I яшчэ збіралася штосьці выліць на студэнтак, але я слоўны яе фантан абарваў:
— Сястра Сафія, сястра Сафія, навошта гаварыць так пра маладых, яны ж — дзеці нашыя!
— Але, але, вашыя! Бо я дзяцей сваіх, дзякуй Богу, не мела, мае не грашылі!
Тут мяне ўзарвала:
— А-а, то вы і ў манастыр, мабыць, пайшлі, каб не пабрудзіцца і адразу ў рай трапіць, так? Вы, хітрая, выбіралі, дзе лепш! Але ж былі б такой добранькай у міру, прыносілі б ка-рысць грамадству, не хаваючыся ў сваю абіцель на гатовенькі хлеб, не чакаючы ўзнагароды ад архангелаў у небе,— напэўна, цяжэй было б!
Надзіва, кірпатую бабулю гэтым не абразіў ані крыхі.
Якраз павалілі багамолкі па свечкі.
— Хлебам мяне кармілі не вы. Дабывала яго ў кляштары сваімі рукамі. Мазалямі ўласнымі яго дабывалі ўсе — жылі там не беларучкамі, бо паводле Святога пісання: «Хто працаваць не хоча, той і не есць!» — кінула непрыязна.
Крыху падумаўшы:
— Чаму гэтым небыліцам не веру? Бо перад ноччу пра такія справы гаварыць не хачу і не буду — такое паскудства, як вядома, не спіць! Такую агіду перад ноччу лепш не чапаць!
Манашка таропка перахрысціла сябе, затым дзелавіта зморшчыла свой мясісты, са старэчымі лішаямі лоб, робячы старанна падлікі за тавар. Пра мяне забылася.
Больш не было чаго тут тырчэць.
Асколачкі чалавецтва і бязлітасны свет
Збіраўся я пакінуць сабор ды ў прытворы натрапіў на манашку, што да рэстаўратараў не пайшла. Маючы часу дастаткова, адчуваючы ўсё нядосыт ад разведкі, вырашыў яшчэ і з ёй пагаварыць:
— Прабачце, зноў мушу звяртацца да вас. Сястра Сафія кажа, белай здані ў манастыры ніколі не было. Нават, кажа, і быць не магло, бо абіцель вашая самімі архірэямі высвечаная. Бытта бы так не бывае, каб пасля высвячэння ў будынках манастырскіх з'яўляліся ўпыры розныя ды нячыстая сіла. А яшчэ сястра Сафія заявіла, нават гаварыць пра такую з'яву — ерась.
Маленькая старая на хвіліку як бы задумалася, падбіраючы словы. Затым зыркнула туды, дзе прылавак са свечкамі, ды з абурэннем пыхнула:
— А яна такая! Калі служылі ў абіцелі, хадзілі па бальніцах. Бачыш, што старая ўжо канчаецда, а ў яе нікога няма, прыстаеш да такой ды дапамагаеш адысці ў іншы свет. Бо так цяжка паміраць адзінокаму чалавеку. Ісус з'яўляўся на зямлю, каб навучыць людзей любіць адзін аднаго! Ігуменша вучыла нас запальваць лампаду любві да бедных і пакрыўджаных. Абкружаныя спагадай, бабулі і адыходзілі на той свет. Сафія з намі ніколі не хадзіла. «Я не служанка ім!» — казала яна. Яна ніколі ні ва што не верыла, нікога не шкадавала, ні з кім не сябравала. Не верыла нікому калісьці, не дае веры, не шкадуе і цяпер! А найбольшая ерась — не верыць у справы чарадзейныя, не даваць веры людзям!
Старая не супакойвалася:
— Як гэта — «не магла з'яўляцца», што яна вярзе? Магнат-ка Кацярына Валковіч святое месца апаганіла, таму і святасць у абіцелі страціла сваю моц,— на сабе кожны дзень адчувалі ды заўсёды гаварылі аб гэтым! А думаеце, чаму мірскія нас лёгка так адтуль выселілі? Дзе такое відна, каб святое месца можна было закрыць проста так, калі толькі ўздумаецца каму-кольвек! Лёгка выселілі з-за гэтай самай прычыны! Нават гром не грымнуў! Нашая ігуменша, царства ёй нябеснае, збіралася абіцель высвяціць другі раз, я добра памятаю пра яе намер, але матушцы ўсё рукі не даходзілі. А тут і войны пайшлі — адна, другая, трэцяя... Што зробіш, гэтак было ўгодна Госпаду, хай свяціцца імя яго вавекі, аман. Мы хвіліну пастаялі.
Падвялы, увесь у пушку тварык старой раптам распра-мянеў ад прыемных успамінаў. Далей загаварыла з уміленнем:
— Так вам цікава пра наш манастыр?
— Як бачыце.
— I пра здань пыталіся... Даўнінай цікавіцеся... Мо вы і вершыкі складваць умееце, бо такія людзі і гэтым займаюцца? Мая Ніна, што пайшла ў ваш музей трапезную інжынерам паказваць, ладныя вершыкі таксама стварала!
Старая адвяла мяне крыху ад людзей, прадоўжыла:
— Вы нас пакінулі пасля гутаркі і сабе пайшлі да Сафіі, а мне ўспомнілася ўсё. Вершы яе на вум прыйшлі. Адзін сястра прыдумала спецыяльна для мяне, зараз і вам прачытаю. Бо, ведаеце, у міру мы родныя сёстры. Толькі я — Оля, а яна — Ніна. Шчэ ў царскую вайну нас ігуменша, царства ёй нябеснае, падабрала аднаго ранку. На вуліцы каля Гараднічанкі знайшла, бы калісьці на бруку падабралі і самую матушку ігуменшу, царства ёй нябеснае яшчэ раз. А калі Ніна навучылася рабіць вершыкі, прыдумала і пра мяне. Так файно сачыніла, так гладка, бо ўсе людзі кажуць, складальніца з яе вельмі здатная. У той самай трапезнай, якую мы ўпаміналі, я сёстрам і расказвала. Ды не адзін раз вершык той ім расказвала...