Гадоў з дзесяць пасля вайны высветлілася справа.
Якраз у той момант беглі хавацца манашкі ды пачулі плач малога. Малое яны забралі і здалі ў прыют. Дзяўчынка даўно жыве ў сям'і палкоўніка, зараз канчае дзесяты клас і ўпэўненая, што вайсковы — яе бацька.
А тут — унь якая трагедыя. Я паўзіраўся на спадарожніка са спачуваннем.
Побач са мной крочыў дужы мацак. Твар шырокі, вочы шэрыя, разумныя, чэсныя. Ішоў ён не спяшаючыся, з пачуццём уласнай годнасці ды рабіў уражанне самастойнага і разважлівага мужчыны. Але ж — трыццаць рублёў?!
— Навошта вы бралі ў старых грошы?
— Ён паскардзіўся ўжо? Так бы адразу і сказалі, чаго клічаце!
— Было няёмка гаварыць пры людзях.
— Чаго тут няёмкага? Зразумелі б яны! Учора атрымаў пісьмо з Ленінграда з паведамленнем, што выслалі перавод. Грошы ідуць на два дні даўжэй. Заўтра я іх атрымаю ды старым аддам.
Хлапцу спатрэбіліся грошы, каб дапамагчы Соньцы? Я пабаяўся яго перапытваць, каб не расчароўвацца.
— Трэ было не самавольнічаць, а пазычыць.
— Прасіў! Хіба ж з імі дамовішся, як з нармальнымі? Падумаў, не заўважаць, атрымаю ды пакладу зноў на месца, я ж — не да чужых прыехаў, у сваю хату!..
Салдат гаварыў шчыра і пераканана, як чалавек, які не сумняваецца, што рабіў правільна. Наіўнасць ці маладая бесклапотнасць?
9.
Маёр пісаў пратакол. Перапалоханыя старыя пакорна давалі паказанні. Убачыўшы ўнука, яны апусцілі вочы, змоўклі.
— Дзеду, я ж вам казаў, што аддам заўтра. Навошта вы паніку ўзнімаеце? — з ходу напаў хлапец.
— А я вас яшчэ, салдат, не пытаюся!
— Слухаю, таварыш маёр!
— Вашы дакументы!
Пакуль начальнік штосьці выпісваў сабе ў блакнот з салдацкай кніжкі, я азірнуўся па няўтульным памяшканні.
У хаце было ўсё засмечанае, апушчанае, чорнае — як у пустым свірне, куды рэдка заглядваюць людзі. Пахла мышамі, павуціннем і нечым кіслым. Тут нават мухі не жылі. Бедны салдат чакаў паўгода пабыўкі, прыехаў ды — вось, трапіў. У мяне сціснулася сэрца. Стаяў я перад вушаком, думаў, глядзеў на абшмуленую частым карыстаннем дошчачку, якая вісела перад носам, ды слухаў.
— Я ж яму гаварыў, што заўтра вярну! — адказаў на пытанне маёра салдат.
Начальнік маўчаў, даючы сваякам магчымасць дамовіцца самім.
— Аддасі? — недаверліва перапытваў дзед.
— Хіба ж я вас калі-небудзь ашукваў? — загаварыў хлапец з ім цярпліва, як з малым дзіцём.— Тлумачыў жа вам, што трэба дапамагчы хвораму чалавеку, ён сёння пайшоў у Ваўкавыск, а грошы ў мяне будуць адно заўтра. Вы прамаўчалі. Я падумаў, што вы ўчора згадзіліся. Мы ж — свае людзі, дзеду, навошта міліцыю ўблытваць?
Запанавала маўчанне. Дзед патупіў вочы, яму на дапамогу прыйшла старая:
— Мы самі хворыя, слабыя, і не чужым, а — нам трэ дапамагчы!
Зноў усе няёмка памаўчалі. Зняў я з цвіка дошчачку і толькі цяпер убачыў, што ў ёй спецыяльна выбіты сучок. Чаму яна зашмулена да глянца?
— Юзэф, то мо пачакаеш унуку да заўтра? I пратакола я не пісаў бы...
— Чаму не, можна і пачакаць...
— Дамовіліся,— з палёгкай уздыхнуў начальнік.— А вам, малады чалавек, заяўляю: калі вы не выканаеце абяцання, напішу ў часць. Ведаеце самі, чым гэта пахне.
— Так точна, таварыш маёр!
Узняўшыся, начальнік пацікавіўся дошчачкай таксама:
— Што ў вас?
— А-ай, яны — бы малыя! — асуджальна паківаў галавой унук.
— Надта ж вы цяпер разумныя ўсе пасталі! — пакрыўдзіўся стары.
— Казлоўскі, для чаго гэта? — не адставаў маёр. Дзед сур'ёзна пачаў тлумачыць:
— Каб у каровы ўдой не прападаў, жонка цэдзіць праз яе малако.
— Гэтае дрэва асаблівае? — разыгрываў старога маёр.
— Ну.
— То раскажы, раскажы — цікава!
— Дошчачку выбіраюць з сасны на ветраным баку за магілкамі. Ну, і вырабляюць яе толькі ноччу. Як прапяе першы певень. Ну, і трэ тады аднаму на каленях маліцца...
Мы ўтрох пераглянуліся.
Неўзабаве са старым і ўнукам мы развіталіся.
* * *
У Вількаўшчыну я не заглядваў гадоў з трынаццаць. Толькі чуў, што Сонька дзерава на хату раздабыла, а салдат пасля дэмабілізацыі ажаніўся з яе хворай дачкой і працуе ў калгасе механізатарам.
* * *
Калі я скончыў апавядаць вількаўшчынскія прыгоды, заплаканая артыстка ўпала на калені і абхапіла мяне рукамі.
— Там, напэўна, мой Віця! Гэта — ён, я ведаю! Я заўсёды верыла, што ён знойдзецца! — галасіла яна.— Ой, як буду вам удзячная, калі знайду сына! Божа, куды яго, беднага, лёс закінуў! Зараз жа еду да яго!.. Коля, ні на якую прэм'еру не ідзём! Даруй, але я мушу зараз жа там быць!