Выбрать главу

Гадоў з пятнаццаць пасля вайны я кіраваў мясцовым літаб'яднаннем. Да нас зачасцілі мінскія пісьменнікі. Заўсёды яны прасілі завесці іх у царкву гэтага самага кляштара — у адзіную, мабыць, такую ўстанову на ўсю Беларусь. Комплекс кляштарных будынкаў тады быў у ідэальным стане. У чысценькім падворку прыгажэлі вялізныя кусты ружаў і бухматых вяргінь пунцовага колеру. Панавала атмасфера павагі, спакою, ладу. Паветра было насычанае размаітымі па-хамі. Высокія муры не прапускалі аніякіх гукаў.

Сярод манашак выдзялалася самая маладая. З-за кліраса яна заўсёды кідала ў наш бок доўгі, поўны журботнага суму позірк цёмных вачэй і затоенай надзеі — так нам, прынамсі, тады здавалася. Калі ж заўважыла, што ёю цікавяцца, было нам выразна відаць, як тыя самыя вочы загарэліся жывым бляскам, а сама станавілася адразу жывой і рухавай.

Нябожчыку Міколу Т. манашка па нейкім часе так спадабалася, што празаік потым прыязджаў з-за яе яшчэ не адзін раз ды хадзіў у царкву. Я рабіў выгляд, бытта не здагадваюся, куды Мікола Т. з гасцініцы знікае.

Не памятаю, як мы даведаліся, што манашку зваць — сястра Ганна. Імя падабалася і ўміляла.

Бывала, стаім на малебне. Зладжана гучыць невідочны хор — галасоў на пяць. З кадзіла свяшчэнніка цячэ сінусоідай струменьчык сіняватага дымка ды ляніва купаецца ў шырокіх праменнях, што коса перасякаюць пустую пройму царквы. Ужо распуша-ныя сіняватыя струменьчыкі паднімаюцца да акенцаў пад вялізным, бытта спецыяльна пабудаваным для не абы-якой астранамічнай абсерваторыі купалам, але нашая ўвага прыкавана да іншага.

Дакладна таксама, як Міколу Т., таямнічая асоба хвалявала і астатніх.

Гледзячы на яе мяккія абрысы, маладзенькае цела, густоўна запакаванае, няйначай як у шаўковыя цёмныя накідкі ды гэтак адмыслова накладзеныя адна на адну, што жаночая постаць вабіла яшчэ больш, гледзячы на яе белы і мілавідны тварык, набрынялыя не то мацярынскай ласкай, не то дзявочым сумам вялізныя вочы, перапоўненыя анельскай ласкай, ло-вячы пад чорным каптурам гарэзлівы, яшчэ і з пры-хаваным какецтвам нахіл галавы, так і цягнула кінуцца ёй на падмогу ды абараняць ад усяго нядобрага.

А як жа іначай? Гэта ж трэба, каб у самым звычайным кляштары ды ў глухой правінцыі, дзе здавалася б няма адкуль нарадзіцца і вырасці чаму-небудзь талковаму, з'явілася гэткая чароўнасць! А ўсё, мабыць, з-за таго, што душа яе надта стамілася ад шэрасці, засумавала па дасканалым, прыгожым і па гармоніі да такой ступені, што і сярод пустыні ўсё тое выму-шаная была радзіцца з самой сябе, пераўтварыўшыся ў прывабную крыніцу творчай сілы і натхнення.

Мы дружна ўздыхалі — ну і манашка!

Мікола Т. аднойчы кінуў услых:

— Такую і ў Саюз пісьменнікаў варта было б прыняць, каб асвяжыла ў нас атмасферу, праўда, хлопцы?

Нам, бывалым ды неаднойчы бітым, таму надта ж і асцярожным абармотам, парушыць граніцу ўстаноўленых нор-маў паводзін не дазвалялі ўмоўнасці таго часу (як ты потым сваю сімпатыю ды цікавасць да «цемрашалаў ідэалагічнага фронту», якія бытта бы маюць сувязь з «замежнымі дывер-сійнымі цэнтрамі», вытлумачыш свайму, напрыклад, парторгу, калі ён пачне цябе выклікаць?). Сваю бездапаможнасць ста-раліся прыкрыць здагадкамі, охамі ды ахамі. Калі ж адыходзілі ад кляштара, з абурэннем меркавалі — якія гэтыя святары са сваёй рэлігіяй нелюдзі. Падумаць толькі, у век прагрэсу ды росквіту навук калечыць такія нявінныя душы! Падумайце, з-за чаго? З-за старадаўніх вымыслаў, розных небыліц і шабло-наў, з-за дурных забабонаў!

Калі трапляўся сярод нас чалавек новы, ён яшчэ абавязкова дэкламаваў з Максіма Танка:

...Нат пад журботнай вопраткай чорнай Ты адгадаеш стан непакорны, Ножкі, якімі б на карнавалах I захапляла б і чаравала, Смуглыя рукі, грудзі тугія...

Такім чынам, тупаў я да багамолак. Ішоў да людзей, з якімі наш музей меўся весці дуэль.

Дзіўная была дуэль.

З аднаго боку — тысячы пераканаўчых экспанатаў, кні-жак, часопісаў з разумнымі артыкуламі вучоных і журналістаў, слайды, электронныя праектары і магнітафоны, відэакасеты і дасканалыя каляровыя фільмы, а з другога — нейкія малапісьменныя бабулі з наборам банальных міфаў, быліц і звычак,— старыя, што ўпартяцца, аднак, бы дзеці.

Цікава, якая ў іх унутраная патрэба для такога супраціўлення прагрэсу, на што яны спадзяюцца? Адкуль чэрпаюць сілы для барацьбы у так неспрыяльных для сябе ўмовах? Што за механізмы імі кіруюць? Гэта — з аднаго боку.

Бо з другога боку я быў перакананы — для тлумачэння іхніх паводзін дастаткова лагічных аргументаў на людскую дурноту, якая, як даўно вядома, не мае граніц.