Апошні ідыёт, хто, жадаючы працэс паскорыць, не стварае бабулям адпаведных умоваў, а бурыць бязлітасна манастыры, перасяляе вунь манашак ды гэтак здзекуецца з іх.
Не можам даць бабулям нічога лепшага — няхай сабе дажываюць у ілюзорным свеце продкаў. Няшчасныя асколачкі майго шматпакутнага народа, якія напаткалі ў жыцці толькі жорсткую нядобразычлівасць, паступова адыдуць у небыццё са сваёй суровай эпохай. Будзем жа міласэрнымі. Весці з імі ідэалагічную ці якую-небудзь іншую вайну — не разумна і не гуманна.
Раздзел другі
Жахлівы скарб і некампетэнтны прафесар
Пасля сабора я набліжаўся да свайго музея ды падбіраў словы супрацоўніцам.
— Ну, радуйцеся, праверыў — манашак дапытаў і некаторыя пра Белую Даму пацвердзілі! Праўда, адна з'яву высмеяла, але прыслухаемся да большасці. Такім чынам, будзем лічыць, што здань у кляштары-манастыры — прапісана! Здань наша ўласная, ніхто яе не можа адабраць ад нас! Усіх вас цяпер чакае вялікі поспех — нават з-за мяжы паваляць турысты. Будуць ехаць, ісці, валам валіць, а вы, дзяўчаткі, адно рыхтуйце як след экспазіцыі, збірайце экспанаты! Збірайце ды павялічвайце фонды! Вывучайце літаратуру, самі вучыцеся, сваім хлопцам спуску не давайце, каб не адставалі ад вас — справа зараз толькі за вамі!
Але ў музеі чакала другая навіна.
Мой даўні знаёмы, прафесар анатоміі з медінстытута — Армэн Мікалаевіч Габузаў — з радасцю, бытта справа ішла пра знойдзеныя горы золата, аб'явіў здалёк:
— У вас тут, дарагі, склад касцей адкрылі, куды вы зніклі?! Гэтага дабра цэлыя завалы ў вас ляжаць, уяўляеце сабе? Я прыкінуў — чалавек шэсцьсот пахавана ў склепе! У засеку метраў дзесяць на дзесяць, а вышынёй — на два паверхі! Трапляліся косці свежыя, з даваенных часоў, але большасць — з пахаванняў у два, тры стагоддзі таму ды ўсе амаль жаночыя!
Я насцярожыўся. Не хапала яшчэ клопатаў, каб мець справу з крыміналістамі.
— Не-е, крымінальнай сенсацыі не чакайце, мой дарагі! — зразумеў адразу маю трывогу прафесар.— Ніхто нікога тут не расстрэльваў і не рэзаў! Хутчэй за ўсё, натуральнай смерцю памерлі. Няма на іх слядоў ад куляў, стрэлаў, толькі зрэдку — звычайныя бытавыя траўмы ды пераломы.
— Вы ўпэўненыя?
— У гэтым разбіраюся, можаце не сумнявацца. I дзіцячыя не спатыкаюцца. Лічба страшнай на першы погляд здаецца. Калі па два целы туды класці ў адзін год, то за трыста — акурат столькі і набярэцца, арыфметыка простая.
Выгляд незвычайных «экспанатаў» мяне загіпнатызаваў. Я не адводзіў ад іх вачэй.
— Не ведаю, прафесар. I не могуць адказаць на гэтае пытанне мае супрацоўнікі.
— Мажліва, так прынята ў манастырах?
— Пра гэта ведала ігуменша, а дзе ты яе цяпер возьмеш?
— Даведацца — ваш клопат, мой дарагі, вы і пацікаўцеся. Умовы для целаў тут ідэальныя, таму косці і не рассыпаліся, з гэтага боку ўсё натуральна.
— Армэн Мікалаевіч, як вы гэтак спакойна можаце разважаць! — абурыла мяне.— Гэта ж — не камяні! Усе костачкі былі калісьці людзьмі — вы іх вечны сон патрывожылі!
— Для навукі, мой дарагі, для навукі! I вы толькі паўзірайцеся, якія чысценькія! Нават без найменшага знаку разлажэння — малюначак, а не косткі! Ведаеце, дзякуючы вам экспанатамі цяпер я забяспечаны на сто гадоў, а то і болей! Зараз напоўнім усю тару, завалачэм да сябе на сцелажы і стану самым багатым загадчыкам кафедры анатоміі ў рэспубліцы,— ай да я! А ўсё — дзякуючы вам! Вы, вядома, не супроць, каб мы іх забралі адгэтуль?
— Зрабіце ласку!
— Так і думаў!
— Буду рады, калі падчысціце месца!
— Як бачыце, ужо дзейнічаю!
I праўда, яго студэнты ў белых халатах складвалі ў адныя скрынкі косці бярцовыя, у другія голеневыя і тазабедраныя,— усе сухія, лёгкія і звонкія. У белую стружку старанна пакавалі жаўтавата-арэхавыя, зграбнай канфігурацыі і невялічкія чарапы. Ды рабілі гэта ахвотна, з азартам. А мне, не прызвычаенаму да такога відовішча, і далей страшна было на «экспанаты» ўзірацца — на жудасны аскал зубоў і вя-лізныя цёмныя правалы ў месцах вачэй.
Кожная костачка насіла на сабе калісьці чалавека, які гэтак жа, як ты, дыхаў, радаваўся, перажываў, да нечага імкнуўся, кахаў, змагаўся ды, напэўна, не мала цярпеў. I ад так багатага мінулага — хоць бы слядочак.