— Маладымі калісьці былі мы ўсе.
— Не сумняваюся. I прыгожымі, вядома. Але ж я ведаю мужчын, якія аж з Мінска прыязджалі, каб адно толькі глянуць на яе, а дзе Мінск, дзе нашае Гродна, уяўляеце? Ведаю напэўна, бо кожны раз мусіў вадзіць іх у манастыр.
— Ах, які вялікі грэх перад Госпадам, што ўводзілі мы людзей у спакусу ды аж такую страту! Мабыць, каторы раз сястра праз няўвагу спаць клалася не на левае вуха. Спакусіцель якраз тады і нашэптвае чалавеку сваё!
— О-о, з-за гэтага я ніколі не кладуся на правае! — сур'ёзна адзначыла другая.
Зрабілася смешна. Бабулі ані крыхі не сумняваліся — на жаночыя чары здольныя і яны.
— Што вы, мы не ў крыўдзе былі! Вам яшчэ тады дарава-лі, не перажывайце! Мажліва, яна якраз і хацела пакахаць?
Старыя з жахам пераглянуліся.
Праз хвіліну, павучаючы мяне зноў, адна сказала:
— Святы апостал Павел наказваў нам клопат аб целе не пераўтвараць у цялесны блуд. Мы трымаліся вучэння святога апостала. А Кацярына ЯГО не паслухала. Затое і мэнчыцца.
Другая мсціва дадала:
— А што яна сабе думала? Цяпер доўга будзе так!
— Каб толькі яна — тае бяды. Але ж яны іншых таксама мэнчаць! Бачыце, і цяпер, кажуць, з'яўляецца ды ўсіх палохае! А сястра Ганна ведала, асалода цялесная — тленная ды мімалётная, таму спакусе не паддавалася.
— Цяпер, кабеткі, мне ўсё ясна. Дзякуй, растлумачылі. Але дзе тая Ганна зараз?
— У тым манастыры, куды вывезлі з ігуменшай, як усіх высылалі. У Жыровіцах яна, за Слонімам. Не стала манастыроў цяпер, кажуць, увогуле. I зараз, напэўна, манашка ў тых Жыровіцах, бо не было чуваць, каб Гасподзь да сябе яе забраў. Дый век у яе яшчэ зямны...
Напарніца ўздыхнула:
— Даўно-даўно сястру Ганну не бачылі! Жывая надта была і непаслушная, але мы яе любілі. Дзякуем, што напомнілі,— маліцца будзем сёння за яе.
Што-небудзь выціснуць ад бабуль больш не ўдавалася.
Я перадаў просьбу рэстаўратараў. Папрасіў хоць адну з іх схадзіць да нашых хлопцаў. Тады накіраваў да трэцяй манашкі — сястры Сафіі, уставіўшы пакрыёму ў дыктафон новую бабіну.
Сястра Сафія дае адпор
Гэтая старая кабета была зусім іншая. Аніякай прыбітасці, ні комплексу. Нават апранутай была зусім іначай. На сабе мела сачок з чорнай цыгейкі, а на галаве — шаляноўку з тоўстай шэрай воўны. Скуласты яе твар з мясістым кірпатым носам ды маленькія непрязныя вочкі нічога добрага не абяцалі.
Я даў жанчыне дзень добры. Назваў сябе. Каб задобрыць, купіў аж шэсць тонкіх свечак. Яшчэ купіў пару просвірак, на што яна груба кінула:
— Мужчына, толькі гэтыя просвіркі — не да піва!
— Што вы, што вы! — разгубіўся я, адразу зразумеўшы,— кабеце, чыя крама знаходзілася на цэнтральнай вуліцы горада, неаднойчы даводзіцца гэтак талкаваць маладьгм дурням, якія ў святым сімвале бачаць першым чынам арыгінальную закусь — з малюначкам нейкай маладзіцы з дзіцем на руках.
Паказаўшы ёй, што выдатна ведаю, для чаго служаць просвіркі, прыступіў да роспытаў:
— Сястра Сафія, ці помніце выпадкі, калі ў калідорах вашага манастыра ці кляштара, які так і гэтак у горадзе называюць, з'яўлялася калісьці Белая Дама?
Манашка нічога не зразумела. Я дадаў:
— Здань такая. Бытта ноччу, ахутаная ў белае, трымцела перад вамі, блішчэла пярсцёнкамі на пальцах...
Цяпер вочкі з-пад выцвілых брывоў апяклі мяне варожым агнём. Кабета буркнула:
— Наша абіцель высвечаная ў даўнія часы самім супрасльскім архірэем. Уладыка Аляксей, у міру Дубовіч, скрапіў яе свянцонай вадой. Таму Гасподзь бярог нас ад рознай нечысці і такога, што вам нехта наплёў, мы чуць ці бачыць не маглі.
— Не-е?!
— Не было і не будзе такога! Нават гаварыць пра гэта — ерась!
— От табе і маеш.
Выдаваць сясцёр Марыяў штосьці перашкаджала. Хвіліну я думаў, з якога боку падступіцца да кабеты зноў.
— А вы ў манастыры знаходзіліся ўвесь час? Не магло так быць, каб вас не было ў ім год ці два?
Кабета пытанне збыла маўчаннем.
— Бо і студэнткі, якія пасля вас жылі ў келлях, гавораць якраз пра нейкую здань, што ноччу з'яўлялася перад імі — трымцела ды хісталася ў калідоры, бы п'яная.
Старая ад абурэння аж пачырванела.
— Яны і не такое маглі сказаць! Бо вашыя студэнткі, як адная, бязбожніцы ды гулякі! Ім толькі танцы з трындамі-рындамі ды розныя кіны наўме былі! У боскай абіцелі бесса-ромныя распусніцы хадзілі з аголенымі рукамі, са спадніцамі да калень ды гігікалі, мужыкоў зазываючы! Цьфу, цьфу, цьфу! Апостал Павел казаў: «Цела нам дадзена не для блуда, для Госпада!» Гэтага дурніцам у вашых інстытутах ніхто не ўталкоўвае, і яны толькі сорам ды пустоту насілі ў сваіх душах, а замест галавы мелі качаны капусты на плячах! Вядома, да чаго магло гэта давесці — Гасподзь цярпеў, цярпеў ды і паслаў на іх пакаранне страхам! Шчэ не тое будуць мець — недарма чортавай пячаткай усе адзначаныя!