Выбрать главу

— Мне сказалі на вёсцы, што ён б'е вас, гэта — праўда?

— Хай вам сам пра гэта раскажа! I пра ўчарашняе! Чаго вады ў рот набраў?

Я сабе тут пагавару ды пайду, а ім трэба жыць разам, дзяцей гадаваць. Ліха на яго, складаная сітуацыя, не азлобіць бы адно на другое. Угаворваць? Звычайна мы слухаем парады старэйшых, а я ім — амаль равеснік. Дзе ў яго слабінка, каб зачапіцца? Лысы баязлівец, а з такім можна і не цырымоніцца.

— Дак вы, значыць, учора нічога другога не прыдумалі, як пабіць жонку? — схітраваў я зноў.

— А чаго яна есці не наварыла? Я гэтым займацца буду?! — падскочыў муж на табурэтцы.

Нездарма з-за такога загінула Палагея. Дзе былі вочы ў таго Лукашыка, каб такому даручаць сур'ёзную справу? I ездзіў па свеце, а толку — ніякага. Яшчэ і францужанка ласілася на такога...

Маладзічка расплакалася:

— Бо толькі ўбачыла, што зноў... У мяне ўжо е тры хлопцы! I так расстроілася, што злягла-а-а... А табе адразу біцца? У хаце не было чаго есці і ты з голаду ўмёр бы? Сына прымусіў назносіць каменняў і давай пуляць у дзверы!..

— Мы прыйшлі з агарода, а вячэры — няма! — усміхнуўся ён дурнавата.

Жыццё гэтай прыгажуні працякае таксама не ў ружах. Аднак энергічная, ахайная і поўная здароўя маладзічка зможа і без мяне надзець вуздэчку на свайго мужанька.

Я не даў ім больш сварыцца, паспрабаваў як мог памі-рыць. Пакінуў на стале рэдакцыйны бланк са сваім адрасам ды накіраваўся да дзвярэй. Гаспадыня праводзіла.

— Не лёгка вам, спачуваю! — шапнуў ёй у сенях.— Але паправіць усё можаце толькі вы. Знайдзіце сілы.

— Сама ведаю! — уздыхнула.

Выйшлі мы на падворак, і я расказаў пра тое, што даведаўся ў Крыніцах:

— Валяйце проста ў бальніцу, і праз тры дні вас выпусцяць. Даведак ніякіх не трэба.

Жанчына ўдзячна кіўнула.

— I не прыставайце да той гаротніцы, да Сонькі!

— Не буду,— з хітрай какетлівасцю бліснула яна цёмнымі вачыма.

— Ёй яшчэ цяжэй. Яна і партызанам здорава дапамагала, і муж ад ран памёр...

— Што праўда, то праўда. А праз майго і Сібірака злавілі і Палагею забралі... Вырастуць сыны, стануць пытацца, што ім бацька скажа — не ведаю. Трэба нам покуль што хоць у Падароск пераехаць,— шчэ малыя, нічога не разумеюць цяпер...

Вядома, сказанае ёю пра Сібірака тады прайшло міма маіх вушэй.

8.

З дзедавай хаты ўбачыў мяне маёр, высунуў праз акно галаву:

— Ля Сонькі недзе салдат, калі ласка, паклічце! Павярнуў я назад.

Перад хацінай удавы — ні душы. Я накіраваўся падворкам у памяшканне.

За сталом рассядала ўся сям'я і з ажыўленым вяселлем распівала бутэльку самагонкі. Задам да мяне тырчэў мужчына ў сіняй фуфайцы ды гумовых ботах, а побач — салдат. Дзеці мяне заўважылі першыя, паказалі маці.

— Оо-о! — шчыра ўзрадавалася Сонька ды скочыла насустрач.— А я ўжо думала — вы ганьбуеце мною!

— Я не за гэтым...

— Заходзьце, заходзьце! — не давала яна мне сказаць і слова.

Мяне пачала ўжо разбіраць злосць, і я нецярпліва нахабніцу перабіў:

— Таварыш Хіцук, тую жанчыну я папярэдзіў! Калі яшчэ будзе вас даймаць сваім мужыком, напішыце мне, вось мой адрас! — пачаў я аддзіраць бланк.

— Але ж сядайце,— ужо не так упэўнена прыставала ўдава ды пагнала дачку: — Вера, дай места!

— Мы з маёрам даб'ёмся вам дзерава...

— Многія так абяцалі, цяпер ужо нікому не веру! За так мне нічога ніхто не дасць!

— Тады напішыце мне па гэтым адрасе.

— Стану шчэ я!

Яе сумненне перадалося і мне. Ужо неахвотна сунуў я жанчыне ў рукі лісток паперы, паклікаў салдата і пайшоў з хаты.

— Чаму вы прыбылі з войска да дзеда, а не да бацькоў? — пацікавіўся я ў хлапца.

— Каб жа іх меў...

— Памерлі?

— Кінулі пры адступленні. Мне і месяца не было. Адна жанчына падабрала ў кустах ля Бераставіцы ды выкарміла з соскі. Вы ж у газеце пра яе пісалі пару гадоў таму. Толькі сцяг яна не на полі знайшла, ёй даў схаваць Сібірак. Палітрук так называўся, потым у нас з паўгода жыў. Калі маму павесілі ў гарнізоне, мяне пару гадоў гадавала яе сястра, цёця Маруся, покуль не памерла. Затым рос у дзеда з бабай.

— Як гэта цябе бацькі маглі кінуць, што ты вярзеш, адкуль такі пэўны? Мо загінулі, пры адступленні было ўсяляк!

— Мажліва. Толкам цяпер ніхто не ведае, і нікога не спытаеш.

Адзін мой знаёмы з жонкай таксама адступаў тады з малой. У Лідзе наляцелі самалёты. Людзі ў гарачцы хапілі што маглі з кузаваў ды нырнулі ў склеп. Толькі там спахапіліся мае знаёмыя — няма дзіцяці. Муж падумаў, што яго ўзяла жонка, а яна, што — муж. Чалавек выскачыў да машыны, а дзіця — бытта ў ваду канула.