На адной з планёрак супрацоўніцы мне і пасыпалі:
— У вуглавым склепе, дзе бытта бы раней змяшчаліся кляштарныя склады, было зусім што іншае! Учора к канцу дня рабочыя пачалі выкопваць чалавечыя косці — чэрап і дзве бярцовыя косткі. Я стрымала работы ды пазваніла ў медінстытут! З кафедры анатоміі прафесар Габузаў са студэнтамі ідуць! Хай манашкі нам вытлумачаць — як магло там апынуцца чалавечае цела!
— Ой, нават паэтэсу сваю мелі! Яна і цяпер яшчэ жыве на ўскраіне горада!
— Мне ж падказалі гараджане — тутэйшыя манашкі былі заядлымі вышывальшчыцамі. Ігуменша кожны год выставу іхніх работ наладжвала. Нават было спаборніцтва паміж манастырамі. Наш кляштар заўсёды атрымліваў прызы за першае месца — багатыя іконы, дараносіцу. Кажуць, перад самым ад'ездам усе вышыўкі старанна замуравалі ў сцяну, каб мірскім не дасталіся. Хай манашкі скажуць, у якім месцы клад,— мы спецыяльную экспазіцыю з вышывак наладзім!
— А яшчэ кажуць, ноччу тут штосьці палохала!
— Ого!
— А я чула, у гэтых калідорах ноччу і зараз яшчэ прывід Белай Дамы з'яўляецца!
— Ага. I тады касцятрупы рэбрамі ляскочуць!
— А пярэварацені шыпяць — ш-ш-ш!..
— Як у Альшанскім замку!
— Бяры вышэй — як у Ёркшырскім!
— Во гэта — да-а!..
— А вы, хлопцы, не смейцеся, надарэмна людзі не трапалі б языкамі!
Другая супрацоўніца нясмела дадала:
— А мне такіх жахаў намалявалі, што я баялася вам і апавядаць! Бытта бы, калі толькі надыходзіць поўнач, прывід тут так і трымціць у калідорах! То на адным паверсе, то на другім! За сцяной тады жалеза ляскае, грукочуць колы і капыты па бруку — цок-цок! цок-цок! цок-цок! Яшчэ тады нешта енчыць ды надта вішчыць — панічна, адчайна ды так, што за душу хапае!
— А касцятрупы, ведаеш, што тады робяць? Рэбрамі — лясь-лясь! лясь-лясь!
— Ты ўжо аднойчы сказаў, не паўтарайся! I не перашкаджай, я сур'ёзна дырэктару дакладваю!
— Глупства пляцеш!
— Кажу, што чула!
— Байкі. Карлсан жыве ў нас на даху, а ноччу ахунаецца прасцірадлам і носіцца па калідорах!..
Покуль маладыя гэтак спрачаліся, мне нагадалася размова з Ламакам — ты бачыш, казка тая, аднак, і цяпер бытуе. Яшчэ і падрабязнасцямі абрасла.
Вызначылі, каму запрашаць да нас манашак ды з асцярожнай далікатнасцю выпытаць у іх пра сховішча вышывак. Тады я пацікавіўся пра дзіўную легенду: дзе, што, хто і ад каго чуў.
Зрабіўшы невялікі допыт, высветліў неўзабаве — дзяўчаты мае і хлопцы вестку атрымалі з дзвюх крыніц. Адным расказвалі былыя студэнткі медінстытута, каторыя начавалі калісьці ў манастырскіх келлях, а іншым перадалі тыя самыя манашкі.
Калі з кляштара жыхарак перавозілі ў другі горад, дзевяць ці дзесяць кабет ехаць катэгарычна адмовіліся, як іх ні прымушалі. Старыя патупалі на ўскраіну ды пасяліліся хто ў бацькоўскі дом, хто ўладкаваўся, дзе змог. Супрацоўніцы паспелі з імі нават і перазнаёміцца ўжо.
Я ад дзяўчат запісаў адрасы старых ды намерыўся ісці на свае роспыты — трэба глянуць на бабуль больш сталаму воку. Мушу прызнацца, у маім сэрцы ў той момант абудзіліся даўнія хваляванні ды неспакой.
Справа ў тым, што да манашак тых сякое-такое дачыненне я ўжо меў.
Таямніца сімпатычнай манашкі
Вакол старажытнай царквы Барыса і Глеба з XII стагоддзя, гродзенцамі празванай Каложай, цяпер тырчаць рэдкія дрэвы гарадскога парку: камсамольцы кожны год бяруцца давесці яго да ладу, але парк дзічэе яшчэ больш. Калісьці на яго месцы буяў вялізны кляштарны агарод. Там манашкі запасілі сабе харчы на цэлую зіму, таму старанна агарод вартавалі.
У галодны пасляваенны час студэнты педінстытута, калі добра сцямнее, адпраўляліся на Каложу, каб пажывіцца. Сабак кляштар чамусьці не трымаў, і жанчын абдурыць было даволі проста. Адзін студэнт пачынаў з вартаўніцамі дражніцца ды палохаць, і кабеты адразу ляцелі да вартаўніцы з падмогай.
Калі ўзбуджаныя манашкі збіваліся да купы і ў малітвах клікалі дрыжачымі галасамі на падмогу Госпада Бога, рэшта хлопцаў ныралі ў густую зеляніну і набівалі сабе торбы галоўкамі капусты, гуркамі і памідорамі. Кляштарная агародніна была вышэйшага гатунку — смачная і сакавітая.
Папрасі тых кабет добра, і, мабыць, гародніны далі б і самі, але нас цягнула дабываць іх са скандалам і азартам, каб потым яшчэ і хваліцца перад дзяўчатамі пра тое, чаго не было.