая, а — надзіва моцная і рухавая кабета.
— Дзень добры, Марыся! — не пакрыўдзілася Люба на халодным прыём.— А мы з таварышам вырашылі наведаць цябе!
— То сядайце вунь на лаве. Кабета на мяне нават не глянула.
Што ж, яе сыны — прыкладна майго ўзросту. Глядзець жанчыне на мяне — што вярэдзіць аголеную рану. Я не мог адвесці ад яе вінаватых вачэй.
У Барэйкаў мы засталіся на ноч. Жанчыны ляглі ў бакоўцы, а мне паслалі каля сябе, на лаве, хоць побач было пустое памяшканне. Сяброўкі доўга ўглядаліся праз адчыненыя дзверы ў вялікую хату, маўчалі.
— Лес перастаў гаманіць,— першай азвалася Барэйчы-ха.— Мо мая Марынка з'явіцца, калі надвор'е палепшае?!
— Павінна ўстанавіцца! — падхапіла Люба, узрадаваная, што знайшлася тэма, каб адцягнуць увагу сяброўкі. Пастаралася не выпускаць ініцыятывы з рук: — А той хлопец, пра якога мне казалі ў Крыніцах, ездзіць яшчэ да яе?
Маці прамовіла пасля паўзы:
— Раз ці два прыязджаў на ровары...
— Ой, будзе так перабіраць, то дзеўкай застанецца!...
— Дык ён якісьці хвалько і надта пагана гаворыць.— Хвіліну памаўчала і скончыла: — Нічога, знойдзе свайго чалавека, калі перацярпела столькі ды выжыла!..