Зрэшты, чорт яго ведае, мажліва, яны валодаюць ісцінай, якую зразумець я не дарос? Мне ж не спасцігнуць ужо азоў вышэйшай матэматыкі альбо таямніц сучаснай квантавай фізікі і застаецца толькі пакланяцца людзям, якія з гэтым запанібрата.
Адным словам, калі спатыкаюся з царкоўнікамі, кожны раз сабе думаю — ну, цяпер ужо іхнюю закавыку, напэўна, раскушу. Быць таго не можа, каб зноў нічога не выйшла.
Новыя звесткі пра Белую Даму
Былых манашак я застаў у саборы — працавалі там прыбіральшчыцамі.
Набліжаўся вялікдзень. За пузатымі падсвечнікамі, у якіх над густым частаколам свечак тырчэлі залатыя матылькі агеньчыкаў,— шырозныя сталы з боханамі пірагоў, з кошыкамі яек — чырвоных, сініх ды стракатых; іх веруючыя навалаклі для асвячэння.
Дабро на сталах зводдаль вартавалі апухлыя дзве бабулі з абросшымі шэрым пушком падбародкамі, у аднолькавых халатах, з аднолькавымі ўхваткамі. Вартаванне ім не перашкаджала зладжана, ва унісон рэцытаваць акафіст:
— Ангелов творче и Господи сил, отверзи ми недоуменный ум и язык на похвалу пречистого Твоего имени, якоже глухому и гугнивому древле слух и язык отверзь еси и глаголаша зовый таковая. Иисусе пречудный, Ангелов удивление! Иисусе пресладкий, патриархов величие! Иисусе преславный, царей украшение! Иисусе любимый, пророков исполнение!..
Пад пінжаком у мяне быў мікрафон ад службовага дыктафона. Каб не страціць ні аднаго слова малітвы, апарат я незаўважальна ўключыў ды пакінуў так для запісу ўсяе размовы, якую давядзецца мне весці ў саборы.
Перада мной і былі тыя самыя манашкі — сёстры Марыі. Я пачакаў, калі яны скончаць акафіст, затым папрасіў прабачэння ды звярнуўся з просьбай.
Бязлікія бабулі выслухалі мяне пакорліва, але выказвацца не спяшаліся. Нейкі час перапалохана зыркалі адна на адну, і выцягнуць што-небудзь з іх было немажліва.
Толькі паступова жанчын удалося менш-больш супакоіць і дабыць з іх вось што.
Апошняя ігуменша манастыра, матушка Ганна, была яўрэйка (манахіні з гарадскога прытулку ўзялі падкідыша, выхавалі на паслушніцу, потым пастрыглі).
Абедзве старыя шэптам пацвердзілі, што вышывалі. А рабілі гэта са здавальненнем. Ігуменша потым наладжвала выстаўку такіх вышыванняў — праўда і гэта.
Лепшыя работы забіраў архімандрыт з суседняга мужчын-скага манастыра. Калі ж стаў архірэем, работы ўсе перавёз у сталіцу, а манашкі гэтым надта ганарыліся. Дзе ляжыць зараз той клад у шматлікіх ды заблытаных закамарках напаўраз-буранага манастыра, бабулі сказаць не маглі, мажліва, не хацелі.
Толькі адчапіцца ад мяне цяпер было не проста. Я прыклаў усе свае намаганні. Языкі ў бабуль паступова развязаліся. I вось ужо, паддаючыся прыемным успамінам, адна Марыя пахвалілася:
— Калі восенню пачынала цямнець, напаліўшы добра торфам печы, мы адразу — за шыдэлкі, за ніткі і пяльцы ды сядалі вакол лямпы, бы начныя матылькі. Яшчэ дзесьці і цяпер у мяне хусцінка з таго вышывання.
Кабета палезла пад старэнькі халат і вывалакла засціра-ную лапіну. Ага, гэта ўжо бліжэй да справы. Ну, ну, паказвай, што там у цябе?
Я спадзяваўся ўбачыць не менш як слуцкі пояс, таму не мог не выказаць расчаравання:
— Гм, то і на вясковых пасцілках такія самыя ўзоры!.. Яшчэ мая маці, памятаю, такія ткала... На старых андараках дакладна такія і на сценах Каложы нават!.. А чаму ў вас тут усё вышыта толькі чорна-белымі краткамі?!
Другая старая на момант як бы стала звычайнай збядованай бабуляй з вёскі. Яна ўздыхнула, паклала локаць на руку, а шчаку падперла кулаком другой рукі ды задумалася.
Праз хвіліну растлумачыла:
— Бо такі наш свет. Гляньце, то ўраджайны рок, то няўраджайны. То бяда ў цябе і хваробы, то адпусціць, каб ты крыху падыхаў. То цёмная сіла верх бярэ, то анёлы...
Другая Марыя ўставіла:
— I от, скажыце, у царквах, кляштарах ды манастырах кожны божы дзень, кажнюткае свята чытаюць пропаведзі. У іх гавораць, як людзям жыць, як любіць адзін аднаго. Пропаведзі чытаюць, а — як былі грэшнікі, так іх і цяпер поўна. Чаму так, га? Ці гэта яшчэ адная боская таямніца?
Першая не адрэагавала. Толькі, хвіліну падумаўшы, упэўнена да мяне загаварыла:
— Яшчэ вы пытаецеся. У жызні, пане-таварышу, дабро са злом так перамяшаліся, што і сэрцы нашыя парабіліся нават у кратку, а не толькі пасцілкі ды андаракі з вышываннямі. Гэта, бы той казаў, дрэва нашага жыцця.
Я са здзіўленнем паглядзеў на старую — ну і паралелі выдала бабуля, хоць і манашка!