Выбрать главу

— Ага, і вы, сабакі, трапілі сюды?! — крыкнуў ён ужо цяпер без аглядкі.— Хіба я вам не абяцаў гэтага яшчэ на падворку турмы? Казаў вам, паршывыя свінні, нэ?!. А вы ўсё думалі — на вяселле вязуць!..

Аглушаныя і прыдаўленыя гвалтам людзі паступова сталі кумекаць, чаго ад іх хочуць, і нястройнай калонай рушылі каля навалам пакіданай у вялізныя кучы вопраткі.

Асуджаныя не бачылі, што лявей таго месца, куды іх гналі, з-за бруствера выглядаў нацэлены на іх «машынгэвэр» з закладзенай у казённік металёвай лентай.

Кулямётчык обер-яфрэйтар, звесіўшы ногі ў ячэйку, пакуль што сядзеў на брустверы, з апетытам аплятаў бутэрброд з шынкай і глядзеў на іх вачыма раўнадушнага мясніка. Побач на газеце ляжала яго снеданне і стаялі дзве бутэлькі піва.

Недалёка ад кулямётчыка, ля горкі свежай зямлі тырчэў камандзір узвода з доўгім бізуном і нездаволена чакаў, калі «фэрфлюхтэ поліцістэн» зробяць тое, што трэба. Камузвода «эсэсманаў» раптам выявіў: не ўсе ахвяры раздзетыя. Абураны такім непарадкам, ён закрычаў і, збіваючы расу на траве, кінуўся насустрач калоне.

Крайні ў калоне брыў Толуць з Зуброў. Атрымаўшы бізуном, Міша спыніўся і пачаў сцягваць нагавіцы. Звязанымі рукамі зрабіць гэта было нялёгка. У гэты момант афіцэр, які камандаваў усёй «акцыяй», здалёк віскнуў:

— Ахтунг!..

Узводны ўстрапянуўся — позна. Немец толькі піхнуў мок-рым ботам Толуця ў бок доўгай ямы і рынуўся прэч, пакідаючы людзей кулямёту. А обер-яфрэйтар, пачуўшы каманду, не спяшаючыся, адклаў бутэрброд, дажаваў сняданне.

Тады ён узяўся за бліскучы, пакрыты свежым лакам прыклад «машынгэвэра» і стаў спакойна даводзіць ствол.

Людзі здзівіліся, што нарэшце няма звар'яцелай паспеш-насці, што ніхто іх больш не лупцуе. Усе стаялі босымі нагамі — хто на халаднаватай траве, хто на пацямнелым ад вільгаці пяску. У апошні момант эсэсаўцы прыперлі аднекуль і далучылі да іх сям'ю з шасці чалавек — мужыка, жонку, чацвёра дзяцей. Самае меншае маці несла на руках і, каб супакоіць, яму паціху штосьці спявала. Муж трымаў васьмігадовага сына, ласкава штосьці яму тлумачыў ды гладзіў па галоўцы, а хлопчык уз-дрыгваў ад прыглушанага плачу. Крыху большыя два хлопчыкі ішлі, трымаючыся за рукі, і ўсхліпвалі, бытта іх хто пакрыўдзіў.

За гэтай сям'ёй Міша толькі цяпер з жахам убачыў яму, а ў ёй — поўна народу. Людзі там нібы спалі, аднак позы ў іх былі незвычайныя, і ляжалі яны адзін на адным, як дровы...

— Шлюс! — рэзка прагучала апошняя каманда.

— Шлюс! — як рэха, паўтарылі яе арганізатары «акцыі».

— Шлюс, фэртых!..

— Анфангэн! — зноў падаў голас першы немец. Міша ніяк не чакаў, што самае страшнае здарыцца вось цяпер, у гэты момант. Ён жа яшчэ не гатовы, тут жа дзеці і ўсё гэта так недарэчна! — апошні раз у ім устрапянулася ды закрычала душа. Але нечакана секануў кулямёт. Хлапец не паспеў нават перавесці дых. Нешта чужое і бесцырымоннае раптам штурхнула яго ў спіну, апякло, і ён адразу перастаў чуць стрэлы. У вушах зазвінела, перад вачыма пайшлі нейкія колы, і таго імгнення, калі хлапец, змецены чаргой хуткастрэльнага «машынгэвэра», падаў у страшную адхлань з целамі, для яго свядомасці ўжо не існавала. Яму папоўніў яшчэ адзін труп.

Па заданні оберштурмбанфюрэра Цымермана разам з транспартам асуджаных мог ехаць і Мікалай Буднік. Потым ён мог прысутнічаць пры ўсім гэтым жаху ды бачыць, як рас-стрэльвалі яго знаёмага, Мішу Толуця. Магчыма, такое бывала не раз, і Мікалай глядзеў на жудасную бойню, але не мог і паль-цам пашавяліць у абарону няшчасных. I, магчыма, было б тое самае, калі б ля ямы ў Песках апынуўся я, Валодзька ці каторы-небудзь з яго братоў, бо адмяніць лёс няшчасных ён бы не змог, а толькі выдаў бы сябе.

Апісаныя выпадкі ўражваюць чалавека нават у перасказе. Як жа было перажыць патрыёту тыя жудасныя мінуты, будучы побач з сябрамі і знаёмымі, якіх арыштоўвалі, дапытвалі, катавалі ды расстрэльвалі?

Як было цярпець такое амаль кожны дзень на працягу двух доўгіх ваенных гадоў, не выдаючы сябе, застаючыся з чыстым сумленнем, не пераходзячы той граніцы, дзе канчаец-ца патрыёт ды пачынаецца саўдзельнік злачынстваў?!

Якая патрэбна чалавеку вытрымка для таго, каб у гэткім пекле працягваць сваю справу. Ці знайшоў бы ў сабе столькі сілы волі я?

I, як парадокс, герояў такіх, як Мікалай Буднік, чакала трагічная, фатальная доля. Партрэты людзей, падобных да Кос-цевага брата, часамі пачалі друкавацца пару дзесяцігоддзяў пасля вайны і часта — пасля смерці.

2.

Болей пра свайго знаёмага, на жаль, нічога не ведаю. У дзейнасці яго многа для мяне самога няяснага.