Выбрать главу

Белай мама спачувала. Перабіраючы ў памяці ўсё, што аб ёй было гаворана ў нашым доме, я па дарозе ў Гарадок вырашыў: пра артыстку мама ведала куды болей за Мішына і лейтэнанту варта было б першым чынам пагаварыць з ёй.

Паводле маміных звестак, сапраўды, перад вайной Варан-цова з бацькам і маленькай дачкой прыехала к нам на гастролі. Белую немцы, калі занялі Беласток, не кранулі. Арыштавалі толькі яе бацьку, а ёй прапанавалі работу ў ансамблі.

Што было рабіць нешчаслівай жанчыне, у якой на руках грудное дзіця, а жыццё бацькі вісела на валаску? — абараняла артыстку мама.

Белая згадзілася. Яна бытта не спявае нямецкіх песень, а — рускія, беларускія, польскія. I, кажуць, так спявае — хочацца аж плакаць.

У Гарадок прыбыў я пад вечар.

Мне пашанцавала. Белая пасялілася на кватэры ў Пятэль-скіх. З іх Толікам і Нінкай пры Польшчы я вучыўся ў сямігод-цы. На жаль, Толіка немцы вывезлі на работы, але сястра яго была дома. Я зайшоў да яе нібы ў госці.

— Толік — у Герма-аніі? — прыкінуўся здзіўленым.

— А ты хіба не ведаў? Мне тата выпрасіў даведку ў нашага бацюшкі, бытта я замужам. А падобную даведку Толіку айцец Уладзімір даць пабаяўся. Тата яго надта прасіў, але поп сказаў: «Ні за якія грошы хлапцу не выдам!»

Я пачаў развітвацца. Ніна ўзмалілася:

— Алёшка, пабу-удзь у нас, ты ж за вайну яшчэ ні разу не быў у мяне! Пагаво-орым хоць уволю!.. О, давай сходзім зараз на канцэрт — беластоцкія артысты прыехалі!

Гэта мне і трэба было.

6.

У самай вялікай сінагозе немцы асталявалі клуб. Там было нешта падобнае на балкон, дзе некалі мелі права маліцца толькі яўрэйкі. На гэтую галёрку цяпер дазвалялася ўзыходзіць жыхарам Гарадка.

Мы з Нінай залезлі на балкон, паглядзелі ўніз.

У зале на лаўках — чалавек з восемдзесят салдат, увесь гарадокскі гарнізон. На сцэне сем пажылых дзядзькоў у нацыянальных кашулях трэнькалі на балалайках і мандалінах «Свеціць месяц». Гэтая песня, як вядома, з-пад Волгі, але нашыя нацыяналісты ведалі, што да беларускага мастацтва «пераможцы» адносіліся зняважліва, як да культуры пігмеяў, і са сваёй «Лявоніхай» ці «Крыжачком» не вылазілі. Я і сам іграў на мандаліне, таму адразу вызначыў, што музыканты перада мной пасрэдныя. Аднак меладычныя пераборы немцы слухалі ўважліва.

Покуль дзядзькі выкамарвалі адмысловыя каленцы «Месяца», я паспеў асвоіцца і разглядзецца.

Салдаты ўсе маладыя. Дзеля канцэрта яны адпрасавалі штаны, а іхнія прычоскі блішчэлі ад брыльянціну. Сядзелі немцы смірна, як у школе. Да чаго ж можа чалавек мяняцца, якім зманлівым бывае часамі яго вонкавы выгляд!

Шпурнуць бы ім што-небудзь на галовы!..

Я ўжо сабе ўяўляў, як зверху паляцелі гранаты, узбіліся клубы дыму, як салдаты перакульваюць лавы ды панічна кідаюцца да акон, выносяць на плячах рамы, як звініць пабітае шкло. Нават адчуў я нейкі пад'ём, бытта немцы драпалі і на самай справе. А што? Яны не такія ўжо і непераможныя, можна прымусіць іх і драпаць. Унь як пад Баброўнікамі адзін палітрук разграміў іхні батальён пры адступленні — паўдня падбіралі сваіх забітых і раненых немчыкаў...

Раптам музыка змоўкла, і на сцэну выйшла зграбная паненка. Яна была вельмі высокэя. Кідался ў вочы яе пышныя белакурыя валасы.

«Ага, вось чаму называюць цябе Белай! I прыгожая, зараза, нічога не скажаш!..»

Выгаворваючы надта старанна фразы, ад чаго яе нямецкая мова прагучэла няўклюдна і грубавата, бландзінка кінула ў залу жарт. Я яшчэ не паспеў злавіць сэнсу гэтага жарту, а салдаты ўжо дружна зарагаталі. Дзяўчына пачакала, каб у зале сціхлі, тады кіўнула сваім музыкантам. Аркестр сыграў уступ, затым яна прыемным сапрана заспявала на матыў вальса Іагана Штраўса:

«Wierne Blu-ut, wierne Blu-ut!..»

— А ну, камэрадэн, бярыцеся за рукі і дапамагайце мне! — раптам закамандавала яна ўжо па-свойску ды ўскінула рукі, як два клічнікі.

— Ну, і пачалі-і: «Wierne Blu-ut, wierne Blu-ut!..» I сапраўды, маладыя салдаты, пераадолеўшы скаванасць, абняліся, падхапілі прыпеў ды загайдаліся.

Выклікаўшы рытмічнае ажыўленне ў зале, спявачка стала як бы яшчэ вышэйшай. Аркестр то сціхаў, то гучаў на ўсю залу, а паслухмяныя салдаты ад каманды яе белых рук плаўна ківаліся то ўлева, то ўправа і з захапленнем дружна падпявалі. Яны ўжо цалкам былі пад яе ўладай.

А са мной адбывалася дзіўная з'ява.

Бытта стагоддзямі накопленыя ва мне сум, мары ці нейкі нявыказаны жаль раптам знайшлі выхад у прыемным голасе гэтай жанчыны. I я цалкам трапіў пад яе чары. Я таксама ёй падпяваў, не заўважаючы нават, што паўтараю нямецкія словы, ды з нейкай незямной асалодай адчуваў, як пругкія, маладыя нашыя галасы, абмежаваныя сценамі, знаходзяць адзін аднаго ў гэтай зале, пераплятаюцца ды імчаць у нейкую чароўную вышыню, а нам абаім хораша, і я вельмі шчаслівы.