Выбрать главу

Уражаны, я маўчаў.

Раздзел сёмы

1.

Вярнуўшыся ад Волгі, праз пару тыдняў зноў выбраўся я ў Вількаўшчыну, бо ўсё не траціў надзеі знайсці хоць якія-небудзь сляды Будніка.

Па Мінскай шашы ездзяць цяпер з камфортам. Мяккім «Ікарусам» ехаў і я. Трагедыя, што разыгралася на гэтай дарозе чвэрць стагоддзя таму, здавалася ўжо далёкай гісторыяй і ніякіх асацыяцый не выклікала. Ужо і я глядзеў на шашу з перспектывы часу, спакойна разважаў: што зробіш, гэтаксама крывавілі дарогі, калі саранчой праходзілі па іх татары, валілі закаваныя ў жалеза крыжаносцы і шведы, а ў сініх мундзірах маршыравалі французы — стань над усім плакаць.

Малады мой сусед трымаў на каленях пяцігадовага Толіка. Уключыўшы «Спідолу», яны праз вялізныя шыбы разглядалі божы свет, нічога не прапускаючы.

— Тата, а во — кароўка! — крычаў малы.— А во — кароў-кіна дочка! А там яшчэ штось!..

«Штось» было жарабяткам.

Хлопчык затое выдатна разбіраўся ў марках машын, якія нас абганялі, а з транзістарам абыходзіўся як з добра вядомым прадметам.

Адзнака часу.

Цяпер і на вуліцах майго горада ходзяць усе ў капроне, перлоне і элегантныя прычоскі ў жанчын, мабыць, не горшыя, чым у модніц маскоўскіх ды варшаўскіх, а скажы вось гэтаму жэўжыку, што па балоце вунь лазіць той самы бусел, які з выраю дзяцей носіць, такі «акселерат» табе адрэжа: «Хіба ў буслоў са сваімі клопатаў мала? Няпраўда, дзядзя, мамка мяне з раддома прынесла!»

Чамусьці ехаў я да Сонькі з трывогай. I трывожыўся не з-за таго, што скажа яна пра сябра надта важнае, чаго я дагэтуль не ведаў. Калісьці пасля дэмабілізацыі з фронту вяртаўся я да блізкіх і гэтаксама непакоіўся: вось я выжыў, мне добра, а як там яны, ці жывыя таксама, ці добра ім.

Як жа я даў такую прамашку — не заглядваў да яе столькі часу?! Жанчына магла б шмат расказаць на тэму, што мяне цікавіла. Беластоцкае падполле было магутнае, аб гэтым сведчаць вынікі баёў летам 1944-га.

Горад над Белай генерал Гарбатаў заняў амаль з ходу, страціўшы толькі 490 забітых. Маленькая мясціна Аўгустоў каштавала генералу 1500 байцоў і камандзіраў, Бельск Пад-ляшскі — 2199, Саколка — 1991, Ваўкавыск — 2500, Гродна — 3000...

Каб не падпольшчыкі, за магутны стратэгічны вузел і адміністрацыйны цэнтр «бецырка» «Белішток», за гэтыя вароты ў Прусію, напэўна, палегла б нашых людзей у дзесяць разоў болей, а тры разы столькі яшчэ былі б раненыя і агулам выбыла б са строю тысяч з дванаццаць — вось што далі арміі добра наладжаныя разведка і падпольшчыкі. Хто б мог падумаць, што вількаўшчынская ўдава мае адносіны да тых падзей! Ці памятае што з тых часоў? Здалёк паказаліся Крыніцы.

Гарадок гэты некалі славіўся на ўсю цэнтральную Еўропу конскім кірмашом. Яшчэ сто гадоў таму адзін граф Сапега прыганяў сюды кожны месяц на продаж да тысячы скакуноў. Розныя прайдзісветы і праныры адкрывалі тут гульню ў рулетку, і яна ў сваю чаргу сцягвала сотні памешчыкаў ды чыноўнікаў-гуляк. Яшчэ крыніцкія кірмашы заманьвалі людзей дзіўнай з пункту гледжання сённяшняга дня вольнасцю. Там можна было: «Апрануцца як хто хоча, і давалася права курыць сігары ды люлькі не толькі ў карчме, тракціры, але — на вуліцы, у крамах і тэатры». Крыніцы адзінаццаць месяцаў спалі, але адзін — гулялі на ўвесь прынёманскі край.

У апошнюю вайну фашысты ўблыталі мястэчка ў сваю авантуру. Яны вызначылі тут усходнюю граніцу «тысячагадовага рэйха» ды плакаты з такой інфармацыяй расклеілі па ўсіх вёсках і гарадах...

2.

Вылез я з «Ікаруса».

У Крыніцах прыбыло дамоў і зеляніны. I тут прахожыя апранутыя элегантна ды пасучаснаму. Дзесьці на акраіне грымела безупынна пальба, нібы там метадычна білі мінамёты. Зіхацеў вітрынамі даўзёрных шыбаў аўтавакзал. На фоне стромкіх вежаў касцёла выдзяляўся белы куб школы...

Я спахапіўся, што прыехаў сюды па справе, ды стаў азірацца, каб знайсці які-небудзь транспарт.

Ля будынка з шыльдай «Фотаатэлье «Ландыш» стаяў грузавік — можа, ён давязе ў Вількаўшчыну? З кузава на брук якраз вылазілі гаварлівыя сваты і сванькі. Вяселле чакала, калі адчыніцца фотамайстэрня.

Сярод ажыўленай кампаніі — чатырнаццацігадовы хлопчык. У ладным касцюмчыку, новых чаравіках ды ў белай кашулі. Падхмеленыя сваты і сванькі штосьці адны адным даводзілі і спрачаліся, адно хлопчык не меў кампаніі, хоць і ў яго на грудзях бялеў бант з міртам. Малы стараўся звярнуць на сябе ўвагу.

Напяліў на вочы чужы капялюш. Спрабаваў узлезці на ліпу. Каменьчыкамі трапляў у перакладзіну тэлеантэны, але ні адна сванька ў белай і доўгай сукенцы не звярнула на яго ўвагі. I хлопчык засумаваў. У канцы вуліцы з'явіўся матацыкл з каляскай.