Паміж дарогай і хаткай — лужа з астаткамі мыльнай пены і памыяў. На гэткім падворку, залітым сонцам, пад дзічкай ста-яла нізкарослая маладзіца ў паркалёвай сукенцы, прышчастая дзеўка з грудным дзіцем ды кешкалася з паўтузіна абарванцаў. Пад кустом валяўся мардаты салдат і касіў вочы на голыя ногі дзеўкі.
— Добры дзень, Сонька! — павітаўся маёр. Маладзіца насцярожана адказала.
— Госці ў цябе? — маёр кіўнуў на вайсковага. Салдат ужо прыкінуўся, што дрэмле. Адно цяпер я ўбачыў яго чорныя пагоны з дзвюма жоўтымі літарамі, якія паказвалі, што хлапец з вайсковага марфлоту. Няйначай — з берагавой абароны, але на вёсцы, вядома, лічыцца мараком.
Ага, мабыць, старыя Казлоўскія менавіта на яго скардзіліся.
— Змарыўся хлапец, таварыш начальнік, няхай адпачне сабе, хіба падворка шкада? — гулліва, зычна і маладжава, нават бы з какецтвам выпаліла кабеціна. У яе былі моцныя і ладныя зубы, скуласты твар, кірпаты нос ды кароткія выга-ралыя валасы. Паркалёвую сукенку адтапырвалі малыя грудзі.
— Чаму ж ты нас у госці не запрашаеш?
Па шэрых вачах кабеты і па яе твары прабег цень неспакою ды трывогі. Секунду яна вырашала — што ўсё гэта мае значыць.
— То заходзьце, калі не ганьбуеце маім палацам, прашу! — прамовіла яна ўжо няўпэўнена.
— Вядзі! — маёр накіраваўся да парога.
— Толькі галаву не пабіце, асцярожна! Увайшлі мы ў сені. Гэта была нежылая палова хаты. Яе, відаць, паступова разбіралі на дровы. Маёр адчыніў дзверы направа, і мы апынуліся ў памяшканні.
Я ўпёрся галавой ў засмоленую столь. Злева — печ. За ёю, уздоўж сцяны — прыкрытыя трантамі нары. Анучы на нарах — перамяшаныя з пацёртай саломай. Уздоўж другой сцяны перад намі — лава, стол. Каля правай сценкі — пуста. Ззаду нас — вядро і некалькі саганоў. Падлога гліняная, непадмеценая. Сцены абдзёртыя.
Такую беднасць я бачыў толькі ў вайну. Страшна падумаць, што тут жывуць людзі.
— Колькі вас тут памяшчаецца? — здзівіўся маёр.
— Многа, таварыш начальнік! — Сонька кінулася выціраць нам счарнелую лаву са шрамамі парэзаў.— Сюды во сядайце, калі не паганьбуеце!
— Як жа вы на гэты ложак улазіце?
— Папярок кладземся!
Толькі цяпер я заўважыў адзіную прызваітую рэч у хаціне. Ля печы стаяла новая дзяжа. У ёй, відаць, было рашчыненае цеста, бо дзяжу гаспадыня накрыла цёплай хусткай.
— Сядайце, таварышы начальнікі, на лаву, сядайце! — кабета адчула спачуванне і адразу аджыла: голас яе стаў гасцінны, шчыры, ажыўлены.
Мы селі. На вёсках дзяжа лічыцца свяшчэннай. На маё здзіўленне Сонька апусцілася менавіта на яе, павярнула да нас твар.
— Ну, як жывеш? — пацікавіўся маёр.
— Самі бачыце — так і жыву! — ахвотна загава-рыла жанчына.
— А дзе ж твой муж?
— Пахавала шчэ ў мінулым годзе!
— Дак ён жа ў цябе, здаецца, не стары быў?
— Туберкулёз зваліў... Яго пад Берлінам ў лёгкае раніла. Дахтары казалі яму высцерагацца, але ж у нас такая хата... Захварэў і — няма!
Я ўжо глядзеў на кабеціну са спачуваннем і павагай; мяне ж і самога раніла — і ў лёгкае, і ў Берліне, і гэтаксама ўрачы папярэджвалі. Мо і служылі ў адной часці? Вядома, нумара палка яна не ведае.
— Фатаграфіі яго ў вас няма?
Сонька зірнула на мяне, як на дзівака, ды збыла пытанне маўчаннем.
Ля парога стоўпіліся дзеці з прышчатай дзеўкай і разглядвалі нас з тупой цікавасцю, бытта заморскіх звяроў. Быў канец лета, загару ў малых — ні следу. Не дзіва,— пігмент вырабляецца адно ў здаровым і добра харчаваным арганізме. Брудныя і струпастыя тварыкі мелі зямлісты колер. З дзеўкай і дзіцём, якое трымала, я налічыў шэсць душ. Маці — сёмая. Амаль у два разы болей, чым членаў маёй сям'і. Як такую араву пракарміць, як даглядзець? Хтосьці разумны прыдумаў дзяржаўную дапамогу шматдзетным сем'ям. А маці на выгляд зусім маладая.
— Шчэ тут не ўсе,— Сонька заўважыла, што лічу яе сямейку.— Старэйшая дачка пайшла ў Ваўкавыск паддувацца ў тубдыспансер. Зара, відаць, вернецца...
— Вы — маці-гераіня?
— Не. Самае меншае — яе! — кіўнула яна на дзеўку.
— Яна ўжо замужам? — са здзіўленнем зірнуў я на яе пухкія, як у дзіцяці, калені і твар.
— Шчэ не! — маці з бессаромнай весялосцю перавяла вочы з дачкі на маёра, мяне.
Успомніў я каравокую маладзічку, у якой гэтая мнагадзетная распутніца і самагоншчыца адбівае мужа, і спахапіўся:
«Фу, раскіс, як баба. Ці маю права быць добранькім? Мо «балтыец» і грошы ўкраў, каб заплаціць ёй за паўлітра. А муж — паранены пад Берлінам, памёр інвалідам вайны. У хаце хворая дзеўка, нэндза. Ліха на яго, як усё заблытана!»