— На тратуар, машына! — з перабольшаным стараннем ды клапатлівасцю закрычаў малы, хапіў двух п'яных за рукавы, пацягнуў з бруку. Тыя ўпіраліся, галасілі далей.
Матацыкл праехаў, і ў вачах малога зноў з'явіўся сум. Толькі цяпер сум гэты быў адчайны — аж да плачу.
А мае грудзі напоўніла нейкая цяплынь. Я ўспомніў сябе такім, о, як я малога разумеў!
I тут толькі я заўважыў, што матацыкліст, праехаўшы атэлье, спыніўся ды чакае мяне. У чалавеку з насунутай на галаву чырвонай каскай я ўжо разглядзеў знаёмага настаўніка. Ен адкінуў кірзавую накрыўку, запрасіў мяне ў каляску.
— Тава-арыш, і мне-е ў той бок! — узмалілася якаясьці бабка. Покуль я здагадаўся ўступіць ёй месца, сялянка з юнацкай жвавасцю ўзабралася на задняе седала — ехаць такім чынам для яе не была навіна.
Праз хвіліну мы імчалі грунтавой дарогай, але мясцовасць здавалася ўжо мала знаёмай. Я, сын мужыка, адразу заўважыў, што расліны ад мінеральных угнаенняў набралі колеру сакавітага ландышавага ліста, а зернавыя тут дадуць не менш як 30 цэнтнераў з гектара. На палетках не стала каменняў, ад чаго змяніўся цалкам і ландшафт.
— Каменням цяпер капут!— пераможна аб'явіў настаў-нік.— Створана цэлая арганізацыя з магутнай тэхнікай. Гэтае дабро збірае і вывозіць — яшчэ і прыбытак маюць сяляне ад будаўнікоў. У Крыніцах спецыяльны палігон, аманалам ірвуць іх на шчабёнку. Чулі выбухі за горадам?
— Цяпер і нам плацяць за работу ў калгасе кожны месяц! — не вытрывала, умяшалася ў размову і цётка, і на яе загарэлым, бясхітрасным твары засвяцілася непадробленая гордасць.— Бы на заводах, плацяць!..
Успомніўся маёр міліцыі, як ён уздыхаў аб тым дні, калі зможа паслаць на вёску кадры і даць сродкі.
Нарэшце здзейснілася. Вось табе, што далі тыя самыя фермы, куды правялі ваду і святло — раней чым у хату. Цяпер жыві, цётка, радуйся, працуй, гадуй дзяцей і ўнукаў!..
У Вількаўшчыне — высакавольтная лінія. Замест саламяных стрэх усе дахі пакрытыя шыферам. На доўгіх жалезных тычках антэны ад тэлевізараў — праграмы і тут людзі глядзяць з трох сталіц: Мінска, Вільнюса і Варшавы. На загончыках бялелі якіясьці снапы не то сена, не то саломы.
— Гэ! — паздзекаваўся з майго няведання настаўнік.— Нашыя калгаснікі цяпер на сотках позняй восенню сеюць жыта, у пачатку чэрвеня жнуць яго і сушаць каровам на сена, а на ўчастку садзяць бульбу. Восенню бульбу выбіраюць ды цыкл увесь пачынаюць нанова!
— Як у Егіпце — два ўраджаі ў год?! А на якое ліха ім ўсё гэта, яны ж, напэўна, не толькі хлеб, а і да хлеба маюць?
— Каб запоўніць свабодны час. Вярнуўшыся з поля, грэхам лічаць сядзець толькі ля блакітнага экрана. Шукаюць, да чаго прыкласці рукі. Ды старыя звычкі — без каровы і парасяці жыцця не ўяўляюць!
Скончыць свае вывады настаўнік не паспеў — давялося злазіць.
3.
На зялёным схіле гары цяпер — гладкая пляцоўка, густа зарослая сакавітымі лістамі дзьмухаўцу, падарожніку, рамонку. Болей — ні каменя, ні кіёчка, ні кусціка. Толькі знаёмая дзікая груша напамінала, што менавіта тут калісьці стаяла хаціна, быў хлеўчык ды жыла шматлікая сямейка. Зрабілася сумна, агарнула мяне трывога — вымерлі яны, ці што?
За горкай на санцапёку пад бэзам сядзелі жанчыны. Прывітаўшыся, я асцярожна спытаў пра Соньку.
— Яе дом за рэчкай! — паказала жанчына ў белай хусцінцы.— Унь той, незашклёны шчэ, пакрыты дахоўкай!
— Наўрад ці дома застанеце, яна — у дачкі! — дадала другая.
Ад сэрца адлягло.
Тым часам бабы адна перад адной мяне інфармавалі: .
— Невядома толькі ў каторай. У Софіі іх — па ўсім свеце!
— Напэўна, у старэйшай, каторая за марачком. Гэты зяць у турме сядзіць. Сонька дапамагае гадаваць дзяцей без бацькі. Мараку, кажуць, шчэ год застаўся!
— Падумайце, маці родная знайшлася, а яму — марынуйся ў астрозе!..
— Шкада, Палагеі не ўваскрэсіш ужэ!.. Выходзіць, артыстка тут была.
— А за што марак трапіў у турму? — насцярожыўся я.
— Гарэлка нарабіла! Выпілі і пабіліся вечарам! Цяпер за гэта судзяць моцна!
На загарэлых тварах цётак прабівалася цікавасць. Ім аж не цярпелася ведаць, чаго ад Сонькі хачу, таму ўсе былі гатовыя мне дапамагчы.
— Скажыце, калі ласка, Палагея Казлоўская, якую павесілі немцы, як тады дзіця знайшла?
— Бо надта хацела мець малое. У першыя дні вайны бабы беглі да шашы па дабро, а там яго валялася — хоць набірай вазамі. Паляцела з бабамі і Казлоўская. Хто прасціню ці якую падушку хапаў, а яна — дзіця. Ну, і стала гадаваць. На пялюшках было вышыта імя, яна і не мяняла яго. Праз два гады ранены Сібірак лячыўся ў яе сястры, Марусі, і немцы штосьці пранюхалі ды прыехалі з вобыскам. Сібірака злавілі ўжо на полі, а ў сенніку знайшлі яго сцяг. Маруся мела трое дзяцей, таму Палагея віну ўзяла на сябе, толькі папрасіла заапекавацца сіратой...