6.
Вярнуліся мы ў хату. Начальнік міліцыі паклаў на лаву медныя спіралі, палез у планшэт за блакнотам.
— Дзядзя-а, не забірайце мамку-у! — абкружылі яго дзеці.
— Не садзіце ў турму-у!
— Нічога, дзеткі. Забяруць мяне, забяруць і вас, вам будзе не горай!
— Ма-ам, мы не хо-очам нікуды, не хадзі-і!
— Не дава-айся!
— Дзядзя-а, не бяры-ыце яе! Малыя павіслі ў маёра на кіцелі.
— Ладна, дзеці, мы яе не возьмем,— запэўніў ён.— Толькі марш адгэтуль на двор! Марш, марш, марш! — начальнік павыпіхваў усіх у сені, зачыніў дзверы.— Сонька, падыдзі бліжэй, пратакол будзем пісаць.
Жанчына не кранулася з месца. Рушыўся парадак яе жыцця, і перад сабой цяпер яна не бачыла выйсця.
— Пішыце, што сабе хочаце! — заявіла яна апатычна.— Пішыце і мяне забірайце. Заадно бярыце і малых, горай нам не будзем там, абы былі разам!
Пратакол — гэта суд. Трэба быць апошнім шэльмай, каб садзіць кабеціну ў турму. Маёр з пытаннем глянуў на мяне — ці не стану потым скардзіцца, што ён парушыў закон?
— Ты, кажуць, у партызанах была? — спытаўся ён так, нібы мне аб'яўляў.
— Бытта не ведаеце! — падхапіла яна намёк.— Дзіця грудное мела, таму ў лес не бралі. З мужыком былі ўсяго толькі сувязныя. З Беластока, а нават з самой Варшавы ці з Мінска ўвесь час да нас прывозілі пасылкі. Тады брала малую — тую, што туберкулёзам цяпер хварэе — на рукі, пакет загарну ў пялюшкі і сцежачкамі ля гарнізона — у лес, а там мяне ўжо чакаюць.— У жанчыны вочы бліснулі гневам: — За гэта потым усе яны сабе паатрымлівалі чыны, ордэны, а нам з мужам выдалі — фігу!
Маёр пабачыў, якое ўражанне на мяне зрабілі яе словы, і ўжо ўпэўнена аб'явіў:
— Ладна, пісаць нічога не будзем. Толькі больш не гані гэтай дрэні, не ганьбі сябе! — ён схаваў блакнот і накіраваўся да пліты.— А брагу, Сонька, пасалю. Дзе ў цябе соль?
— Пакі-іньце, таварыш начальнік! Апошні раз выганю! Столькі мукі, столькі дражджэй змарнавала!.. Дзецям што-небудзь прыкуплю, ім жа ў школу хутка, не псуйце дабро-о!..
— Сама ведаеш, што не магу так пакінуць — закон.
— Вы ўсё мо-ожаце!..
— Нічога — карове яе аддасі.
Сонька напружана сачыла за яго рукамі. Маёр з вышчарбленай глінянай міскі зачарпнуў жменю солі, кінуў яе ў бардовае месіва. Брага ціха сыкнула — нібы надзьмутая камера спусціла дух. Удава адразу асунулася — бытта ў яе на вачах толькі што памёр родны чалавек.
— Трубкі пакіньце,— папрасіла глухім голасам.— Добрыя людзі пазычылі мне...
— I іх забяру, нават не прасі. Гэй, матрос! — стукнуў ён у шыбу.— Ану, занясі мне змеявік у машыну — у канцы вёскі яна!
— Слухаю, таварыш маёр! — даляцела з двара. Салдат ляніва ўвайшоў у хату, узяў трубкі ды паплёўся.
Калі за хлапцом зачыніліся дзверы, Сонька не вытрывала. Яна хапілася за галаву ды ўпала ў істэрыку зноў:
— Ах, гэтая курва, ах, чортавая ведзьма, як яна загубіла маіх дзяцей?! Ну, цяпер табе каўтуны вашывыя павыдзіраю, будзеш бачыць свайго лысага чорта!.. Гэты матрос і сіратой з-за яго пакутуе, Палагея Казлоўская праз яго загінула!.. Лукашык убачыў яго ў Зеляневічах і шапнуў: «Скачы бягом у сваю вёску і кажы Палагеі, хай аддасць каму дзіця ды ў лес уцякае, бо да яе едуць з вобыскам немцы!» Але ж яму прыспічыла выпіць з кампаніяй. У Вількаўшчыну прыбыў, калі яе ўжо забралі. Потым пабаяўся, што не даруюць яму партызаны, падаўся служыць у паліцыю да Ізабэліна! Пастаяў на варце тры месяцы перад камендатурай ды ўцёк да Германіі рабіць на завод!..
На жаль, я тады яшчэ зусім не ведаў, хто такі быў Лукашык, што за пакеты прыбывалі з Беластока, Мінска і Варшавы ў Вількаўшчыну, якую ролю сыграла Казлоўская ў жыцці артысткі Белай і што за дзіця гадавала ўдава. Я толькі бачыў мнагадзетную жанчыну, якая сыграла ў вайну пэўную роль, а цяпер патрабуе ад мяне дапамогі.
— Не плачце, супакойцеся! — пачаў я зноў суцяшаць.— Мы вернемся ў раён да начальства ды пастараемся, каб выдзелілі вам лесу, грашовую дапамогу...
Удава зняважліва на мяне зірнула.
— Буду я не Сонька, калі не выдзеру ёй слепакоў! Вось і надышоў якраз момант ствараць умовы, каб зайсці да маладзіцы.
— Скажыце, пра каго вы ўсё гаворыце, хто вам перашкаджае? Мы зараз пойдзем і папярэдзім, каб вас не чапаў! Я з рэдакцыі. Напішу пра яго ў газеце! Пра якую жанчыну вы ўсё цвярдзіце?
— Так вы і праўда яе не ведаеце? — Сонька паказала праз акно: — Унь, у шаляванай хаце жыве!
— Ну, нам трэба ісці,— уздыхнуў маёр.— Цяпер я нічога канкрэтнага не абяцаю, а вярнуся ў раён, пагавару з начальствам, і падкінем табе што-небудзь. Калі будзе пастанова, заеду і скажу. Не забудзь вядро вады завалачы ў хлеў. Агонь мы затапталі, гарэць там у цябе няма чаму, аднак на бяду мала трэба. Бывай!