Выбрать главу

Не адрываючы вачэй ад вялікага пакоя, маці цяжка ўздыхнула. Туды не пераставала глядзець і Люба. Паступова, як магнітам, суседняе памяшканне прыкавала і маю ўвагу. Я нават прыўзняўся ды паглядзеў.

Вялікі пакой праз вокны з чыстымі шыбамі залівала святло месяца. У пакоі было відна. На сцяне сярод партрэтаў вісела рамка з фатаграфіяй, да якой прыглядзеўся я яшчэ днём. Барэйкавы хлопцы да вайны вучыліся ў Гродзенскім настаўніцкім інстытуце і былі знятыя з цэлым курсам. Сярод студэнтаў я пазнаў і Мікалая Будніка, але, дурань, не прыдаў гэтаму значэння, бо справу яго лічыў раз і назаўсёды высветленай — здрайца ён і паслугач фашыстаў... Маю ўвагу цяпер прыцягвала што іншае.

Ля кафельнай грубкі стаялі тры жалезныя ложкі, а над кожным вісела мужчынская вопратка. Здавалася, мужчыны толькі што распрануліся, пайшлі да рэчкі памыцца і зараз уваляцца сюды — дужыя, рухавыя, каб пакласціся спаць. Стала не па сабе: «Ці не наслядзіў я там, разглядваючы фота?»

— I там кафельную печ топіш, Марыя? — пачуўся голас Любы.

— Толькі зімой.

— А падлога як чыста вымыта...

— Кожны дзень праціраю...

—?!.

— I кожны дзень ложкі перасцілаю, вопратку чышчу, абутак...

— I так трынаццаць гадоў?!

— А я іх, мілая, не лічу! — пакрыўдзілася Барэйчыха.

4.

Адным словам, быў я поўны рвення дапасці да Вількаў-шчыны і вызваліць людзей ад агіднага павука, які пасля немаведама якіх цярпенняў, гора ды крыві зараз спрабуе аблытаць сялян сваім павуціннем.

Сустрэлі мы ўчастковага. Машына спынілася.

— Сяржант, вы ведаеце, дзе жыве Хіцук Сонька? — спытаўся ў яго маёр.

— Ведаю.

— Кажуць, яна жане самагонку?

Малады міліцыянер здзіўлена паціснуў плячыма:

— А хто яе цяпер не жане, таварыш маёр?

—?!.

— Чаму да Сонькі, таварыш маёр? Можам заехаць і да каго іншага, бо там у яе хаце — не ўвайсці!

Відаць, маёр хлапцу міргнуў, бо сяржант раптам прыкусіў язык.

— Падавайце сюды свой самакат, паедзем забіраць апарат! — маёр пацягнуўся па сяржантаў веласіпед.— Самі ў кабіну сядайце!

— У кабі-іну? — хлапец замяўся на секунду, вырашыў загадку, чаму там пуставала месца.

— Залазь, залазь туды! — выйшаў з цярпення начальнік.— Пакажаш, дзе жыве, бо я даўно ў яе быў!

Нарэшце сяржант убачыў мяне і зрабіўся сур'ёзны. Хвіліну ён ламаў галаву, як быць.

— Я і адгэтуль шафёру пакажу! — участковы са сваім двухкалёсным транспартам ураз апынуўся наверсе.— I веласіпед буду трымаць!

— Паехалі! — не стаў больш спрачацца маёр.

Машына зноў узняла за сабой воблака пылу.

Я глядзеў па ходу трохтонкі. З левага боку ў зялёнай даліне віднелася Зяльвянка. Перада мной — выбоістая шаша. Ці хоць паспела зайсці маладзіца? Кіламетраў за тры на дарозе не было ні душы. З правага боку — узгорак з камяністым полем. На палетках ледзьве можна было разабраць замораныя кусцікі бульбы. Маёр паважна і салідна маўчаў, затое яго сяржанта аж разрывала — так хацелася пагаварыць, беднаму.

— Ну і ўраджай тут у вас! — паспачуваў я.— Бульбы ўсяго па пятнаццаць цэнтнераў з гектара будзе!

— Нашыя мужыкі кажуць — нічога, што малы, радзіва дабавіць! — з хітраватай усмешкай заўважыў хлапец.

Маёр асуджальна на яго зыркнуў, маўляў — ведаеш, перад кім мелеш языком?! Я зарагатаў.

Паказалася вёска. Яе сонныя стрэхі выцягнуліся ўздоўж рэчачкі. Я сабе на хвіліну ўявіў, якая там страшэнная сумота. Успомніў намёк сяржанта, што самагонку гоняць многія, і Хіцук мне ўжо здалася не такой пачварай. Забярэм у яе апарат, напішу артыкул, а што зменіцца? Ведае, мабыць, пра гэта і начальнік міліцыі, таму такі абыякавы. Каб што-небудзь тут перамянілася, трэба штосьці іншае, чаго не ў сілах зрабіць ні я, ні маёр.

Раптам я ўспомніў просьбу маладзічкі.

— Таварыш начальнік міліцыі, трэба нам падстроіць так, бытта да Хіцук заходзім выпадкова.

Ля першых будынках маёр машыну стрымаў:

— Сяржант, пасядзі тут з вадзіцелем. Тлумач, каторая хата Соньчына.

5.

Хіцук жыла недзе ў канцы вёскі.

З маёрам крочылі мы па вуліцы. Адгэтуль вёска здалася яшчэ больш мёртвай. Сям-там лазілі парасяты, забаўляліся дзеці. Купаліся ў пяску куры. Перасохлая, засмечаная зямля. Струхлелыя платы, якія, мажліва, памятаюць, яшчэ прыгоннае права. Усё зацярушана саломай, высахлым гноем. Электрыч-насці няма. Да горада далёка. Праўленне адгэтуль кіламетры за чатыры. Жывучы ў горадзе, я часта ўяўляў сабе вёску па кні-жках і газетах, дзе пішуць больш пра тое, што павінна быць...

Там, дзе праўленне, напэўна, фермы стаяць з водаправо-дам, электрыкай, ці не крыўдна? У мураваных і сухіх фермах каровы жывуць лепш, чым тут людзі. Што далі гэтым гаротнікам за першыя пасляваенныя гады?! Тут амаль нічога не змянілася з часоў Пілсудскага, калі пад гэтымі стрэхамі дзялілі запалку на дзве палавінкі. Тое, што натварыла вайна, забірае ўсе сродкі. Устаюць з руін гарады, будуюць заводы, паўстае база сяла — фермы, а ў дамы яшчэ нічога не трапляе, хіба што — асвета. Покуль што мы ўсіх вучым, а людзям трэба цярпець...